Top.Mail.Ru

Аб чым актыўная мінская моладзь расказвала мэру сталіцы

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшла сустрэча старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава з абноўленым складам маладзёжных саветаў пры адміністрацыях раёнаў Мінска. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.


Мэр Мінска адзначыў, што правядзенне такіх сустрэч для мясцовых органаў улады вельмі важна. «Мы бачым, што моладзь сёння вельмі актыўна працуе па многіх кірунках. Члены маладзёжных саветаў пры адміністрацыях раёнаў, якія сустракаюцца з людзьмі, бачаць многія праблемы і маюць свой асаблівы погляд на рэчы. Я думаю, разам мы знойдзем вырашэнне праблемных пытанняў, залог поспеху — гэта калі моладзь сама хоча дапамагчы людзям», — адзначыў Уладзімір Яўгенавіч.

Старшыня Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Першамайскага раёна Павел Трубека расказаў, што многія мерапрыемствы раёна сёлета будуць прымеркаваныя да Года добраўпарадкавання. «Распрацаваны план праекта па азеляненні нашага раёна, які будзе называцца «Маладзёжная алея», або «Алея моладзі». Яна размесціцца ў скверы насупраць Першага нацыянальнага гандлёвага дома, — расказаў ён.

Сёлета адзначаецца знакавая дата — 80 гадоў Вялікай Перамогі. Паводле слоў спікера, саветам таксама распрацаваныя некалькі ініцыятыў, да яе прымеркаваных, якія будуць рэалізоўвацца ў найбліжэйшы час. Адна з іх — стварэнне валанцёрскага атрада сумесна з Генеральнай пракуратурай. «Прыадкрыю заслону таямніцы: ужо летам мы паедзем у адну з абласцей нашай краіны, дапаможам зняць першы пласт зямлі на нядаўна адкрытым месцы злачынства генацыду беларускага народа», — паведаміў Павел.

Немалаважным кірункам дзейнасці гэтага Маладзёжнага савета з’яўляецца работа са СМІ. Мінулы год, па словах спікера, паказаў, наколькі важна быць медыйным, расказваць аб сваёй дзейнасці ў інфармацыйным полі. «Мы задумалі праект сумесна з агенцтвам „Мінск-Навіны“ пад назвай „Мінск маладзёжны“. У ім раскажам пра гістарычныя мясціны нашага горада, а дакладней — тыя гісторыі і факты, якія людзі, магчыма, яшчэ не ведаюць пра сталіцу».

У склад Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Заводскага раёна ўваходзяць 25 ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат, расказаў яго старшыня Дзмітрый Шустаў. «За мінулы год намі была праведзена вялікая работа. За гэта хачу падзякаваць адміністрацыі Заводскага раёна, паколькі большасць з тых ініцыятыў, якія намі прапаноўваліся, былі падтрыманыя і рэалізаваныя пры іх дапамозе. Напрыклад, „Гісторыя сям’і ў чамадане“. Ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Намі была прадстаўлена экспазіцыя з прадметаў сямейнага архіва, якая размяшчалася на „Чыжоўка-Арэне“. Мы, дарэчы, плануем развіваць гэту ініцыятыву і далей», — адзначыў спікер.

Дзмітрый расказаў, што адной з новых ідэй, якую запланаваў рэалізаваць савет, стала ўзвядзенне аркі вечнага подзвігу: «Мы натхніліся вопытам на Сусветным фестывалі моладзі. На кожнай частцы збудавання прапануем размясціць гістарычна пераломныя моманты, якія адбыліся падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Заводскага раёна».

Член Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Марта Мірэйка расказала журналістам, што ў раёне сёлета будуць развіваць два праекты: азелянення раёна, а таксама прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. «Вельмі спадзяёмся, што Уладзімір Яўгенавіч (старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — „Зв.“) ацэніць і падтрымае нашы ініцыятывы. У цэлым удзел у савеце дапамагае мне з прафесійнага пункту гледжання. Мая работа звязана з моладдзю. Таму тыя ідэі, якія я чэрпаю на працы і ў савеце, магу злучыцьразам, атрымліваюцца яшчэ больш цікавыя праекты», — дадала яна.

Маладзёжны савет Цэнтральнага раёна таксама рыхтуе шэраг мерапрыемстваў, расказала намеснік старшыні Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ганна Бачыла: «Многія з іх будуць прысвечаны Году добраўпарадкавання і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вядома, ёсць праекты па добраўпарадкаванні, планы па стварэнні муралаў у гонар Герояў Савецкага Саюза. Упэўнена, сустрэча са старшынёй Мінгарвыканкама дапаможа нам рэалізаваць усе ідэі. Яна карысная і тым, што гэта перадача вопыту ад больш старэйшага пакалення малодшаму. Як кажуць, час выбраў нас, а значыць, мы павінны дапамагаць захоўваць наш Мінск і рабіць яго больш сучасным, тым цэнтрам, на які будуць раўняцца ўсе».

Лізавета Грышкевіч працуе на Мінскім заводзе колавых цягачоў. У Маладзёжным савеце пры адміністрацыі Заводскага раёна дзяўчына адказвае за прамысловы сектар. «Мы займаемся вольным часам маладых людзей, вядзём работу для таго, каб у дзяўчат і хлопцаў былі наладжаны сацыяльныя сувязі, распрацоўваем розныя акцыі і мерапрыемствы. Вельмі ганаруся, што мне прапанавалі пасаду члена Маладзёжнага савета. Мая мэта ў ім — прадстаўляць свой завод, даносіць думкі, якія моладзь не заўсёды можа агучыць», — рэзюмавала дзяўчына.

Напрыканцы мерапрыемства старшыня Мінскага гарвыканкама падзякаваў моладзі за работу. «Моладзь — будучыня нашай краіны. У вас сёння ёсць вельмі шмат задаткаў, і калі вы будзеце рухацца ў тым жа, станоўчым, кірунку — усё атрымаецца», — запэўніў мэр Мінска.

Фота minsknews.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю