80 новых камбайнаў адправіліся ў гаспадаркі Мінскай вобласці

Аўтар: Данііл Хмяльніцкі
08.05.2025 | 18:01

Каб бітвы былі толькі за ўраджай.



Напярэдадні свята Вялікай Перамогі 80 сучасных энерганасычаных збожжаўборачных камбайнаў айчыннага вытворцы былі перададзены гаспадаркам Міншчыны. Гэта сапраўды добры падарунак для аграрыяў рэгіёна, якія змагаюцца за добры ўраджай, забяспечваючы харчовую бяспеку нашай краіны. Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы новых камбайнаў узялі ўдзел старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка і генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Новікаў. «Звязда» далучылася да святочнага мерапрыемства і даведалася аператыўную інфармацыю з сяўбы.

«Наша задача — забяспечваць харчовую бяспеку і моцную эканоміку»

«Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі мы перадаем сучасныя беларускія камбайны ў сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці, — звяртаючыся да аграрыяў, заявіў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. — Кожны камбайн упрыгожаны Сцягам Перамогі, які служыць напамінам, што сёння мы вядзём бітвы толькі за ўраджай, выпускаючы на палі мірную тэхніку, працуючы на сваёй зямлі і забяспечваючы харчовую бяспеку нашай краіны».

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што 2024 год стаў знакавым для цэнтральнага рэгіёна: «Кожнае чацвёртае беларускае зерне было сабрана на палях Міншчыны. Нясвіжскі, Мінскі і Слуцкі раёны пераадолелі 200-тысячную планку, стаўшы рэкардсменамі краіны, а камбайнёры Дзяржыншчыны на айчыннай тэхніцы намалацілі больш за 6 тысяч тон збожжа. Іх прыклад — гэта мірны подзвіг, годны памяці гераічных продкаў». 

Паводле слоў губернатара, стварэнне дастойных умоў працы, прыцягненне моладзі і рост даходаў з’яўляюцца першараднымі задачамі для развіцця аграпрамысловага комплексу Міншчыны: «Сённяшняя акцыя — гэта чарговы крок у іх вырашэнні. Мы і далей будзем пастаўляць сучасную тэхніку ў гаспадаркі рэгіёна. Тэхнічнае пераўзбраенне разам з заработнай платай работнікаў сельскай гаспадаркі вобласці (дарэчы, яна складае ўжо больш за дзве тысячы рублёў) дазваляе з упэўненасцю глядзець у будучыню і разумець, што задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам нашай краіны, будуць выконвацца».

Ветэраны абаранілі нашу незалежнасць падчас вайны. А наша задача — забяспечваць харчовую бяспеку і моцную эканоміку для таго, каб мірнае неба заўсёды было над нашымі галовамі, адзначыў у размове з журналістамі Аляксей Кушнарэнка: «Аграрыі Міншчыны разумеюць гэту задачу і зробяць усё для таго, каб яе выканаць. Ужо зараз мы скончылі яравую сяўбу збожжавых культур, рапсу, лёну. Было пасеяна 90 % кукурузы. У бліжэйшыя дні плануем завяршыць гэтую сяўбу. Словам, будзе зроблена ўсё, у тым ліку з выкарыстаннем айчыннай тэхнікі, каб сталічны рэгіён атрымаў годны ўраджай». 

Кіраўнік вобласці нагадаў: летась валавы збор збожжавых, зернебабовых культур і кукурузы склаў 2 мільёны 200 тысяч тон: «Ну і, вядома, мы перад сабой ставім задачу перавысіць лічбы мінулага года». 

Камбайны са знакам якасці!

Ад машынабудаўнікоў краіны і 14-тысячнага калектыву ААТ «Гомсельмаш» аграрыяў цэнтральнага рэгіёна вітаў генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў: «Штогадовая перадача тэхнікі холдынгу аграрыям Мінскай вобласці стаў ужо добрай традыцыяй. Перадача 80 камбайнаў „Гомсельмаша“ сімвалічная, бо яна праходзіць напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі. Жадаю вам добрых ураджаяў, каб наша тэхніка не падводзіла вас у палях, моцнага здароўя і мірнага неба над галавой», — пажадаў Аляксандр Новікаў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі кіраўнік найбуйнейшага прадпрыемства краіны расказаў журналістам, у якіх умовах будуць працаваць аграрыі, якія пераселі на новыя камбайны: «Ужо з мінулага года мы пачалі абсталёўваць усе мадэлі тэхнікі сучаснай кабінай UNI CAB. Яна значна зручней, камфортней. У кабіне устаноўлены кандыцыянер, ёсць і іншыя опцыі — зручнасць кіравання камбайнам, зручнае сядзенне, пнеўмападушка, падагрэў сядзення. Таксама ў камбайн устанавілі халадзільнік: каб механізатар мог у гарачую страду папіць прахалоднай вады».

Зведалі змены электронныя сістэмы «Пачынаем сыходзіць ад стандартных магнітол, так як бартавы камп’ютар ўключае ў сябе практычна ўсе опцыі. Пачынаючы ад банальнага праслухоўвання радыёэфіру, падключэння розных USB-назапашвальнікаў — аж да выхаду ў інтэрнэт пры наяўнасці сувязі».

Тое, што гэтая тэхніка холдынгу зарэкамендавала сябе як надзейная і камфортная, пацвердзіў механізатар ААТ «Вясейскі Пакроў» Слуцкага раёна Алег Бондар, які ад імя ўсіх гаспадарак рэгіёга падзякаваў кіраўніцтву вобласці за падтрымку: «У сваёй гаспадарцы я працую больш за 20 гадоў. З іх — больш за 10 гадоў на тэхніцы маркі „Гомсельмаш“. Яна добра сябе зарэкамендавала. Надзейная, якасная, камфортная — гэта самае галоўнае, што трэба механізатарам».

Сярод тых, хто таксама атрымаў новы камбайн — механізатар ААТ «Скабін» Капыльскага раёна Андрэй Волкаў. Мужчына каля 20 гадоў працуе ў гаспадарцы, правёў больш за 15 уборачных. Апошнія сем мужчына працуе ў пары са сваёй жонкай Таццянай. Яна — памочнік камбайнёра. Дарэчы, бацька мужчыны таксама працаваў механізатарам. «16 гадоў адпрацаваў на адным камбайне, і вось цяпер перасаджваюся на новенькі! У нашай гаспадарцы працуе каля 30 механізатараў, а новы збожжаўборачны камбайн да Дня Перамогі атрымаў толькі я, і гэта вельмі прыемна!» — падзяліўся ўражаннямі аграрый.

«Будзем з хлебам!»

Паводле слоў механізатара, яго самы вялікі рэкорд па намалотах — 1900 тон: «Хацелася б больш, але наша гаспадарка не самая буйная, таму асабліва не разгонішся. Але калі я атрымліваю новы камбайн — значыць, павінны быць і новыя дасягненні. Буду старацца, галоўнае, каб надвор’е не падвяло. А ўсё астатняе забяспечым — будзем з хлебам!»

Тое, што краіна будзе забяспечана хлебам, пацвердзіў і першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў. Паводле яго слоў, вяснова-палявыя работы на Міншчыне падыходзяць да свайго завяршэння: «Ужо завершана сяўба цукровых буракоў, лёну, кукурузы на зерне. Што датычыцца яравых збожжавых, мы скончылі іх сеяць яшчэ ў мінулым месяцы. Сёння працуем над пасевамі кукурузы: засталося пасеяць 10 %. У найбліжэйшыя некалькі дзён асноўны план будзе выкананы. Таксама вядзецца пасеў аднагадовай групы на кармавыя мэты. Гэта работа будзе працягвацца, думаю, да канца мая, бо травы высейваюцца хвалямі: спачатку першая, затым другая. Гэта робіцца, каб не было адначасовага паспявання».

Паводле яго слоў халоднае вясновае надвор’е ўнесла свае карэктывы, нашкодзіла пасевам: «Ёсць пытанні, звязаныя з гібеллю. Замаразкі нанеслі пэўны ўрон, які мы ацэньваем прыкладна ў 16 тысяч гектар. Першая хваля замаразкаў прыйшлася літаральна на канец красавіка — пачатак мая. Заўтра чакаем, спадзяюся, апошнюю хвалю. Пасля яе ўжо будзе вызначана канчаткова, што і ў якіх аб’ёмах трэба перасяваць. У асноўным перасяваць будзем кукурузу, гэтая работа вядзецца поўным ходам, пасевы абследуюцца кожны дзень».

Таксама на парадку дня — падрыхтоўка да ўборкі збожжавых. «Яна актыўна вядзецца, паркі сельгаспрадпрыемстваў напярэдадні Дня Перамогі папоўніліся новай тэхнікай. І з наступнага тыдня, думаю, пачнецца нарыхтоўка траў з першага ўкосу», — паведаміў Васіль Сысоеў.

Па тэмпах сяўбы той жа самай кукурузы Мінская вобласць займае першае месца ў краіне, прычым і па штодзённых, і па агульных тэмпах. «І мы не саступім лідарства, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама. — Мы першымі закрыем план сяўбы. Сёння для нас зерне кукурузы — прадукт стратэгічны. Намалот у 842 тысячы тон у мінулым годзе ў бункернай вазе быў не выпадковы. І мы ні ў якім разе не плануем зніжаць гэтую планку. Гэта дае вынік у тым ліку па жывёлагадоўлі. Мы бачым вытворчасць, павелічэнне вытворчасці малака». 

Васіль Сысоеў канстатаваў — пасяўная выйшла на фінішную рысу: «Мы яе практычна завяршаем. Адпраўка кормаўборачнай тэхнікі ў гаспадаркі вобласці вельмі своечасовая. Мы пачынаем працаваць з першым укосам, ужо закупілі ўгнаенні для падкормкі траў пасля першага ўкосу. Асноўную задачу бачым у зняцці двух укосаў да пачатку масавых уборачных работ і павелічэнні аб’ёму вытворчасці сенажу ў вобласці ў мэтах павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Але за ўсім гэтым стаіць напружаная работа нашых механізатараў. Мне хочацца іх павіншаваць з надыходзячым святам. Глыбока сімвалічна, бо і лічба, і месца, і час правядзення, і аб’ём тэхнікі, які паступае — для Мінскай вобласці зоркі сышліся».

Дарэчы, Міншчына мэтанакіравана апошнія некалькі гадоў працуе ў частцы абнаўлення машынатрактарнага парку і насычэння яе менавіта новымі высокаэфектыўнымі энергетычнымі машынамі. «Такая тэхніка дае выпрацоўку, непараўнальную з тымі машынамі і трактарамі, якія былі ў нас раней, у выніку чаго прадукцыйнасць павялічваецца ў 3-4 разы, а адзін і той жа механізатар практычна замяняе нам 2-3 чалавекі. Работу ў гэтым кірунку мы працягнем у далейшым», — падагульніў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама. 

Усяго па аператыўнай інфармацыі аграрыі Міншчыны пасеялі звыш 430 тысяч гектар яравых культур, 244,8 тысячы гектар кукурузы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю