Top.Mail.Ru

82-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адзначае Рагачоў

Подзвіг герояў-вызваліцеляў — байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі — ушаноўваюць у Рагачове. 


Раённы аўтапрабег, які ўжо не першы год аб’ядноўвае жыхароў і гасцей Рагачоўшчыны, арганізаваны па месцах баявога шляху байцоў воінскіх часцей і падраздзяленняў, што адзначыліся пры вызваленні Рагачова. У аграгарадку Кісцяні прайшоў урок мужнасці пад адкрытым небам, а ў вёсцы Мадора каля капліцы-мемарыяла ў гонар воінаў 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі подзвіг герояў-вызваліцеляў ушанавалі на мітынгу з удзелам вайскоўцаў 120-й асобнай механізаванай Рагачоўскай брыгады.


Як вядома, 24 лютага 1944 года Масква салютавала доблесным войскам 1-га Беларускага фронту, якія вызвалілі Рагачоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У напружаным лютым 1944-га менавіта на Рагачоўскай зямлі быў захоплены Друцкі плацдарм — адзін з тых участкаў, адкуль пазней пачалася аперацыя «Баграціён» 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага. 


У лютым 1944 года камандуючы 3-й арміяй Аляксандр Гарбатаў прапанаваў камандаванню ўзмацніць яго армію, каб, фарсіраваўшы Днепр, войскі змаглі вызваліць Рагачоў. План Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі прадугледжваў 21 лютага пераправу цераз раку, 22-га — вызваленне Рагачова і шэрагу навакольных вёсак, а 23-га лютага — удар на Жлобін з наступленнем у бок Бабруйска. 

У ноч на 21 лютага 8-ы асобны штрафны батальён пад камандаваннем ураджэнца Рагачоўшчыны Аркадзя Осіпава фарсіраваў Днепр у раёне Гадзілавічаў, здзейсніў рэйд у варожы тыл. Гэта быў пачатак Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі. Раніцай 21 лютага 3-я армія перайшла ў наступленне. Пасля артпадрыхтоўкі 22 лютага войскі прарвалі абарону на фронце да 50 кіламетраў і вызвалілі шэраг населеных пунктаў раёна. 


На трэці дзень наступлення 120-я стралковая дывізія ўвайшла ў паўночную частку Рагачова. Раніцай 24 лютага палкі 169-й дывізіі занялі паўднёвую частку горада. Немцы правялі тры контратакі і тры авіяцыйныя налёты, але горад быў утрыманы. Заходняя частка Рагачова была канчаткова вызвалена пазней, падчас Бабруйскай аперацыі ў ходзе «Баграціёна». 25 лютага савецкія войскі фарсіравалі Друць і захапілі плацдарм на правым беразе — ад Касцяшова да Вялікіх Канапліц. Участак прарыву шырынёй 8 кіламетраў уразаўся ў нямецкую абарону на 1,5–3 кіламетры. Баявыя дзеянні на гэтым плацдарме працягваліся да сярэдзіны сакавіка.


Вечная памяць подзвігу савецкіх герояў, якія 26 лютага прынялі ўдзел у захопе плацдарму на правым беразе ракі Друць, байцам 8-га асобнага штрафнога батальёна пад камандаваннем ураджэнца Ціхініч Рагачоўскага раёна — Аркадзя Аляксандравіча Осіпава. Яшчэ на пачатку правядзення Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі камбат Осіпаў атрымаў цяжка выканальнае заданне: ва ўзаемадзеянні з лыжным батальёнам незаўважна для немцаў перайсці лінію фронту, без баявога сутыкнення зайсці ў тыл ворага і прабрацца да заходняй ускраіны Рагачова, захапіць горад і ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл арміі. У выпадку няўдачы з захопам Рагачова або адмены гэтага задання байцам 8-га асобнага штрафнога батальёна даручылі ў тыле ворага актыўна парушаць камунікацыі, сувязь, узрываць масты, па якіх могуць праходзіць гітлераўскія войскі, граміць штабы. Такім чынам, сапраўды, савецкім байцам удалося пасеяць паніку і адцягнуць увагу нямецкага камандавання ад перадавой лініі фронту, дзе пачыналася паспяховае наступленне савецкіх войскаў і вызваленне Рагачова. 


Прыкладаў мужнасці і гераізму воінаў у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі было вельмі шмат. Адзін з іх — камандзір стралковай роты 1092-га стралковага палка 269-й стралковай дывізіі старшы лейтэнант Іван Іванавіч Хмель. Пасля пераадолення Дняпра ён незаўважна вывеў роту да пазіцый ворага і ў момант артпадрыхтоўкі павёў у атаку. У выніку бою рота забяспечыла перакідванне артылерыі па лёдзе. Мужны афіцэр загінуў, пасмяротна ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». На іншым участку прарыву гэтага ж палка таксама Герой Савецкага Саюза — лейтэнант Міхаіл Рыгоравіч Малодзікаў, пераадолеўшы два мінныя палі і драцяныя загароды, пад моцным агнём ворага авалодаў плацдармам, знішчыў гарнізон вузла ворага, кулямётную кропку, адбіў некалькі контратак, захапіў у палон пяцёра праціўнікаў. У баях на Рагачоўшчыне праявіў выключную мужнасць, бясстрашнасць і гераізм — Герой Савецкага Саюза, камандзір роты аўтаматчыкаў 556-га стралковага палка 169-й стралковай дывізіі 3-й арміі 1-га Беларускага фронту Гулям Якубаў. У баях на захадзе ад Гадзілавічаў яго падраздзяленне захапіла плацдарм. Немцы спрабавалі адбіць тэрыторыю з дапамогай танкаў, але нічога ў іх не атрымалася. У баях каля вёскі Турск рота аўтаматчыкаў Гуляма Якубава 8 лютага пры штурме нямецкіх пазіцый была накіравана ў тыл да немцаў. «Якубаўцы» знішчылі тры нямецкія батальённыя пункты кіравання, шэраг гарматных і мінамётных разлікаў, парушылі тэлефонную сувязь, затым сабраліся ва ўмоўным месцы для ўдару з тылу па ворагу. Немцы акружылі байцоў, але савецкія аўтаматчыкі адбілі некалькі нападаў ворага, знішчылі звыш 200 гітлераўцаў. 

Як вядома, у цэлым 13 воінскім часцям і злучэнням за вызваленне Рагачова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было прысвоена ганаровае найменне «Рагачоўскія». Сямнаццаці ўраджэнцам Рагачоўшчыны прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, двум — званне поўнага кавалера ордэна Славы. Усяго Героямі Савецкага Саюза і поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі 59 чалавек, якія праявілі мужнасць і гераізм у баях пад Рагачовам. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота газеты «Свабоднае слова»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю