Top.Mail.Ru

85 кампаній-рэзідэнтаў і 250 тыс. кв. м плошчаў. Якіх вынікаў Мінскі тэхнапарк дасягнуў за 15 гадоў

Аб дасягненнях Мінскага гарадскога тэхнапарка за 15 гадоў яго існавання журналістам расказаў дырэктар тэхнапарка Уладзімір Давідовіч на палях урачыстага мерапрыемства, прысвечанага юбілею, перадае БелТА.


Уладзімір Давідовіч прызнаўся, што ў пачатку рэалізацыі праекта не чакаў, якіх вынікаў даб’ецца тэхнапарк. «Цяпер у нас тры пляцоўкі, чацвёртая будуецца. Агульная плошча будынкаў — 250 тыс. кв. м, у тэхнапарку працуюць 85 кампаній-рэзідэнтаў. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 2025 годзе — больш за 575 млн рублёў, а ў гэтым годзе будзе яшчэ больш. Створана амаль 4 тыс. рабочых месцаў. Думаю, гэта сур’ёзныя паказчыкі. Мы самы вялікі тэхнапарк рэспублікі сярод тых, якія займаюцца хардвернымі праектамі, гэта значыць распрацоўкамі, якія патрабуюць вытворчасці вырабаў з выкарыстаннем абсталявання», — расказаў ён.

Дырэктар адзначыў, што тэхнапарк працуе з невялікімі маладымі кампаніямі, якія займаюцца інавацыйнымі праектамі ў Мінску. Як правіла, гэта прадпрыемствы, якія знаходзяцца на пачатковым этапе развіцця бізнесу.

Цяпер завяршаюцца работы на трэцяй пляцоўцы па адрасе: вуліца Цэнтральная, 47. Паводле слоў дырэктара, адкрыць яе плануюць бліжэйшыя месяцы. Акрамя таго, вядуцца работы на пляцоўцы па адрасе: вуліца Цэнтральная, 46. Там ужо завершаны дэмантаж, хутка пачнецца будаўніцтва. Паводле ацэнкі Уладзіміра Давідовіча, яно зойме каля двух гадоў.

Павіншаваць тэхнапарк з юбілеем прыйшлі людзі, якія ўдзельнічалі ў яго стварэнні. Сярод іх — былы старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, член Савета старэйшын пры Мінгарвыканкаме Мікалай Ладуцька. Ён расказаў, што 15 гадоў таму ў Мінску працавала больш за тысячу вытворчых кампаній, якія выпускалі навукова-тэхнічную і высокатэхналагічную прадукцыю. «Галоўная просьба гэтых кампаній і арганізацый заключалася ў тым, каб для іх стварылі ўмовы. Яны не прасілі грошай або льготных крэдытаў — ім патрэбны былі прыдатныя памяшканні, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням. Таму першым крокам у адказ на запыты прыватнага бізнесу, які валодаў навукова-тэхнічным патэнцыялам, стала рашэнне аб стварэнні Мінскага гарадскога тэхнапарка. Ён павінен быў аб’яднаць такія кампаніі і стварыць для іх умовы для работы», — расказаў ён.

Мікалай Ладуцька адзначыў, што работа з навукова-вытворчым патэнцыялам прыватнага бізнесу Мінска з часам трансфармавалася ў стварэнне ўмоў праз развіццё сеткі тэхнапаркаў у краіне.

На юбілейнае мерапрыемства таксама прыйшлі каля 150 гасцей — прадстаўнікі дзяржаўных органаў, адміністрацый раёнаў Мінска, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, арганізацый-заснавальніц, заснавальнікі тэхнапарка і людзі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у яго станаўленні і развіцці. У праграме былі ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання супрацоўнікаў і іншыя святочныя мерапрыемствы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю