Top.Mail.Ru

Аб асаблівасцях прыёму на работу непаўналетніх расказалі ў Мінпрацы

Аб асаблівасцях прыёму на работу непаўналетніх расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведаміла БелТА.


У Мінпрацы нагадалі, што ў Беларусі непаўналетнія могуць быць прыняты на работу з 16 гадоў, а з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў або папячыцеля — з 14 гадоў. «Працоўны дагавор з непаўналетнім заключаецца толькі ў пісьмовай форме, у двух экзэмплярах. Без папярэдняга выпрабавання наймальнік павінен аформіць загад аб прыёме, азнаёміць работніка з умовамі працы, правесці інструктаж па ахове працы і завесці працоўную кніжку (калі яе няма) і картку сацыяльнага страхавання», — паведамілі ў прэс-службе.

Згодна з заканадаўствам, непаўналетніх нельга прыцягваць да начных і звышурочных работ, а таксама да работы ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні. Для іх устаноўлены пералік забароненых работ, уключаючы цяжкія, шкодныя і небяспечныя ўмовы працы.

Працягласць рабочага часу ў дзень для асоб 14-16 гадоў складае 4 гадзіны 36 мінут, для 16-18-гадовых — 7 гадзін. Зарплата пры скарочаным рабочым часе выплачваецца ў тым жа памеры, што і дарослым за поўную норму.

Праходжанне медыцынскага агляду для работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў абавязковае: як папярэдняга пры прыёме, так і штогадовага. Водпуск непаўналетнім плануецца летам або па іх жаданні ў іншы зручны час. Пры гэтым працягласць асноўнага водпуску складае 30 каляндарных дзён.

У Мінпрацы таксама звярнулі ўвагу, што на партале дзяржаўнай службы занятасці цяпер больш як 20,8 тыс. вакансій для моладзі, з іх амаль 11 тыс. для непаўналетніх.

З мінулага года магчымасцей стала больш: у 2025 годзе быў пашыраны спіс лёгкіх відаў работ для дзяцей 14-16 гадоў. Цяпер наймальнікі могуць прымаць на работу падлеткаў па больш як 160 прафесіях. Падлеткі могуць працаваць у дыспетчарскіх і call-цэнтрах, займацца фларыстыкай і дапамагаць у кветкавых магазінах, а таксама выконваць зборку/разборку простых механізмаў, расклейку аб’яў, прамоўтынг і дастаўку ежы і тавараў дадому.

Акрамя таго, у красавіку гэтага года быў скарэкціраваны пералік забароненых для падлеткаў работ. Са спіса выключана прафесія «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», якая раней была пад забаронай. Артыкул 25 закона «Аб дарожным руху» дазваляе з 17 гадоў атрымліваць права кіравання колавым трактарам і самаходнай машынай катэгорый A, B, C, F. «На практыцы ўзнікла сітуацыя, калі выпускнікі прафтэхвучылішчаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, ужо маюць пасведчанне трактарыста-машыніста, але не могуць працаваць па спецыяльнасці. Каб устараніць гэту супярэчнасць і пашырыць магчымасці працаўладкавання падлеткаў, і была знята забарона», — дадалі ў ведамстве.

Таксама ў рамках праекта Мінпрацы і сацабароны «Час добрых спраў» падлеткі могуць уладкавацца ў сацыяльныя ўстановы, дзе будуць аказваць дапамогу пажылым людзям у пансіянатах, падтрымліваць людзей з інваліднасцю або працаваць у тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю