Раство Хрыстова — сямейнае свята, сагрэтае пачуццямі згоды і ўзаемнай павагі, дорыць мільёнам людзей надзею на шчаслівую будучыню. Ціхая калядная ноч дапамагае забыць крыўды і спрыяе ўзнікненню шчырай міласэрнасці, натхняе кожнага хрысціяніна на добрыя ўчынкі і карысныя справы.
У праваслаўных храмах 6-га і 7 студзеня праходзяць святочныя богаслужэнні.
Велічны духоўны сэнс падзеі, якая адбылася ў Віфлееме шмат вякоў таму, застаецца актуальным і ў нашы дні. Цуда нараджэння Ісуса Хрыста сімвалізуе перамогу вечных каштоўнасцяў, якія так неабходны чалавецтву сёння.
Тайна нараджэння Ісуса — сімвал прадаўжэння жыцця
Па распараджэнні рымскага імператара Аўгуста (Актавія) быў арганізаваны перапіс насельніцтва. Марыя і Іосіф Абручнік павінны былі ісці ў Віфлеем, каб унесці свае імёны ў спіс. Усе гасцініцы і заезныя двары Віфлеема былі перапоўнены. Марыя і Іосіф змаглі знайсці начлег толькі ў пячоры, што выкарыстоўвалася ў якасці хлява для жывёлы. Менавіта тут і наканавана было нарадзіцца Збавіцелю свету.
Першымі людзьмі, якія прыйшлі пакланіцца Збавіцелю, сталі пастухі. Да якіх з’явіўся анёл і паведаміў радасную вестку. Следам на паклон прыйшлі ўсходнія мудрацы — вешчуны, якіх да нованароджанага немаўляці прывяла Віфлеемская зорка, што загарэлася на небе. Яна спынілася і апусцілася зусім нізка над пячорай, дзе было немаўля — Ісус. Вешчуны пакланіліся немаўляці і яго маці, а затым паднеслі падарункі.
Прыйшоўшы ў свет у сціплай пячоры, Хрыстос паказаў, што сапраўдная веліч заключаецца не ў гордасці, а ў служэнні. Гэта служэнне любові, якое мы можам праявіць праз дапамогу блізкім, клопат аб пакутных і вернасць запаведзям божым.
Раству Хрыстову папярэднічае 40-дзённы Калядны пост (з 28 лістапада да 6 студзеня). Галоўнае ў гэтыя дні не толькі ўстрыманне ад скаромнай ежы, але і духоўнае ачышчэнне, малітва, добрыя справы.
На Багатую Куццю, або святы вечар напярэдадні Раства (6 студзеня), у даўніну да з’яўлення першай зоркі стараліся нічога не есці. Увечары запальвалі ў акне свечку як сімвал чакання Бога і адкрытай для яго душы.
На Куццю яшчэ выконваецца пост, для сямейнай вячэры гатуюць адпаведныя стравы. Галоўнае на стале — куцця з распараных зерняў пшаніцы, ячменю з мёдам, макам, разынкамі.
7 студзеня пост заканчваецца. На святочны стол падаюць запечаную гусь з яблыкамі, халоднае, пірагі, дамашнія каўбасы, узвар. Паколькі Раство лічыцца сямейным святам, адзначаць яго прынята ў коле блізкіх людзей.
Дванаццаць наступных дзён пасля Раства (да 19 студзеня, Вадохрышча) называюцца Каляднымі святкамі (Калядамі). І гэта не толькі пра радасць, весялосць і цуды, у гэтыя дні людзі заклікаюцца «свяціць», асвятляць жыццё справамі міласэрнасці.
Адна з самых старажытных традыцый, якая жыве па сённяшні дзень, — вясёлыя пераапрананні, хаджэнне па вёсцы пад сімвалічнай Віфлеемскай зоркай, груканне ў дзверы кожнай хаты, спяванне калядак, збор пачастункаў у калядныя мяхі. Сяляне вельмі верылі ў тое, што добрую будучыню ў хату прыносяць калядоўшчыкі.
У кожным з беларускіх рэгіёнаў існавалі свае асаблівасці калядавання, але агульнае — калядоўшчыкі абавязкова пераапраналіся ў персанажаў-жывёл.
Традыцыйныя фігуры — Каза (сімвал плоднасці), Мядзведзь — ідзе ад культу татэмных жывёл, яго раней лічылі лясным чалавекам, абаронцам людзей. Вобраз Бусла — таксама наш, беларускі. Са старажытнасці ідзе асаблівая павага да гэтай птушкі — яе нельга было крыўдзіць, гнаць. Месца, дзе бусел сяліўся, лічылася асабліва шчаслівым, добрым. Героямі пераапрананняў была Ліса, Анёл, Дзед з Бабай і, вядома ж, Механоша — чалавек, якому даручалася асабліва адказная місія: збіраць пачастункі ад гаспадароў хат і насіць часам вельмі нялёгкую здабычу на сваіх плячах ці карку.
Народныя прыкметы
-
Нашы продкі верылі, што калі ў гэты дзень што-небудзь страціць, то варта чакаць страт у бягучым годзе. Ну, а калі знайсці што-небудзь, асабліва, калі гэта ўпрыгажэнне, то будзе дастатак увесь год.
-
Прыкмячалі, калі ў калядную ноч завея, пчолы будуць добра раіцца; шэрань — да багатага ўраджаю збожжа; яснае зорнае неба — у лесе будзе шмат грыбоў і ягад.