Ім заўжды цікавы наш Прэзідэнт, а Аляксандр Лукашэнка, як вядома, заўсёды адкрыты да дыялогу. Гэты раз не стаў выключэннем. На палях Глабальнага атамнага форуму журналісты задалі некалькі пытанняў беларускаму лідару.
Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, ці будзе ён перадаваць нейкае паведамленне ад прадстаўнікоў ЗША свайму расійскаму калегу падчас асабістай сустрэчы. «Я яму заўтра перадам усе вестачкі і паведамленні. Тым больш, гэта такі вялікі блок для абмеркавання нашых пытанняў агульных. Там мы абмяркуем прапановы некаторыя», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. У цэлым, па яго словах, назапасілася шмат пытанняў для абмеркавання з Прэзідэнтам Расіі.
Журналісты таксама папрасілі ацаніць прапанову Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па далейшым лёсе Дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў. «Бліскучая ініцыятыва», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на паслядоўную палітыку Расіі і правёў паралель з тэматыкай форуму, дзе гаворка ішла пра развіццё атамнай энергетыкі, і ў тым ліку пра гатоўнасць Расіі дзяліцца сваімі перадавымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. «Я сёння казаў пра атам. Усе нас дзяўбуць: і агрэсары, і саагрэсары, і мы такія-сякія... а мы, перш за ўсё Расійская Федэрацыя, прапануем свету: вось мірны атам, давайце развівацца, вось вам мірныя тэхналогіі — бярыце», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Тое ж самае, па яго словах, тычыцца дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў. «Колькі б мы тут не целяпаліся пра розныя канфлікты (гэта дрэнна, людзі гінуць і гэтак далей), але не дай бог мы не вырашым праблему, пра якую вы сказалі, быць бядзе. І Расія ў гэты момант працягвае руку ўсім: давайце дамаўляцца. Не можаце сёння — давайце на год працягнем дагавор і дамовімся. Таму я з вялікім задавальненнем пачуў гэтую прапанову Уладзіміра Уладзіміравіча і абсалютна яго падтрымаў. Гэта адсоўвае глабальную вайну», — растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты заўважылі, што гэтую прапанову варта было б падтрымаць і амерыканцам. Беларускі лідар паабяцаў перадаць гэта Дональду Трампу. «Як бунтар і рэвалюцыянер ён адназначна падтрымае гэтую ініцыятыву. І потым, у Трампа вялікая сям’я, і што мне падабаецца, ён любіць сям’ю, цэніць сям’ю, любіць дзяцей і ён ведае, да чаго можа прывесці глабальнае сутыкненне і вайна», — адзначыў ён. Тым больш, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, амерыканскі лідар ужо спыніў некалькі канфліктаў. «Ён робіць усё, каб гэтай вайны не было. Калі ён шчыры ў гэтым памкненні, ён абавязкова падтрымае гэтую ініцыятыву. Я чамусьці ўпэўнены, што падтрымае», — падзяліўся меркаваннем Прэзідэнт.
Яшчэ адно пытанне тычылася «Арэшніка». Журналісты ўдакладнілі, ці даехаў ён да Беларусі. «Ужо ў дарозе. Усё будзе нармальна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.