Top.Mail.Ru

90-годдзе Рыгора Барадуліна адзначылі выстаўкай

Рукапісы, дакументы, фатаграфіі, ліставанні з роднымі, сябрамі, калегамі можна паглядзець на выстаўцы... Усё гэта ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.


Як падзялілася куратар выстаўкі, вядучы архівіст Наталля Мізон, дакументы падбіраліся, каб паказаць асобу пісьменніка і час, у якім ён жыў. Напрыклад, лісты, паштоўкі, фатаграфіі падкажуць не толькі, з кім сябраваў Рыгор Барадулін (тут можна назваць Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна), але і тое, як творчая інтэлігенцыя бавіла час, як пісьменнікі жартавалі.

Сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца каля 1700 дакументаў, звязаных з Барадуліным, большасць з іх яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Наталля Мізон расказала, на якія цікавінкі яна звярнула ўвагу пры падрыхтоўцы выстаўкі. Адкрыццём, напрыклад, быў той факт, што пісьменнік звяртаўся ў архіў, каб знайсці дакументы аб даце свайго нараджэння. 

Магчыма, не ўсе ведаюць, што Марк Шагал пісаў вершы — на часовай экспазіцыі прадстаўлены іх пераклады з ідыша, зробленыя Барадуліным. Сябры жартавалі, што Рыгор Іванавіч прадбачыў з’яўленне мабільных тэлефонаў. Яшчэ ў «дагаджэтавыя» часы, калі яму тэлефанавалі, каб высветліць, дзе ён знаходзіцца, Барадулін адказваў, што ўжо едзе ў метро.

Праз запіскі, якія перадавалі класіку падчас розных сустрэч, можна ўбачыць, што хвалявала чытачоў, альбо, напрыклад, як пісьменніку ў 80-я гады ладзілі «праверку» правакацыйнымі пытаннямі пра валютныя крамы, адносіны да сацыялізму ці капіталізму... Звярталіся да яго і з пытаннямі, якія датычыліся сямейных адносін. Між іншым, у дакументах, прадстаўленых на выстаўцы, можна знайсці адказ, як сустрэць, а галоўнае — як зберагчы каханне. Гэта вы ўбачыце з перапіскі паэта з жонкай. Дакументы з сямейнага архіва, дзіцячыя малюнкі і паштоўкі сведчаць, што Рыгор Барадулін быў клапатлівым бацькам і дзядулем.

Пра тое што ён паважліва ставіўся да маці, падчас адкрыцця выстаўкі згадала даследчыца сямейнага архіва Барадуліных Наталля Давыдзенка. Доўгія гады яна працуе над выданнем «Дзённікі і запісы» народнага паэта, якія раскрываюць не проста сакрэты творчай кухні пісьменніка, але і яго яскравае жыццё, назіранні, думкі. Даследчыца ўпэўнена, што шматлікія дзённікі Барадуліна (а іх не менш за 300) з’яўляюцца крыніцай ведаў, якія будуць карысныя школьнікам, студэнтам, розным даследчыкам. Спадчына Барадуліна, будзе цікавая тым, хто вывучае мову. Пісьменнік запісваў жывую народную гаворку, а як ужо ён умеў працаваць, нават «гуляць» са словамі! 

У гэтым можа пераканацца кожны, хто пачытае яго вершы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю