Экспазіцыя пад назвай «53 / 27» Ільі Гічана ў галерэі «Арт-Фабрыка» дазволіла пазнаёміцца з новымі творамі мастака, якому блізкія прыродны пейзаж, нацюрморт і анамалістыка. Калі раней ён часцей выступаў як жывапісец, то апошнім часам найбольшую ўвагу прыцягвае да сябе яго скульптура. Нават яго поспехі мінулых гадоў — у тым ліку на «Асеннім салоне» — звязаны менавіта з гэтым відам выяўленчага мастацтва.
Канцэпцыя выстаўкі мае сваёй перадумовай тое, што работы Ільі Гічана даюць яму штуршок да візуальнага самапазнання. Праз іх аўтар запрашае гледача да дыялогу аб тым, якім яму бачыцца мінулае краіны, як тыя ці іншыя ўстаноўкі ўплываюць на жыццё сучасніка, і засяроджваецца на тэме культурнай памяці. Зразумела, ледзь не кожны беларускі мастак так ці іначай працуе менавіта ў гэтым кірунку, аднак не ўсе імкнуцца асэнсаваць, якую ролю адыгрывае культурная памяць у фарміраванні светапогляду чалавека і ў наладжванні камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў. Ілья Гічан робіць спробы разгледзець, напрыклад, асаблівасці фарміравання культурнай памяці, а галоўнае, што яго цікавіць, — прынцыпы яе ўплыву на асобасную ідэнтычнасць.

«Нацюрморт з калаўротам», 2025 г.
Між тым разважае ён аб гэтых складаных пытаннях у такіх творах, змест якіх, асабліва паасобку, здаецца цалкам зразумелым — што могуць хаваць у сабе прыродныя пейзажы ці вясковыя нацюрморты? Аднак і мастацкія рашэнні, да якіх прыйшоў аўтар, матывы ды ідэі, што аб’ядноўваюць карціны і скульптуры, прага паказаць мінулае не з-за настальгіі і не з жадання праславіць далёкія часы ды іх герояў, а ў якасці істотнага фрагмента карціны сучаснасці — усё сведчыць аб глыбокіх роздумах мастака і, безумоўна, аб прадуманасці канцэпцыі выстаўкі. Яе назва, дарэчы, усё ж тлумачыцца: гаворка пра знакаміты касмічны зонд «Вояджэр-1», які нясе на сваім борце залатую пласцінку, прызначаную пазнаёміць з рознымі народамі... «53.9, 27.5667» — каардынаты Мінска, сталіцы дзяржавы, культурнага цэнтра.
Разважаючы пра тэму памяці і яе ўплыву на сучаснасць, немагчыма не закрануць паняцця часу. На выстаўцы «53 / 27» прысутнічае шэраг работ, у якіх можна знайсці стаўленне мастака да хады часу. Галоўная з іх — скульптура «Час» (2025) з дрэва і металу: з імі мастаку, відавочна, найбольш цікава працаваць. І хоць назва нагадвае гледачу пра касмічны апарат, ды гэты твор з выгляду не мае ніякага дачынення да невядомасці космасу, а ўяўляе сабой не самы звычайны макет марскога судна. Вобраз карабля адсылае гледача і да вядомых міфаў (у першую чаргу прыгадваецца гісторыя Ноева каўчэга), і да сімволікі Зямлі, якая зноў-такі плыве ў бязмежным космасе. А для творцы гэты карабель, які, апроч іншага, ілюструе хаду часу, — найперш сімвал дома, мала чым абароненага... Аднак менавіта ён крыніца мары і надзеі, і толькі адчуванне свайго дома можа падарыць чалавеку свабоду і незалежнасць, любоў і веру.



«Taurus», 2024 г.
З-за такой прэзентацыі выстаўкі Ільі Гічана ў чытача можа скласціся адчуванне, што знаёмства з яго творамі патрабуе шматлікіх разумовых высілкаў. Можа, яно і так, але аўтар дакладна не дасць засумаваць і ведае, чым парадаваць і нават замілаваць.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара