Top.Mail.Ru

А ў вашага ката ёсць прапіска? Павінна быць, адказваюць спецыялісты і тлумачаць, навошта

Карыстальнікі TіkTok працягваюць актыўна абмяркоўваць пытанні «звярынай» прапіскі. Калі з абавязковай рэгістрацыяй сабак ужо ўсе разабраліся, то па катах ў людзей яшчэ ёсць пытанні. Адны пішуць, што ўзнікла блытаніна і катоў ставіць на ўлік не трэба, другія спрабуюць высветліць, якім будзе падатак на мурлык і на што ён пойдзе, трэція хвалююцца, ці не прывядзе «каціны перапіс» да вялікіх чэргаў у службу «Адно акно». Асобныя аўтары ўжо паведамляюць, што зарэгістравалі сваіх коцікаў, а сама працэдура заняла ў іх лічаныя хвіліны. Каб высветліць, што ж адбываецца на самай справе, мы звярнуліся да спецыялістаў.


Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Надзея Сяўрук, катоў таксама трэба рэгістраваць. Прычым правілы абавязковай рэгістрацыі хатніх гадаванцаў як сабак, так і катоў прынятыя яшчэ ў 2001 годзе (пастанова Савета Міністраў № 834). Але сёння за іх выкананнем будуць больш пільна сачыць. У рамках павышэння камунальнай дасведчанасці асобнымі арганізацыямі ЖКГ праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам, дзе можна атрымаць карысную інфармацыю, звязаную з утрыманнем жывёл.

У той жа час няведанне законаў не вызваляе грамадзян ад адказнасці, таму зацягваць з рэгістрацыяй вусатых не варта — парушальнікам можа пагражаць штраф да 15 базавых велічынь.

Зарэгістраваць гадаванца гаспадарам трэба на працягу трох дзён, як ён стаў з імі жыць, кацянят — на працягу 3-3,5 месяцаў (такі час даецца, каб гаспадар паспеў прыстроіць прыплод). Звяртацца трэба ў адміністрацыю па месцы жыхарства, у службу «Адно акно». Працэдура бясплатная і максімальна спрошчаная. Для яе патрабуецца толькі пашпарт і пры наяўнасці ветэрынарны пашпарт жывёлы. Калі чалавек пражывае ў кватэры па дагавору найму, тады спатрэбіцца і згода ўласніка кватэры. Пасля афармлення жывёлы яго гаспадар атрымлівае пасведчанне і жэтон. Як заўважыла Надзея Сяўрук, рэгістрацыя дазволіць наладжваць узаемадзеянне грамадзян з адпаведнымі арганізацыямі. Калі такі гадаванец згубіцца, яго прасцей будзе знайсці і вярнуць. У адрозненне ад уладальнікаў сабак, гаспадары катоў падатку на іх утрыманне не плацяць.

Людзі, якія яшчэ не разабраліся, што да чаго, і баяцца, каб з новымі правіламі ўтрымання жывёл не дадалося праблем, праз сацыяльныя сеткі спрабуюць прасоўваць уласныя інтарэсы. Прапануюць рэгістраваць толькі набытых пародзістых катоў і не чапаць гаспадароў, чые коцікі забяспечваюць «санітарны стан» — ловяць мышэй. Людзі таксама выказваюцца, што трэба ўводзіць бонусы для тых, хто падбірае бадзяжных жывёл у выглядзе льгот на лячэнне, стэрылізацыю і кармы.

Самае ж частае пытанне, якое ідзе пад пастамі, звязанымі з кацінай рэгістрацыяй, — «навошта?». Маўляў, Барсікі і Муркі сядзяць сабе дома, у адрозненні ад сабак, не выюць з-за сценкі, не кідаюцца на мінакоў, не пакідаюць «сюрпрызы» на газонах, і пляцоўкі ім для выгулу не патрэбныя. Тым не менш многія карыстальнікі TіkTok заўважылі, што абавязковая рэгістрацыя і кантроль неабходныя і за катамі. Пушыстыя суседзі таксама могуць дастаўляць праблемы, асабліва калі некаторыя «чуллівыя» гаспадары трымаюць у кватэры цэлую хвастатую банду, якую не здольныя даглядаць належным чынам, — так што смурод стаіць і на лесвічнай пляцоўцы, а час ад часу пранырлівыя каты выскокваюць у пад’езды і мецяць куты. Асабліва наракаюць на пухнатых ў прыватных сектарах. «У адной з маіх суседак 16 кошак, у другой — 6, у трэцяй — чатыры. 

І яны ўсе жывуць на вуліцы. Адпаведна і на маёй тэрыторыі таксама. Я не магу адкрыць у доме вокны, дзверы ў гаражы — усё адразу будзе памечана».

Натуральна з пераходам на абавязковую рэгістрацыю прыйдзецца прытрымлівацца і іншых правіл — сачыць за гадаванцам, каб ён не дастаўляў праблем суседзям, клапаціцца, каб не было лішняга прыплоду, не трымаць у шматкватэрных дамах больш за двух гадаванцаў.

Карыстальнікі, якія за навінамі сочаць, відаць, толькі праз сацыяльныя сеткі, абураюцца: «Ці быў прыняты закон, які б паляпшаў жыццё людзей і братоў нашых меншых?» Іх больш дасведчаныя калегі падказваюць, што абавязковая рэгістрацыя жывёл як раз будзе садзейнічаць рэалізацыі Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Яны вітаюць, што гаспадарам давядзецца жыць па правілах, бо цяпер хатніх гадаванцаў нельга будзе выкінуць на вуліцу. Есць і такія, хто прапануе не абмяжоўвацца толькі рэгістрацыяй, а ўвесці абавязковае чыпіраванне, каб несумленных гаспадароў, якія выкідваюць жывёл на вуліцу, можна было знайсці і прыцягнуць да адказнасці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю