Шчырасць без рэтушы
Фотаздымак — не проста выява. Гэта магчымасць спыніць імгненне, зафіксаваць эмоцыі, задакументаваць падзею. Нездарма кажуць — «зрабіць фота на памяць». У свеце, які так хутка змяняецца, асаблівую каштоўнасць набываюць кадры, якія расказваюць пра самае важнае: пра сям’ю, пра любоў, пра цеплыню чалавечых адносін. Аб гэтым наглядна сведчыць і фотавыстаўка «Імгненні жыцця», якая разгарнулася ў атрыуме гандлёвага цэнтра «Сталіца».

Вобраз нашай сучасніцы
Экспазіцыя стала чарговым этапам праекта Беларускага саюза жанчын «Яе рук справа» і прымеркаваная да Тыдня бацькоўскай любові. На ёй прадстаўлены работы Яўгеніі ПАГРАНІЧНАЙ, спецыяліста па рабоце з моладдзю Ваўкавыскага мясакамбіната і лідара маладзёжнага крыла Ваўкавыскай раённай арганізацыі БСЖ.
Ні ў якой меры не будзе перабольшваннем сказаць, што калі не з самой Яўгеніяй, дык з яе творчасцю так ці інакш знаёмая ўся краіна. Яўгенія з’яўляецца аўтарам афіцыйнага лагатыпа Года беларускай жанчыны, які выбралі больш чым са ста варыянтаў, што паступілі на конкурс, арганізаваны БСЖ. Гэта кампазіцыя аб’яднала нацыянальныя сімвалы і вобраз нашай сучасніцы.
— У беларускай жанчыне спалучаюцца мяккасць, пяшчота, прыгажосць, душэўная дабрыня, а таксама мудрасць, унутраная сіла і рашучасць. Яна з гонарам захоўвае традыцыі свайго народа, беражліва клапоціцца пра сям’ю і краіну. У яе сэрцы жыве любоў да роднай зямлі, а ў яе ўчынках — светлая энергія стваральнасці і натхнення, — так сама Яўгенія апісвае вобраз, які ўвасобіла ў сваёй рабоце.
Магчымасць быць заўважанай
Шлях дзяўчыны да шырокага прызнання быў няпростым. Восем гадоў яна прапрацавала ў сферы сацабароны, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вяла гурток у аддзяленні для пажылых грамадзян. А пяць гадоў таму прафесійна захапілася фатаграфіяй. Перамога ў конкурсе на лепшы лагатып прыкметна змяніла яе жыццё — Яўгенію пачалі пазнаваць на вуліцы, дзякаваць за цудоўную работу і запрашаць на розныя мерапрыемствы. Пры гэтым яна не пакінула асноўную прафесію і працягвае працаваць на прадпрыемстве, уцягваючы заводскую моладзь у грамадскае жыццё.

Праект «Яе рук справа» аб’ядноўвае жанчын самых розных прафесій — ад медыцыны і адукацыі да дзяржслужбы. Яго задача — даць магчымасць аўтарам заявіць пра свой талент і паказаць яго шырокай аўдыторыі. Для Яўгеніі Пагранічнай удзел у ім стаў важным творчым этапам:
— Я ўпершыню прэзентую свае работы ў такім маштабным праекце, да гэтага ўдзельнічала толькі ў раённых і абласных выстаўках. Праект «Яе рук справа» — унікальны шанс для кожнай творчай жанчыны з любога кутка Беларусі выйсці за рамкі сваёй кватэры і паказаць здольнасці ўсёй краіне, — лічыць Яўгенія.
18 душэўных імгненняў
У аўтарскую выстаўку ўвайшло 18 фотаработ. Большасць з іх прысвечана тэмам сям’і, мацярынства і дзяцінства — яны асабліва блізкія аўтару. Па словах Яўгеніі, выбраць лепшыя здымкі было няпроста:
— Фотаздымкаў у разы больш, і кожны нясе сваю гісторыю, свае эмоцыі. Я хацела перадаць, што імгненні жыцця вельмі хуткія, таму трэба часцей праводзіць час з роднымі і блізкімі.
Асаблівае месца ў сэрцы аўтара займае здымак пажылой пары. Гэтыя людзі пражылі ў шлюбе 60 гадоў і зноў пацвердзілі свае клятвы ў ЗАГСе. І гэты кадр — не пастановачны.

— Калі ўбачылі фотаработы Яўгеніі, мы адразу зразумелі: гэта гісторыя пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, любоў, шчырасць і душэўнае цяпло. У кадрах Яўгеніі няма глянцу і штучнасці, там рэальныя людзі і жывыя эмоцыі, — адзначыла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ.
Сёння работы Яўгеніі Пагранічнай можна ўбачыць у цэнтры Мінска. І, мяркуючы па рэакцыі першых гледачоў, гэтыя кадры сапраўды знаходзяць водгук — таму што гавораць на зразумелай кожнаму мове: мове кахання, цяпла і шчырасці.
Ягор ЧУРЫК
Фота аўтара і БелТА