Навiны
Покліч івацэвіцкіх кнігавак
«...Жыццё недарма // Нам далося на сцежках цярністых // І што лепшае долі на свеце няма, // Як сэрцам адкрытым і чыстым // Блакітныя шчырыя далі абняць...» — пісаў сын Івацэвіцкай зямлі Піліп Пестрак, які прагнуў свабоды, справядлівасці і волі выказаць праўду. Сёння яго творчыя набыткі, выяўленыя ў безлічы твораў, натхняюць сённяшняе пакаленне, абавязкова даючы глебу для разважанняў: а што я магу сказаць пра жыццё, пра свой час? Усвядоміць моц роднага слова, неўміручасць народных традыцый і вагу творчай скарбонкі дапамагае штогадовае свята пісьменства, якое ўзбагаціла Івацэвічы, адзін з найбуйнейшых і гістарычна значных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці з больш чым 500-гадовай гісторыяй. Тут знаходзіцца геадэзічны пункт «Дуга Струвэ», канал Агінскага, красуе Косаўскі палац Пуслоўскіх ХІХ ст. А хто не памятае лыжны брэнд «Целяханы»? Суквецце дасягненняў і славутасцяў засведчыла свята.