Top.Mail.Ru

69 ваеннаслужачых МУС сталі ўладальнікамі чорнага берэта

Выпрабаванні прайшлі на пляцы Цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС. У чарговым кваліфікацыйным іспыце на права нашэння гэтага галаўнога ўбору, які з’яўляецца сімвалам найвышэйшай самааддачы, мужнасці і сілы духу, удзельнічалі 95 чалавек, у тым ліку дзяўчаты. Чатыры з іх сталі ўладальніцамі чорнага берэта. 


Па традыцыі запаветныя берэты вартавыя правапарадку атрымалі з рук міністра ўнутраных спраў.

«Я ганаруся, што ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў ёсць такое спецпадраздзяленне як атрад міліцыі асаблівага прызначэння, — адзначыў Іван Кубракоў. — Гэтыя хлопцы сапраўды гатовы выканаць любую задачу. Пачуццё локця, падтрымка, карпаратыўнасць — тое, што адрознівае АМАП. Як бы цяжка ні было, яны заўсёды побач».

Кіраўнік міліцэйскага ведамства звярнуў увагу на тое, што паласу перашкод праходзяць па чатыры чалавекі. «І калі нехта адстае, рухацца далей яму дапамагаюць таварышы, — удакладніў ён. — Гэта як у рэальнай сітуацыі, калі супрацоўнікі выконваюць баявыя задачы. На першы план выходзіць здольнасць своечасова падстрахаваць партнёра. Здача на чорны берэт — складанае выпрабаванне. Атрыманыя супрацоўнікамі сінякі і раны пройдуць, а гэты дзень запомніцца на ўсё жыццё. Перакананы: яны з гонарам будуць насіць чорны берэт!»

У той час, калі ваеннаслужачыя праходзілі кваліфікацыйны іспыт, Цэнтр падрыхтоўкі кадраў МУС наведала дэлегацыя Савета Рэспублікі. 

Неад’емным складальнікам падрыхтоўкі міліцыянераў да нясення службы з’яўляюцца тактыка-спецыяльныя вучэнні. Некалькі ўводных байцы спецпадраздзяленняў адпрацавалі ў прысутнасці гасцей. Прафесійна, зладжана і хутка дзейнічаючы ў розных сітуацыях, вартавыя правапарадку паказалі: рэакцыя на выклікі і пагрозы будзе імгненнай. Аб моцы органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС таксама сведчыла выстава тэхнікі і ўзбраення.

Кульмінацыяй візіту стала дэманстрацыя фільма «У адзіным страі». У аснове сюжэту — подзвіг батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава, гісторыя развіцця Цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС і шматлікія ідэалагічныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў ведамстве.

Напрыканцы адбылася экскурсія па навучальным корпусе. Удзельнікі дэлегацыі высока ацанілі матэрыяльна-тэхнічную базу, адзначыўшы: створаныя ўмовы і абсталяванне — надзейная аснова для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю