Навiны
Волату слова прысвячаецца
У Маскве адкрылася перасоўная літаратурна-дакументальная выстаўка «Волат слова і думкі», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі. Месцам правядзення выстаўкі стаў Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
«Сапраўдная літаратура» Івана Навуменкі
Згадваючы Івана Навуменку, не так і проста вызначыць, з чаго пачаць. Настолькі ён шматгранны ў сваіх памкненнях і дасягненнях. Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі камсамола Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар філалагічных навук, дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, акадэмік, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета БССР... Дзе б ні працаваў, вызначаўся высокай аддачай свайго даравання. А як пісьменнік праявіў сябе ў розных жанрах: празаік, дзіцячы аўтар, крытык, літаратуразнаўца, драматург, публіцыст. Дасягненні таму і значныя, што валодаў велізарным ад прыроды талентам. Быў упэўнены: сапраўдная літаратура нараджаецца «з таго, што глыбінна перажыта самім пісьменнікам, што запала яму ў сэрца, што яго хвалюе, радуе, абурае». Гэтым кіраваўся і ва ўласнай творчасці.
Памяць пра Івана Навуменку захоўваюць у Гомелі
На Гомельшчыне, малой радзіме Івана Навуменкі, знаўцаў мастацкага слова ў чарговы раз аб’ядналі міжнародныя навуковыя чытанні «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах». Навуковы форум, прысвечаны памяці народнага пісьменніка Беларусі, прайшоў у Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Ф. Скарыны.