Top.Mail.Ru

Аўтаматызацыя, рабатызацыя і лічба: прадукцыйнасць у прамысловасці будзе павышана больш як у два разы

Прадукцыйнасць высокіх кампетэнцый

Перад Міністэрствам прамысловасці ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця пастаўлены амбіцыйныя задачы: павелічэнне прадукцыйнасці працы, павышэнне тэхналагічнага суверэнітэту, забеспячэнне безумоўнай якасці прадукцыі пры яе канкурэнтаздольнасці, паколькі прамысловасць забяспечвае значную долю экспарту. Аб стратэгічных планах развіцця айчыннага індустрыяльнага сектара расказаў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў.

Прамысловасць — адзін са слупоў, на які абапіраецца тэхналагічны, эканамічны і ў цэлым нацыянальны суверэнітэт. Індустрыяльны сектар забяспечвае ўнутраныя патрэбы краіны ў самай разнастайнай прадукцыі. У тым ліку і прамысловай, якая (як, напрыклад, сельскагаспадарчае машынабудаванне) з'яўляецца залогам харчовай бяспекі. 

Аб кадрах

— Па выніках 2025 года можна сказаць, што агульная тэндэнцыя росту дэфіцыту кадраў нарэшце спынена і баланс паміж нашымі патрэбамі і прапановай паступова выраўноўваецца. Вакансіі, вядома, ёсць, асабліва ў рэгіёнах, але іх колькасць значна скарацілася, і Міністэрства прамысловасці працягвае сістэмную работу ў гэтым кірунку. У цэлым прадпрыемствы Мінпрама арыентуюцца на меры, прадугледжаныя дзяржпраграмай «Збалансаваны рынак працы» на 2026–2030 гады і Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2040 года, уключаючы выкарыстанне ўнутраных рэзерваў, прыцягненне па неабходнасці знешняй рабочай сілы і, вядома ж, на лічбавізацыю, рабатызацыю, комплексную аўтаматызацыю вытворчасці.

Цяпер у прамысловасці адбываецца змена пакаленняў: ідуць на пенсію работнікі 1950–1960-х гадоў нараджэння, прадпрыемствы актыўна прыцягваюць выпускнікоў профільных ВНУ і каледжаў. Застаецца актуальным акцэнт на падрыхтоўку ўніверсальных спецыялістаў (інжынеры, станочнікі, наладчыкі, слесары-зборшчыкі) для абслугоўвання складанага абсталявання, тут спецыялізацыя дадаецца на саміх прадпрыемствах з улікам бягучых патрэб і дынамікі рынку. І ў гэтых пытаннях неацэнны вопыт старэйшага пакалення, якое застаецца на прадпрыемствах і навучае моладзь у якасці настаўнікаў і майстроў вытворчага навучання. Таму прадпрыемствы зацікаўлены ў захаванні патэнцыялу дасведчаных супрацоўнікаў, гатовых прадоўжыць работу і ў пенсіённым узросце.

Аб аўтаматызацыі і рабатызацыі

— Безумоўна, беларускай прамысловасці даводзіцца канкурыраваць за кваліфікаваныя кадры з інжынернай адукацыяй. І, перш за ўсё, з высокатэхналагічнымі галінамі, у прыватнасці з ІТ-індустрыяй. Таму стаўка робіцца на аўтаматызацыю і лічбавую трансфармацыю вытворчасці. Тады ствараюцца рабочыя месцы зусім з іншымі, камфортнымі ўмовамі працы, высокапрадукцыйныя, з адпаведным заробкам. А па ўзроўні тэхналагічнасці такія вытворчасці не саступаюць айцішным кампаніям.

Лічбавізацыя з’яўляецца пераважным фактарам у павышэнні прадукцыйнасці працы. Да 2030 года ў прамысловасці гэты паказчык плануецца павысіць у 2,1 раза. Яшчэ ў мінулай пяцігодцы запушчаны праекты па замене чалавека робатам на цяжкіх, шкодных або манатонных аперацыях. 

У ПСЭР-2030 прадугледжана, што да канца пяцігодкі шчыльнасць рабатызацыі ў Беларусі павялічыцца амаль у 10 разоў: не менш як 100 адзінак робататэхнічных сістэм на 10 тысяч работнікаў, занятых у апрацоўчай прамысловасці. Традыцыйныя галіны прымянення робататэхнікі на айчынных прамысловых прадпрыемствах — гэта аперацыі па зварцы, наплаўцы, афарбоўцы, зборцы, падачы нарыхтовак у станок, неразбуральным кантролі, а таксама пелетаванні і ўпакоўцы.

У мінулым годзе практычна завершана фарміраванне ІT-ландшафту прамысловых прадпрыемстваў — сфармуляваны асноўныя прынцыпы лічбавізацыі. Праведзены ў 2025 годзе аналіз паказаў, што шчыльнасць рабатызацыі па Мінпраме склала 23 робаты на 10 тысяч работнікаў.

Так, на вытворчасці кар’ерных самазвалаў ААТ «БЕЛАЗ» каля 40 працэнтаў зварных швоў выконваюцца робатамі. Да канца 2030 года іх доля павялічыцца ў два разы. Высокі ўзровень шчыльнасці рабатызацыі дасягнуты ў вытворчых працэсах «БЕЛДЖЫ». Укараненне прамысловых робатаў для выканання такіх аперацый, як зварка, афарбоўка, зборка кузава і перамяшчэнне кампанентаў, дапамагло аптымізаваць аперацыі, павысіць дакладнасць, хуткасць вытворчасці і палепшыць якасць прадукцыі, якая выпускаецца. Мінскі трактарны завод у бягучай пяцігодцы плануе рабатызаваць і аўтаматызаваць не менш як 40 працэнтаў тэхналагічных аперацый. У цэлым па Мінпраме ў 2026–2030 гадах плануецца рэалізаваць каля 70 мерапрыемстваў па ўкараненні робатаў у вытворчасць.

Аб лічбавізацыі

— Сама па сабе лічбавізацыя з’яўляецца сістэмным драйверам росту прадукцыйнасці працы, выступаючы асновай для мадэрнізацыі, эфектыўнага кіравання і стварэння прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Яе ўплыў рэалізоўваецца праз некалькі ключавых каналаў.

Па-першае, лічбавізацыя дае тэхналагічную інфраструктуру для росту. Развіццё высакахуткасных тэлекамунікацыйных сетак (напрыклад, GPON ад «Белтэлекама») з’яўляецца падмуркам для ўкаранення прамысловага інтэрнэту рэчаў (ІІoT), прэдыктыўнай аналітыкі і рабатызаваных комплексаў. Гэтыя тэхналогіі напрамую скарачаюць аперацыйныя выдаткі, мінімізуюць прастоі абсталявання і павялічваюць стабільнасць якасці.

Па-другое, лічбавыя прылады трансфармуюць кіраванне і бізнес-працэсы. Укараненне лічбавых платформ і сістэм кіравання (MES, ERP) дазваляе ўкараняць прынцыпы ашчаднай вытворчасці, забяспечваючы жорсткі кантроль за выкарыстаннем рэсурсаў, лагістыкай і дысцыплінай. Гэта ператварае лічбавізацыю з тэхнічнага інструмента ў аснову для аптымізацыі ўсёй аперацыйнай дзейнасці, што з’яўляецца базавай умовай для раскрыцця патэнцыялу любых тэхналогій.

Па-трэцяе, лічбавізацыя зрушвае фокус на высокамаржынальныя перадзелы. Яна дазваляе аўтаматызаваць руцінныя і працаёмкія аперацыі, ствараючы магчымасць для пераразмеркавання рэсурсаў на распрацоўку, інжынірынг і выпуск складанай канечнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Такім чынам, лічбавізацыя напрамую ўплывае на наменклатуру выпуску, вызначаючы максімум для росту прадукцыйнасці за кошт павелічэння кошту прадукту, што ствараецца.

Лічбавізацыя фінансавых інструментаў у прамысловасці таксама павышае эфектыўнасць кампаній. Па-першае, з’яўляецца магчымасць аптымізаваць грашовыя патокі: укараненне лічбавых сістэм разлікаў і электронных плацяжоў паскарае абарот капіталу, скарачаючы час паміж адгрузкай прадукцыі і паступленнем сродкаў. Такім чынам, зніжаецца патрэба ў абаротных сродках, павышаецца інвестыцыйны патэнцыял.

Па-другое, павышаецца даступнасць фінансавання: лічбавыя пляцоўкі для размяшчэння аблігацый або акцый спрашчаюць і патанняюць прыцягненне «доўгіх грошай» для мадэрнізацыі вытворчасці, што напрамую вядзе да росту выпуску прадукцыі на аднаго работніка. Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ) развівае лічбавую інфраструктуру, цэнтральным элементам якой стаў фінансавы маркетплэйс (fіnmarket.by). Гэта платформа дазваляе прыватным інвестарам напрамую набываць акцыі і аблігацыі прамысловых кампаній, спрашчаючы і патанняючы інвестыцыйны працэс. Паралельна для прадпрыемстваў дзейнічае спрошчаны механізм выпуску біржавых аблігацый у бездакументарнай форме, што аблягчае прыцягненне пазыковага капіталу. Пры гэтым, каб размясціць каштоўныя паперы, кампаніі павінны выконваць стандарты раскрыцця інфармацыі і фінансавай справаздачнасці. Гэтая празрыстасць, якая патрабуецца лічбавым асяроддзем біржы, стымулюе аптымізацыю і лічбавізацыю бізнес-працэсаў, што таксама з’яўляецца ключавым фактарам росту прадукцыйнасці.

