У нядзелю, 9 лютага, спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акцёра тэатра і кіно, народнага артыста СССР Барыса Андрэева (1915–1982), і з гэтай нагоды ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала пакажуць мастацкі фільм «Вялікая сям’я».
Кінастужка (яна ўбачыла свет у 1954 годзе) была знята рэжысёрам Іосіфам Хэйфіцам па рамане Усевалада Кочатава «Журбіны». І на экране мы бачым менавіта гісторыю вялікай сям’і рабочых-суднабудаўнікоў, тры пакаленні якой жывуць пад адным дахам. А значыць, у кантэксце розных жыццёвых сітуацый даводзіцца ўзаемадзейнічаць людзям розных характараў і поглядаў. Напрыклад, малодшы Аляксей сышоў з сям’і, змяніў прафесію, страціў каханую, але знайшоў сілы, каб вярнуць уласнае шчасце.
Увасобіў героя ў кадры Аляксей Баталаў, для якога гэта роля стала кінадэбютам. А вось згаданы юбіляр Барыс Андрэеў зняўся ў кінастужцы якраз у ролі прадстаўніка сярэдняга пакалення сям’і — Ільі Мацвеевіча Журбіна. Адзначым адну цікавую акалічнасць з біяграфій артыстаў: акцёр Сяргей Лук’янаў, які сыграў бацьку героя Барыса Андрэева, насамрэч усяго на чатыры гады старэйшы за Андрэева. А Сяргей Курылаў (роля сына Віктара) нарадзіўся на чатыры гады пазней за свайго экраннага дзеда.
Фільм, дарэчы, стаў лаўрэатам Канскага кінафестывалю ў 1975 годзе ў намінацыі «Найлепшы акцёрскі ансамбль». Убачыць кіно, выпрабаванае часам, на тэлеканале «Беларусь 3» зможам у суботу ў 21.05 і ў паўторы ў нядзелю ў 18.10.