У панядзелак, у Дзень энергетыка, на базе Беларускай АЭС прайшло выязное пасяджэнне Савета Палаты прадстаўнікоў. У цэнтры ўвагі дэпутатаў і спецыялістаў было ўдасканаленне прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы атамнай энергетыкі. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з функцыянаваннем атамнай электрастанцыі, абмеркавалі планы па далейшым развіцці атамных генерыруючых магутнасцяў, разгледзелі пытанні ўдасканалення заканадаўства і нарматыўна-прававой базы ў сферы атамнай энергетыкі, а таксама сустрэліся з працоўным калектывам.
Як адзначыў перад пачаткам пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, будаўніцтва БелАЭС павысіла энергетычную бяспеку і самастойнасць нашай краіны. Сёння атамная станцыя выпрацоўвае 40 % усёй электраэнергіі краіны.
«Палата прадстаўнікоў сумесна з Міністэрствам энергетыкі надае гэтым пытанням (энергетыкі. — „Зв.“) самую пільную ўвагу. За пяцігодку 2021-2025 гадоў было прынята тры законы, якія непасрэдна датычацца атамнай энергетыкі, уключаючы карэкціроўкі закона аб энергазберажэнні. Сёлета мы ратыфікавалі пагадненне з Расійскай Федэрацыяй аб фарміраванні агульнага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму мы вырашылі правесці гэта пасяджэнне тут, на Беларускай АЭС», — дадаў спікер.
Падчас выязнога мерапрыемства абмяркоўваліся перспектывы развіцця атамнай энергетыкі. Па выніках нарады 14 лістапада бягучага года Прэзідэнтам Беларусі было прынята рашэнне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока на Беларускай атамнай электрастанцыі.

Ігар Сергяенка, адказваючы на пытанні журналістаў, падкрэсліў, што гэта яшчэ больш узмоцніць энергетычную самастойнасць нашай краіны: «Улічваючы тое, што растуць патрэбнасці, — і прамысловасці, і эканомікі ў цэлым, і насельніцтва, — усё часцей паўстае пытанне аб ацяпленні: прыватных дамоў, асобных збудаванняў. І ўсё часцей яно вырашаецца менавіта за кошт электраэнергіі. Таму патрэба ў дадатковых магутнасцях, вядома ж, высокая, і яна будзе толькі расці».
У энергетычнай галіне ключавым партнёрам Беларусі з’яўляецца «Расатам». З ім была пабудавана БелАЭС, працягваецца цеснае супрацоўніцтва і цяпер — трэці энергаблок плануецца рэалізаваць у цесным узаемадзеянні.
Асобную ўвагу падчас выязнога пасяджэння ўдзялілі аднаму з ключавых пытанняў, якое хвалюе людзей, — бяспечнае функцыянаванне атамнай электрастанцыі. Спікер Палаты прадстаўнікоў канстатаваў: «Пабываўшы на БелАЭС, мы пераканаліся: усё тут працуе дакладна, адладжана, сістэмна».
Міністр энергетыкі Дзяніс МАРОЗ заявіў, што Беларуская АЭС — адна з самых сучасных і бяспечных АЭС у свеце. Яна адпавядае высокім міжнародным патрабаванням бяспекі, што не раз пацвярджалі эксперты МАГАТЭ. Праект па ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў Астраўцы паспяхова рэалізаваны дзякуючы рашэнню і падтрымцы кіраўніка дзяржавы.

Дзякуючы яе фунцыянаванню, сёння ў краіне вырабляецца дастатковая колькасць электраэнергіі для пакрыцця патрэб рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва, дадаў міністр. Пры гэтым попыт на яе працягвае расці.
Будаўніцтва трэцяга энергаблока, па-першае, дасць экалагічна чыстую і бяспечную крыніцу энергіі, якая закрые ўзрастаючую патрэбнасць. Па-другое, сама па сабе станцыя і будаўніцтва яшчэ аднаго блока — гэта і тэхналагічны прарыў.
«У цэлым абмяркоўваецца будаўніцтва трэцяга блока ў выглядзе копіі блокаў, якія ўстаноўлены на Беларускай АЭС — гэта блокі магутнасцю 1200 мегават», — канкрэтызаваў міністр энергетыкі.
Што датычыцца тэрмінаў, па яго словах, гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання: «Мы для сябе фіксуем: беларуская энергасістэма гатовая да інтэграцыі яшчэ аднаго блока АЭС у 2035 годзе. У цэлым мы абмяркоўваем перыяд уключэння трэцяга блока ў беларускую энергасістэму ў 2035-2038 гадах».
Сумесна з дзяржкарпарацыяй «Расатам» ужо створана рабочая група, праведзена яе першае пасяджэнне, па выніках якога рыхтуюцца прынцыповыя дакументы, якія вызначаць — якім чынам будзе рэалізоўвацца праект па ўзвядзенні трэцяга блока БелАЭС, у тым ліку рамачнае пагадненне, якое вызначыць умовы і параметры блока. Яго размяшчэнне разглядаецца ў перыметры пляцоўкі БелАЭС.

Варта адзначыць, што безумоўнай перавагай будаўніцтва АЭС стала таксама развіццё горада атамшчыкаў Астраўца і Астравецкага раёна. За апошнія дзесяць гадоў гэты населены пункт ператварыўся ў прыгожы добраўпарадкаваны горад, дзе ёсць усе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання.
Член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Надзея ХАЛЬЦОВА падкрэсліла, што Астравец адпавядае прынцыпу «Моцныя рэгіёны — моцная краіна», аб якім гаварыў Прэзідэнт.
«Дзякуючы станцыі горад атрымаў магутны імпульс да развіцця. Тут абсалютна новая школа, якая адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, дзіцячы сад, мноства магазінаў. Шчыра кажучы, калі падысці крытычна — няма да чаго прычапіцца. Гэта сучасны, чысты, добраўпарадкаваны горад. Адчуваецца, што тут працуюць неабыякавыя людзі — і кіраўнікі, і самі жыхары. Бо такую чысціню і парадак трэба пастаянна падтрымліваць», — дадала парламентарый.
Надзея Хальцова рэзюмавала: БелАЭС мае прынцыповае значэнне — і для ўсёй краіны ў цэлым, і асабліва для Гродзенскай вобласці. «У горадзе актыўна развіваецца сацыяльная інфраструктура. Сюды прыязджалі будаўнікі і многія з іх засталіся жыць тут нават пасля завяршэння асноўных работ. Прыехалі высокакваліфікаваныя спецыялісты, прычым нашы, беларускія, падрыхтаваныя, кампетэнтныя. Мы ведаем, што да падрыхтоўкі кадраў актыўна падключаюцца нашы ВНУ, і гэта таксама выклікае шчырую радасць», — сказала яна.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў
г. Астравец