Па-трэцяе, павялічваецца агульная эфектыўнасць: выкарыстанне лічбавых фінансавых сэрвісаў зніжае адміністрацыйныя выдаткі і памылкі, садзейнічаючы агульнай аптымізацыі бізнес-працэсаў. У 2025 годзе Мінпрам паспяхова завяршыў даследаванні па замяшчэнні імпартных B2B-маркетплэйсаў. 

Сфарміраваны базавыя патрабаванні на стварэнне нацыянальнай гандлёва-кааперацыйнай платформы анлайн для прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь на базе адзінай віртуальнай выстаўкі прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. У кастрычніку 2025-га галіновым інстытутам ААТ «ЦНДІТУ» выдадзены загад аб стварэнні праграмнага забеспячэння для рэалізацыі сэрвісу кааперацыі і субкантрактацыі. ААТ «ЦНДІТУ» як зацікаўленая арганізацыя-распрацоўшчык і меркаваны аператар кааперацыйнай платформы да мая 2026 года забяспечыць распрацоўку анлайн-каталога паслуг па кааперацыі і субкантрактацыі з падключэннем рэестра субкантрактараў, атласа прамысловасці і анлайн-каталога тавараў.

Аб тэхналагічным суверэнітэце

— Аснова тэхналагічнага суверэнітэту — магчымасць ствараць канструктарскую і тэхналагічную дакументацыю. Распрацоўка ўласнай высокатэхналагічнай прадукцыі дае магчымасць у далейшым кіраваць і кантраляваць поўны жыццёвы цыкл прадукцыі: ад вытворчасці да сэрвісу. У Беларусі ёсць цудоўныя канструктарскія школы, кампетэнцыі якіх сёння фенаменальна запатрабаваны. Рэалізоўваецца шэраг маштабных праектаў па выпуску новай прадукцыі.

Напрыклад, ААТ «Белкард» сумесна з Фізіка-тэхнічным інстытутам НАН Беларусі і Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам распрацоўваюць тэхналогію і аўтаматызаваны комплекс для індукцыйнага нагрэву шліцавых утулак карданных перадач і нанясення на іх антыфрыкцыйнага пакрыцця. ААТ «Ольса» ў 2025 годзе пачало распрацоўку тэхналогіі аўтаматызаванай высакахуткаснай лініі для вырабу стрыжня электрамагніта вібрацыйнай помпы. Філіялам ЗАТ «Атлант» — Баранавіцкі станкабудаўнічы завод у 2025-м пачата распрацоўка тэхналогіі і аўтаматызаванага комплексу з актыўным кантролем якасці для вырабу тармазных дыскаў і тэхналагічнага абсталявання па рабатызацыі вытворчасці стрыжняў для адлівак дэталяў машынабудавання. 

ААТ «Магілёўліфтмаш» плануе сумесна з ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», Беларуска-Расійскім універсітэтам і ААТ «Н Холдынг» у 2026–2030 гадах распрацаваць і ўкараніць рабатызаваную тэхналогію выпуску дэталяў электрарухавікоў з сістэмай кантролю якасці вырабу. Сёлета прыступілі да стварэння станкабудаўнічага холдынга, каб аб’яднаць кампетэнцыі ў гэтай галіне, стварыць сістэму кааперацыі праз спецыялізацыю, тым самым павысіўшы эфектыўнасць і знізіўшы выдаткі.

Пытанне тэхналагічнай бяспекі сёння непарыўна звязана з мікраэлектронікай. На ААТ «ІНТЭГРАЛ» мы ствараем уласную электронную кампанентную базу і мадэрнізуем лініі 150/200 міліметраў. Холдынг 

«БелОМА» вырашае задачу па стварэнні сістэм актыўнай бяспекі (ABS, EBS), каб нашы грузавікі МАЗ і КАМАЗ больш не залежалі ад заходніх пастаўшчыкоў.

Усе вядучыя холдынгі актыўна інвестуюць у лакалізацыю вытворчасці, асваенне выпуску новых вузлоў і камплектуючых. У цэлым у Беларусі ёсць навуковы і інтэлектуальны патэнцыял, вопыт і кампетэнцыі для выбудоўвання вытворчых і збытавых ланцужкоў, якія мінімальна залежаць ад сітуацыі на знешнім контуры. Безумоўна, не ўсю наменклатуру вырабаў мэтазгодна выпускаць у Беларусі. Але крытычныя вузлы і камплектуючыя, крытычна важныя, мы здольныя і распрацаваць, і асвоіць. У тым ліку ў кааперацыі з нашымі партнёрамі з Расіі і Кітая.

Уладзімір Валчкоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю