Top.Mail.Ru

12 верасня беларуская сталіца адзначыць 959-годдзе

Святочныя мерапрыемствы ўжо стартавалі, а ў суботу горад будзе жыць у адзіным рытме — ад урачыстага ўскладання кветак да позняга феерверку. «Звязда» даведалася, як будзе арганізавана бяспека, дзе перакрыюць дарогі і якія сюрпрызы чакаюць сталічных гасцей.



Свята пачынаецца...

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана Сіліч, да Дня горада рыхтаваліся грунтоўна. Ужо 9 верасня а 16-й гадзіне ў Мінскай гарадской ратушы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання жыхароў, якія зрабілі значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё горада, а таксама тых, хто актыўна ўдзельнічае ў ахове грамадскага парадку.

11 верасня а 16-й гадзіне падвядуць вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар». Па словах Святланы Сіліч, сёлета ў адборачных этапах конкурсу прынялі ўдзел больш за 1800 чалавек, вызначаны 48 пераможцаў, з іх 15 — маладыя людзі да 33 гадоў. Таксама 11 верасня пройдзе пяты Мінскі міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва.

Галоўны дзень

Асноўныя падзеі разгорнуцца 12 верасня. Свята пачнецца з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да абеліска «Мінск — горад-герой» а 10-й гадзіне раніцы і прадоўжыцца на пляцоўках горада.

На тэрыторыі музейна-паркавага комплексу «Перамога» з 8.30 да 18.30 пройдуць дзясятыя міжнародныя спаборніцтвы «Наймацнейшы пажарны-выратавальнік» з удзелам больш як 100 спартсменаў.

У цэнтральнай частцы горада, на зялёнай зоне каля скрыжавання праспекта Машэрава і праспекта Пераможцаў, а 10.30 пачнецца фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Мінск старажытны». Гэта відовішчнае тэатралізаванае дзейства з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Для ўдзелу ў фестывалі было пададзена каля 500 заявак ад рэканструктараў з трох краін — Беларусі, Расіі і Кітая.

Як расказала Святлана Сіліч, на пляцоўцы каля Палаца спорту а палове на 12-ю пачнецца культурна-відовішчная праграма «Мінск маёй душы». У канцэрце выступяць не толькі заслужаныя і народныя артысты, але і маладзёжныя творчыя калектывы. Хэдлайнерам стане расійскі выканаўца Акмаль. На гэтай жа пляцоўцы з 10 да 23 гадзін будзе працаваць святочны кірмаш.

Увечары а 17-й гадзіне на плошчы Свабоды адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года» ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.

У Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага з 11 да 17 гадзін пройдзе рэспубліканскі «Фестываль прафесій» з канцэртнай праграмай, выставамі, майстар-класамі і прэзентацыямі ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, завяршыцца свята традыцыйным феерверкам у 23 гадзіны. Сёлета піратэхнічнае шоу будзе запускацца ў скверы «Старосцінская Слабада».

Маладзёжная сталіца — спорт, музыка і касплей

Асноўнай лакацыяй для моладзі стане парк 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, дзе з 13 гадзін пачне працаваць пляцоўка па маладзёжных субкультурах. Як расказаў першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Аляксей Пікус, праграма будзе насычанай.

Свята стартуе з урачыстага адкрыцця, потым пачнецца вялікае шоу «Бітва дыджэяў», дзе лепшыя дыджэі сталіцы прадставяць свае сэты. Затым у парку пройдзе касплей-дэфіле: удзельнікі пакажуць анімэ-, геймерскія і гік-вобразы. Завершыцца праграма канцэртам маладых рок-гуртоў і рэп-выканаўцаў, рэп-батлам і батлам бітбоксераў.

Як расказаў Аляксей Пікус, на працягу дня будуць працаваць два блокі — спартыўны і творчы. У спартыўным — майстар-класы па скейтбордынгу, самакатах, футбольным і баскетбольным фрыстайле, вулічным баскетболе 3×3, а таксама варкаўт-пляцоўка. У творчым — пляцоўка для графіці, майстар-клас па маляванні мангі і коміксаў, дзе прафесійныя мастакі прадэманструюць сваю творчасць усім ахвотным.

«За кожную актыўнасць можна атрымаць сувенірную прадукцыю на памяць аб Дні горада ад БРСМ. Гэта асабліва прыемна, таму што Мінск з’яўляецца маладзёжнай сталіцай Беларусі», — нагадаў Аляксей Пікус.

Бяспека — у прыярытэце

Супрацоўнікі міліцыі будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. Як расказаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Сяргей Горахаў, з 11 верасня павялічыцца колькасць нарадаў у грамадскіх месцах.

Пропуск грамадзян на святочныя пляцоўкі будзе арганізаваны з 8-й гадзіны раніцы праз кантрольна-прапускныя пункты. Яны будуць размешчаны ў некалькіх напрамках: каля станцыі метро «Няміга», у раёне дома № 2 па праспекце Пераможцаў, з боку гандлёвага цэнтра «Галерэя», каля падземнага перахода ў раёне вуліцы Мельнікайтэ, а таксама ў зялёнай зоне скрыжавання праспекта Пераможцаў і праспекта Машэрава.

Асобныя пункты пропуску будуць прадугледжаны для льготных катэгорый грамадзян — ветэранаў, інвалідаў, цяжарных жанчын, бацькоў з малалетнімі дзецьмі. Яны будуць пазначаны аранжавым колерам.


На тэрыторыю правядзення мерапрыемстваў забаронены ўваход з хатнімі жывёламі, на веласіпедах, самакатах, монакалёсах. Дазваляецца пранос толькі безалкагольных вадкасцяў у пластыкавай празрыстай тары аб’ёмам не больш за паўлітра. Калі ў грамадзян акажуцца рэчы з забароненага пераліку, яны змогуць размясціць іх на часовае захоўванне ў адной з чатырох камер захоўвання. 

Сяргей Горахаў таксама папярэдзіў, што ў выпадку рэзкага пагаршэння надвор’я будзе абмежаваны рух грамадзян у бліжэйшыя падземныя пераходы і на станцыі метро — гэта робіцца ў мэтах бяспекі.

Як зменіцца дарожны рух

Начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Бабіч расказаў аб часовых зменах у арганізацыі дарожнага руху.

«12 верасня пры правядзенні святкавання Дня горада Мінска супрацоўнікі сталічнай дзяржаўтаінспекцыі пераходзяць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Павялічыцца колькасць нарадаў, задзейнічаных у ахове бяспекі дарожнага руху. Нарады будуць набліжаны да месцаў масавага знаходжання грамадзян», — расказаў ён. 

З 8.00 да 18.00 будзе закрыты рух пры пад’ёме з вуліцы Багдановіча на праспект Пераможцаў, а таксама з вуліцы Багдановіча на вуліцу Леніна. З 18.00 будзе закрыты рух на ўчастку праспекта Пераможцаў ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да вуліцы Мельнікайтэ. Аб’езд будзе арганізаваны па вуліцах-дублёрах.

Сяргей Бабіч настойліва рэкамендуе кіроўцам загадзя прадумваць маршруты і па магчымасці выкарыстоўваць грамадскі транспарт. Ён таксама нагадаў, што ў зоне правядзення мерапрыемстваў будзе абмежавана выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці — электрасамакатаў, веласіпедаў і іншых.

Да ўвагі гасцей

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Арганізатары запрашаюць жыхароў і гасцей сталіцы прыйсці на свята, улічваючы рэкамендацыі па бяспецы і змены ў дарожным руху. Для тых, хто плануе наведаць канцэрт каля Палаца спорту, лепш загадзя прадумаць маршрут і час прыбыцця — з 18 гадзін рух на гэтым участку будзе абмежаваны.

Мінск гатовы сустрэць сваё 959-годдзе. З надзейнай бяспекай, яркай праграмай і сапраўды святочнай атмасферай.

Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю