Перад уваходам у крэпасць міліцыянераў, іх сем’і, а таксама шматлікіх гасцей сустрэла выстава рэтра-і сучаснай, спецыяльнай тэхнікі МУС, міліцэйскай формы. Усе ахвотныя маглі пакаштаваць салдацкай кашы, чаю з палявой кухні, наведаць мноства тэматычных пляцовак.
Асаблівую цікавасць выклікала экспазіцыя, прысвечаная абаронцам Брэсцкага вакзала, экспанаты, якія дазваляюць адчуць атмасферу таго часу.
Кіраўнік МУС Іван Кубракоў прыбыў у крэпасць на аўтамабілі ваенных гадоў. Міністра сустрэў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі. Старт маштабнаму мерапрыемству дала цырымонія ўскладання кветак да манумента «Мужнасць». Затым адбыўся мітынг-рэквіем каля Вечнага агню. Завяршылася дзея традыцыйнай акцыяй «Спяём гімн разам». Выкананне адзіным хорам галоўнай песні краіны аб’яднала людзей розных узростаў і прафесій у адзіным патрыятычным парыве. Позна ўвечары неба над горадам асвяціў святочны салют у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Звяртаючыся да прысутных, міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ адзначыў, што Брэсцкая крэпасць-герой стала выніковай кропкай двухдзённага маршруту. «Тут абаронцы ў 1941 годзе разбурылі міф аб непераможнасці фашысцкай Германіі — нямецкаму камандаванню прыйшлося даць свой першы загад аб адступленні, — нагадаў ён. — „Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма“ — гэта фраза, пакінутая на сцяне казармы 132-га батальёна міліцыі, стала лозунгам для многіх герояў, сімвалам мужнасці і нязломнай волі. 1418 дзён і начэй — столькі доўжыўся шлях савецкіх салдат да доўгачаканага Дня Перамогі. Усе, ад малога да вялікага, унеслі ў гэта свой уклад. Падчас барацьбы коштам вялізных намаганняў і ахвяр, цяжкіх выпрабаванняў і нябачаных пазбаўленняў наш народ абараніў гонар, свабоду і незалежнасць Радзімы, дапамог народам Еўропы скінуць гітлераўскае ярмо, выратаваў чалавецтва ад пагрозы заняволення».
Міністр акцэнтаваў увагу на тым, што мы, нашчадкі Перамогі, не забудзем, якімі пакутамі і стратамі яна далася. І праведзены аўтамотапрабег — сведчанне гэтаму. «Наш Прэзідэнт адзначыў, што патрыятызму нельга навучыць, — адзначыў Іван Кубракоў. — Можна толькі паказаць прыклад сваёй шчырай любоўю да роднай зямлі, гонарам дасягненнямі свайго народа, беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны, павагай традыцый і каштоўнасцей многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтнымі справамі на карысць краіны».
Кіраўнік міліцэйскага ведамства падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемстваў аўтамотапрабегу, адрасаваў шчырыя віншаванні з надыходзячым Днём Перамогі, пажадаў міру, дабра, дабрабыту і доўгага шчаслівага жыцця!
Фота Брэсцкага гарвыканкама