Футбалісты мінскага «Дынама» першымі з беларускіх клубаў адкрыюць новы еўракубкавы сезон, паведамляе БелТА.
Сёння ў стартавым матчы першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі згуляюць у балгарскім Разградзе з мясцовым «Лудагорцам» (пачатак сустрэчы ў 20.30; прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 5»). Гэты паядынак рассудзіць брыгада аўстрыйскіх арбітраў, якую ўзначаліць Крысціян-Петру Чакірка. У мінулым сезоне чэмпіёны Беларусі і Балгарыі сустракаліся ў другім крузе кваліфікацыі галоўнага кантынентальнага турніру і тады па суме дзвюх сустрэч «Лудагорац» быў мацнейшым — 2:0 і 0:1.
Беларускія прадстаўнікі ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый свае першыя сустрэчы правядуць заўтра. Гродзенскі «Нёман» згуляе ў Ерэване з армянскім «Урарту», футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» ў намінальна дамашнім матчы ў венгерскім Сомбатхеі сустрэнуцца з паўночнамакедонскім клубам «Работнічкі», а брэсцкае «Дынама» ў чарнагорскім Нікшычы будзе сапернічаць з мясцовай «Суцьескай».