У дэкарацыях пахмурнай восені асабліва ярка стракацелі лакацыі абласных «Дажынак». За вялікім святам заўсёды стаіць тытанічная праца, якую ніяк нельга пакінуць незаўважанай. І сёння ціхі і ўтульны гарадскі пасёлак Карэлічы афіцыйна прымераў статус сталіцы галоўнага аграрнага свята Прынямоння. Абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2026» паклікаў працаўнікоў вёскі і гасцей!
Пасёлак да свята змяніўся: абноўленыя дарогі, пасвяжэлыя фасады дамоў, цалкам мадэрнізаваны стадыён і новенькі сяміпавярховік, пабудаваны спецыяльна для маладых спецыялістаў і работнікаў АПК. І нагода для гонару ў Карэліцкага раёна важкая — сярэдняя ўраджайнасць збожжавых тут перасягнула адзнаку 64,6 ц/га (другі вынік у вобласці!).

Шмат увагі прыцягваюць традыцыйныя падворкі раёнаў. Сёлета ў іх асаблівая, вельмі цёплая канцэпцыя — «Жаночых рук хараство!». Кожны падворак прысвечаны жанчынам-працаўніцам: хлебаробам, пекарам, жывёлаводам і трактарысткам. А іх у гаспадарках нямала. Яны ліха спраўляюцца з усёй працай і ўносяць неацэнны ўклад у агульную і нялёгкую справу аграрыяў. Гаспадары падворкаў з ветлівасцю сустракалі гасцей, сярод якіх — дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік і іншыя ганаровыя госці.

Як адзначыў Аляксандр Вальфовіч, усе задачы, якія ставяцца перад Гродзенскай вобласцю, выконваюцца, і жыхары Прынямоння сёння сапраўды ў лідарах.

— Беларусы жывуць гасцінным, працавітым жыццём, нягледзячы на выклікі і пагрозы, якія існуюць у перавернутым з ног на галаву сучасным свеце. Штучны інтэлект, беспілотныя і наземныя сістэмы намагаюцца замяніць людзей. Існуе палітычны і эканамічны ціск, санкцыі. І можна назіраць, што на Захадзе тое, што важна для людзей, адыходзіць на другі план. А ў нашай краіне, наадварот, мы адзначаем поспехі і шануем наш народ. «Дажынкі» адзначаюць у кожным рэгіёне. Свята ўзнікла вельмі даўно, яшчэ ў XII стагоддзі. Яно жыло, пераўтваралася, і ў 1996 годзе, дзякуючы нашаму Прэзідэнту, традыцыя зацвердзілася ў суверэннай Беларусі. «Дажынкі» паказваюць, як жыве наша краіна. Мы нікому не пагражаем, не прад’яўляем прэтэнзій. Мы старанна працуем і ставім на першыя пазіцыі харчовую бяспеку і мірнае жыццё. «Дажынкі» — гэта цудоўнае свята. Усё лета людзі працуюць і чакаюць яго. Калі аграрыям патрэбна дапамога, людзі ў форме з праваахоўных органаў без ваганняў ідуць на дапамогу. Гэта ясна даказвае наша абсалютнае адзінства: мы стаім плячо ў плячо і ў мірнай барацьбе за ўраджай, і ў гатоўнасці абараняць нашы родныя межы і суверэнітэт краіны, калі гэта запатрабуецца.

Юрый Караеў адзначыў, што Гродзенская вобласць гістарычна займае статус флагмана айчыннага аграпрамысловага комплексу, і галоўная задача — захаванне і прымнажэнне гэтых традыцый. За кожным поспехам рэгіёна, за стабільнымі заробкамі і развіццём прадпрыемстваў стаіць упартая праца тысяч людзей: аграномаў, механікаў, жывёлаводаў, вадзіцеляў і стваральнікаў беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.
— Сёння аграпрамысловы сектар складае чвэрць рэгіянальнага бюджэту. Мы поўнасцю забяспечваем харчовую бяспеку і адпраўляем вялікія аб’ёмы прадукцыі на экспарт. Агульная вага гродзенскага хлеба сёлета (уключаючы кукурузу, якую яшчэ ўбіраюць) складзе каля 2 мільёнаў 300 тысяч тон. Наш рэгіён упэўнена лідзіруе ў краіне па ўраджайнасці: сярэдні паказчык для збожжа склаў каля 50 ц/га, для рапсу — 41 ц/га. А ўраджайнасць кукурузы ў Гродзенскай вобласці зараз амаль удвая вышэйшая, чым у іншых рэгіёнах. Па традыцыі да абласных «Дажынак» змяніўся райцэнтр — Карэлічы сустрэлі гасцей абноўленымі і вельмі хлебасольнымі. Шчыра жадаю ўсім працаўнікам Гродзеншчыны моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і новых працоўных перамог!
Калейдаскоп падзей
Тут усё напоўнена жыццём. Спяваюць фальклорныя ансамблі, сталы поўныя пачастункаў, а майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адкрылі выставу «Жыццё на спадчыне — узбагачаючыся душой» на вуліцы Гагарына. Тут можна знайсці ўсё: ад унікальнай выцінанкі да разьбяных драўляных сувеніраў. Крыху далей, на стадыёне «Юнасць», каманды ўжо спаборнічалі ў спрынце на спартыўнай «Сельскай эстафеце».

Бліжэй да сярэдзіны дня рух на імгненне замірае, саступаючы месца галоўнай цырыманіяльнай падзеі — грандыёзнаму святочнаму шэсцю дэлегацый. Пад апладысменты гледачоў па галоўных вуліцах ідуць тыя, хто каваў харчовую бяспеку рэгіёна. Перадавікі жніва, камбайнеры-тысячнікі, кіраўнікі найлепшых гаспадарак — сёння яны галоўныя зоркі. Шэсце плаўна перацякае да галоўнай сцэны на плошчы 17 Верасня, дзе пачынаецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю і цырымонія ўшаноўвання перадавікоў «Хвала і пашана рукам хлебаробаў!». Са сцэны былі названы пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2026 годзе. Першае месца заняў Гродзенскі раён, на другім — Астравецкі, на трэцім — Шчучынскі.

З году ў год экстрэмальныя гонкі «ТрактарШОУ» збіраюць мноства гледачоў. Вялікія машыны на высокай хуткасці манеўруюць паміж перашкодамі пад роў захопленых трыбун. Беларускія трактары даказваюць сваю сілу не толькі ў полі, але і ў сапраўдным аўтаспорце. Але, вядома, удалыя не толькі машыны, але і пілоты, якія смела ўрываюцца ў гонку. Ім не страшныя ні крутыя павароты, ні ямкі і купіны. А адразу пасля гонак эстафету перахапіла магутнае «Сілавое шоу», дзе асілкі Гродзеншчыны дэманстравалі сапраўды сталёвы характар і нечалавечую сілу, ссоўваючы з месца цяжкую тэхніку. Яшчэ адна лакацыя для аматараў тэхнікі разгарнулася на вуліцы Гагарына. Тут размясцілася выстава сучасных камбайнаў, трактароў, а таксама стыльных легкавых аўтамабіляў брэндаў BELGEE і Geely, у якіх кожны ахвочы можа пасядзець за рулём.

Бліжэй да вечара эпіцэнтр свята зноў перамесціцца да плошчы 17 верасня. Канцэртны марафон адкрые гродзенскі музычны тэатр «Рада». Ён парадуе публіку яркім фальклорным каларытам, а следам за імі на сцэну падымецца мінскі арт-гурт «Беларусы». Таксама гасцей свята парадуе гурт «Аура» з іх праніклівымі песнямі аб роднай зямлі. Але галоўны сюрпрыз арганізатараў яшчэ наперадзе. У 21:00 на сцэну выйдзе спецыяльны госць фестывалю — легендарны расійскі поп-гурт «Блестящие», чые хіты напэўна прымусяць танцаваць усю плошчу.

Роўна а 22:00 начное неба над абноўленымі Карэлічамі расфарбуе святочны феерверк, які адзначыць паспяховае завяршэнне сельскагаспадарчага года. Ну а для тых, у каго яшчэ застануцца сілы, да поўначы будзе грымець запальная дыскатэка ад «Радыё Гродна».



Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА