Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» уваходзіць у лік буйных прадпрыемстваў нашай краіны. Яго гонар — гэта статус аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце, шырокая экспартная геаграфія — больш за 130 краін, вялікі штат супрацоўнікаў — больш за 16 тысяч чалавек, а таксама значны ўнёсак у сацыяльную інфраструктуру рэгіёна. За кошт прадпрыемства будуецца жыллё для работнікаў і дзіцячыя садкі, вядзецца рэканструкцыя санаторыяў і інтэрнатаў.
Для таго каб дэталёва пазнаёміцца з буднямі работы шахцёраў, мы пабывалі ў самым сэрцы горназдабывальнай галіны нашай краіны — горадзе Салігорску. За дзесяцігоддзі дзейнасці прадпрыемства тут змянілася не адно пакаленне шахцёраў. Нястомныя працаўнікі перадалі любоў да сваёй нялёгкай прафесіі дзецям і ўнукам. Мы пазнаёміліся з адной з такіх працоўных дынастый — сям’ёй Далматовічаў.
Справу бацькоў прадоўжылі дзеці і ўнукі
Пачынальнікам дынастыі стаў Валянцін Еўдакімавіч Далматовіч, які нарадзіўся ў вёсцы Доўгае Старобінскага раёна Бабруйскай вобласці. Прайшоўшы службу ў арміі, мужчына скончыў Пінскі тэхнікум адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў у 1969 годзе. Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі яго ў г. Валчанск, што на Урале. Там ён ажаніўся, стаў бацькам двух сыноў. Для таго каб забяспечваць сям’ю, мужчына ўладкаваўся працаваць у шахту, дзе вялася здабыча вугалю. Але цягнула на Радзіму, і ў 1970 годзе Валянцін Еўдакімавіч пачаў працоўны шлях на солеадвале ў Салігорску. (Солеадваламі называюцца ўчасткі, дзе здабываліся карысныя выкапні адкрытым спосабам.)
«Цяпер пры здабычы парод на прадпрыемстве выкарыстоўваюцца адвалаўтваральнікі — вялікія аўтамабілі. Адвальная страла даўжынёй 110 метраў. У той жа час у 1970 годзе былі толькі ротарныя мятальнікі — устройствы накшталт вялікіх вентылятараў, якія круцяцца і выкідваюць соль, — успамінае Валянцін Еўдакімавіч. — Працаваць, безумоўна, было нашмат цяжэй. Калі ва ўстройства трапляла гума ці хтосьці ўпускаў ключ, яно пераставала працаваць. Сёння ж выкарыстоўваецца тэхніка, якая дазваляе аператыўна, без затрымак выконваць значныя аб’ёмы работ.

Разам з Валянцінам Еўдакімавічам працавала і жонка Марыя Леанідаўна. Па прыкладзе бацькоў звязалі сваё жыццё з нялёгкай прафесіяй і двое сыноў — Алег і Андрэй. Абодва скончылі Салігорскі горна-хімічны тэхнікум. Алег аддаў рабоце ў шахце каля трыццаці гадоў, больш за дваццаць адпрацаваў і Андрэй. Тут жа, у шахце, працавала і спадарожніца жыцця Алега Алена. Жонка Андрэя Таццяна працуе ў ААТ «Беларуськалій» пятнаццаць гадоў. Спачатку была машыністам канвеера, а цяпер яна транспарцёршчык.
«На рудаўпраўленне № 1 я прыйшоў працаваць у канцы дзевяностых, — расказвае Андрэй Валянцінавіч. — Быў электраслесарам на РМУ, а праз тры месяцы мяне прызначылі механікам. У полі зроку знаходзіліся лавы ачышчальныя, прахадныя, падрыхтоўчыя комплексы... Напрыклад, на адным участку былі тры ачышчальныя лавы і тры прахадныя комплексы. Паколькі аб’ём работы трэба было выконваць вялікі, мяне прызначылі сюды другім механікам. Акрамя двух механікаў, тут працаваў і адзін энергетык».
Андрэй Валянцінавіч праявіў сябе адказным і ініцыятыўным спецыялістам, таму праз некаторы час яго прызначылі механікам па мантажы лаў, затым — начальнікам горна-мантажнага ўчастка. Праз два з паловай гады гэты ўчастак стаў найлепшым дапаможным, і мужчыну прызначылі намеснікам галоўнага механіка. Тут, у аддзеле галоўнага механіка па рамонце забойнага абсталявання, ён адпрацаваў 13 гадоў. Як выдатнага спецыяліста яго прызначылі галоўным механікам.
Цяпер Андрэй Валянцінавіч на заслужаным адпачынку. Па прыкладзе бацькі прыйшоў працаваць у ААТ «Беларуськалій» сын Антон. Хлопец скончыў БНТУ, і зараз працуе намеснікам галоўнага механіка. У полі яго зроку знаходзіцца эксплуатацыя абсталявання на трох гарызонтах. Дачка Ліана набыла спецыяльнасць эканаміста ў інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці і цяпер працуе маркетолагам у
ААТ «Беларуськалій». Такім чынам, для ўсёй сям’і работа ў шахце стала важным этапам жыцця.
Спуск у шахту — уражанні незабыўныя!
Для таго каб на свае вочы пабачыць, як працуюць шахцёры, нам было прапанавана спусціцца ў шахту. Апрануўшы форму, узброіўшыся ўсімі неабходнымі прыладамі, з Андрэем Далматовічам, ветэранам працы, і яго сынам Антонам, намеснікам галоўнага механіка, уваходзім у ліфт-патэрностар і спускаемся на глыбіню 420 метраў. На значнай глыбіні адчулі прыемную прахалоду, а паветра было напоўнена асаблівай свежасцю. Разам са спецыялістамі едзем на месца у глыб шахты, дзе вядзецца здабыча мінералу сільвініту, калійнай солі і г. д. Вакол — цемра, толькі наперадзе, у месцы, дзе вядзецца здабыча карысных выкапняў, гарыць святло.

І вось мы знаходзімся каля селекцыйнай лавы. Спачатку здымаецца слой сільвініту, потым — слой гліны, якая закладваецца ў спецыяльныя комплексы, і зноў — слой сільвініту. Карысныя выкапні здымаюцца пры дапамозе спецыяльнага камбайна, за спраўнасцю якога сочаць слесары. Менавіта на іх заўсёды ўскладаецца вялікая адказнасць, таму што ў выпадку няспраўнасці камбайна паломку трэба ліквідаваць у кароткі тэрмін.
— Ці можа ў шахце ўзнікнуць абвал? — пытаемся з асцярогай.
— Так. Шахцёры прыслухоўваюцца да гукаў вакол. Калі раптам пачуецца трэск, у найбліжэйшы час можа здарыцца абвал. Паколькі ўстройства шахты прадугледжвае месца для ўкрыцця, трэба хутка зайсці туды, каб пазбегнуць няшчаснага выпадку.
Быць электраслесарам — гэта прызванне
Звяртаем увагу на тое, што камбайн, які вядзе здабычу выкапняў, спыніў работу. Здарылася паломка, якую хутка павінны ліквідаваць спецыялісты. Электраслесар Дзмітрый Пранько шукае прычыну паломкі рухавіка ходу, што перастаў працаваць.
«Мы павінны за кароткі тэрмін устанавіць прычыну паломкі і аднавіць работу камбайна, — адзначае Дзмітрый Аляксандравіч. — Прычыну мы ўстанавілі, рамонт заканчваем — і лава хутка пойдзе на запуск».
Побач з электраслесарам працуюць калегі — энергетык падземнага рамонтна-мантажнага ўчастка Ігар Уласевіч і электраслесар дзяжурны і па рамонце абсталявання падземны Ілья Адзінец.
Дзмітрый Аляксандравіч працуе ў шахце ўжо 18 гадоў. Уладкаваўся сюды пасля заканчэння Салігорскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 104. Разам з працай у шахце завочна скончыў БНТУ, дзе набыў спецыяльнасць механіка. Аднак, нягледзячы на тое, што атрымаў вышэйшую адукацыю, па-ранейшаму працуе электраслесарам.
«Мне вельмі падабаецца гэта работа, паколькі разумею, наколькі яна неабходная ў шахце. Яна нагадвае «мазгавы штурм»: трэба хутка ўстанавіць прычыну паломкі і прыняць усе належныя меры па яе ліквідацыі. Паколькі абсталяванне даволі складанае, прычыну можна высветліць не адразу. Камбайн аснашчаны мноствам блокаў, механізмамі абароны, кіравання, і ўстанавіць прычыну нялёгка. Спачатку я працаваў электраслесарам па праходных камбайнах, потым — у зоне лаў, а зараз з’яўляюся брыгадзірам рамонтнай брыгады РМУ.

— Як жа пачынаецца ваш звычайны працоўны дзень?
— Мы прыходзім на змену, спачатку — агляд у медпункце. Пакуль за намі прыязджае кіроўца, які даставіць на ўчастак, калегі збіраюць інструмент, запчасткі, што спатрэбяцца ў рабоце. Калі нам трэба выканаць прафілактычныя работы, мы бяром з сабой правады, жылы, кабелі, паколькі ведаем, з чым будзем працаваць.
Персанал, які займаецца рамонтам абсталявання, павінен мець высокую кваліфікацыю. Асаблівую ўвагу ўдзяляем бяспецы людзей, каб у працэсе рамонту ніхто не атрымаў траўму. Працоўная змена пачынаецца ў 6.45 і заканчваецца ў 13.45.
У некаторых выпадках даводзіцца знаходзіць прычыну паломкі нават вопытным спецыялістам на працягу не адной змены. Аднак гэта праца мне вельмі падабаецца, таму цяжкасцяў я не заўважаю. Паступова вывучаюцца абсталяванне, яго схемы — і цяжкасці знікаюць. Да таго ж я працую разам з людзьмі, якія добра ведаюць сваю справу.
З цікавасцю сочым за работай электраслесараў. На нашых вачах паломка была ліквідавана аператыўна — і камбайн прыступіў да работы. Прызнаюся шчыра: за працэсам здабычы мінералаў я сачыла з заміраннем сэрца. Пры дапамозе тэхнікі здымаецца слой сільвініту, які па канвееры праходзіць даволі вялікую адлегласць. Перад тым, як з карысным выкапнем пачнецца далейшая работа, ён праходзіць некалькі этапаў транспарціроўкі. Які ж гэта цікавы і захапляльны працэс!
«Спусціўшыся ў шахту сёння разам з вамі, я на некаторы час вярнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў таму і адчуў прыемнае хваляванне, — шчыра прызнаецца Андрэй Далматовіч. — З шахтай звязана практычна ўсё маё жыццё, тут адпрацавалі шмат гадоў мае бацькі і родныя, таму асабіста для мяне работа ў шахце стала любімай справай. Нават калі я пайшоў на заслужаны адпачынак, часта бачыў свае працоўныя будні ў сне, — з усмешкай адзначае Андрэй Валянцінавіч. Мне вельмі прыемна, што тут праяўляюць сябе добрымі спецыялістамі мае дзеці. Вельмі спадзяюся, што яны дастойна прадоўжаць нашы справы, якія выконвалі з душой».

Знаходзячыся ў шахце, мы адчулі асаблівы зарад энергіі. Назіраючы, як адказна працуюць спецыялісты, як аператыўна выконваюць свае абавязкі, мы зразумелі, што ААТ «Беларуськалій» аб’ядноўвае людзей, якія выконваюць сваю работу самааддана. Здабыча карысных выкапняў — справа сапраўдных мужчын, якія не пасуюць перад цяжкасцямі і сваёй бездакорнай працай ствараюць агульны дабрабыт прадпрыемства і ўсёй краіны.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА