Канкрэтна — аб канкрэтных справах
Мэты вызначаны, задачы пастаўлены. Надышоў час канкрэтных спраў. Гэтыя пасылы Прэзідэнта, агучаныя на другім пасяджэнні сёмага УНС, — кіраўніцтва да дзеяння як для ўсёй краіны, так і для кожнага яе грамадзяніна. Каб данесці да кожнага вынікі вялікага народнага веча, асноўны з якіх — прыняцце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, дэлегаты УНС на месцах сустракаюцца ў працоўных калектывах, у маладзёжных аўдыторыях. Прапаноўваем даведацца, як праводзяць такія сустрэчы прадстаўнікі мясцовай улады.
Пра бяспеку, дэмаграфію і турызм
Маладыя людзі не заўсёды паглыблены ў палітычнае жыццё, а менавіта ім працягваць зробленае старэйшым пакаленнем, умацоўваць і развіваць краіну, таму так важна данесці да іх усе важныя пасылы, зробленыя Прэзідэнтам у сваім Пасланні, рашэнні, прынятыя на Усебеларускім народным сходзе. Так абазначыў значэнне сустрэч дэлегатаў УНС з моладдзю падчас адкрытага дыялогу ў ГрДУ імя Я. Купалы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.
Як падкрэсліў кіраўнік Гродзенскага рэгіёна, мы жывём у краіне, у якой жыццё мірнае і спакойнае, няма ўнутраных узрушэнняў, дэфіцыту, высокай злачыннасці, таму палітыка людзям не заўсёды вельмі цікавая. Гэта нармальны працэс, мяркуе старшыня аблвыканкама. «Менавіта гэта меў на ўвазе Прэзідэнт на УНС, гаворачы, што лепш нам жыць „сумна“, без „гарачых“ навін, калі ўсё працуе дакладна і планамерна. Гэта значыць, усе могуць спакойна планаваць жыццё, вучобу, водпускі, падарожжы, бытавыя справы. З „гучных“ навін можна ўспомніць закрыццё-адкрыццё пунктаў пропуску, але гэта ўсё ж не большасць людзей моцна хвалюе», — адзначыў Юрый Караеў.
Кіраўнік рэгіёна ўзняў таксама тэму дэмаграфіі, якая ў першым шэрагу ўвайшла ў склад ключавых прыярытэтаў развіцця
Беларусі на будучую пяцігодку. «На Захадзе гэта праблема стаіць значна больш востра, — адзначыў ён. — Яны пайшлі па шляху замяшчэння свайго насельніцтва мігрантамі, што стварае нямала праблем. У недалёкай перспектыве працэнт мігрантаў можа перавысіць колькасць карэнных жыхароў многіх еўрапейскіх краін. Вось гэта дэмаграфічная катастрофа. Мы павінны ў сябе прадухіліць такое развіццё падзей. Дэмаграфічная бяспека — першы і самы галоўны прыярытэт».
Студэнты актыўна задавалі пытанні аб тым, як служыць нацыянальнай бяспецы размяшчэнне ў Беларусі «Арэшніка», аб будаўніцтве трэцяга энергаблока Беларускай АЭС, аб тым, якія ўмовы будуць стварацца для моладзі ў вёсцы, як будзе расці турыстычная прывабнасць Гродзеншчыны, узнімалася і тэма размеркавання, якое, дарэчы, у ГрДУ стапрацэнтнае. Размова прайшла ў фармаце дыялогу і паказала, што студэнцкай моладзі цікавыя перспектывы развіцця краіны, яна бачыць сябе ўдзельнікам гэтага працэсу і актыўна шукае ў ім сваё месца.
Галоўны індыкатар працы — людзі
Дэлегат УНС, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч ужо правяла сустрэчы ў Інстытуце пагранічнай службы, са старшынямі сельскіх саветаў і ў сельскагаспадарчых арганізацыях, таксама адбыўся дыялог у Воранаўскай сярэдняй школе. Бягучы тыдзень таксама распісаны, сустрэчы з грамадзянамі працягнуцца.
— Важна данесці да ўсіх пасыл Прэзідэнта, што цяпер настаў час канкрэтных дзеянняў, і гэты час выбраў нас, — падкрэслівае Алена Янаўна. — Як сказаў кіраўнік дзяржавы, давайце не будзем перакладваць нявырашаныя праблемы на плечы нашых дзяцей. А перш чым звяртацца да кагосьці са сваімі пытаннямі, спачатку спытайце сябе: «Што для іх вырашэння зрабіў я?»
Нельга паспрачацца з тым, што настаў час канкрэтных спраў. І мясцовыя органы ўлады гэта дакладна разумеюць і прытрымліваюцца дадзенага прынцыпу. Таму што галоўны індыкатар нашай працы — гэта людзі, і калі нешта будзе не так, мы пра гэта даведаемся адразу. Паколькі наш раён сельскагаспадарчы, першарадная задача — захаваць сяло. На Усебеларускім народным сходзе яшчэ раз было падкрэслена: моцныя рэгіёны — моцная краіна, таму мы будзем прыкладаць усе намаганні для павелічэння прывабнасці сельскіх тэрыторый для жыцця. Гэта, вядома, праца па развіцці інфраструктуры і паляпшэнні ўмоў жыцця. Лічым вельмі важным захоўваць у вёсцы школы і дзіцячыя садкі, нават калі яны малакамплектныя, бо як толькі нейкі сацыяльна значны аб’ект закрываецца — населены пункт пачынае згасаць. У раёне пражывае больш за 20 тысяч чалавек, і каля 13 тысяч з іх — сельскія жыхары. Таксама важна, каб на нашых сельскагаспадарчых прадпрыемствах былі дастойныя ўмовы працы, гэтаму пасадзейнічае курс на мадэрнізацыю малочнатаварных комплексаў. Заработная плата таксама мусіць быць на ўзроўні. Напрыклад, у гаспадарках заробак маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй можа дасягаць
3 тысяч рублёў. Важна развіваць інвестыцыйную дзейнасць, і ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» у Воранаўскім раёне ў наступным годзе будзе рэалізаваны праект рэканструкцыі будынкаў, збудаванняў, інжынернай і транспартнай інфраструктуры з узвядзеннем ТЛЦ Беняконі — Белтаможсэрвіс. Будзе прадоўжана работа па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у сферы сельскай гаспадаркі. Вядома, у планах развіццё турыстычнага патэнцыялу. У Воранаўскага раёна багатая гісторыка-культурная спадчына, і мы актыўна яе папулярызуем, у прыватнасці дзякуючы брэндавым мерапрыемствам. Будзе прадоўжана рэалізацыя грамадскіх ініцыятыў у сельскай мясцовасці, накіраваных на старэнне камфортных умоў жыцця.
«Хвалюе тэма беларускай вёскі»
Дэлегат УНС, старшыня Хальчанскага сельвыканкама Веткаўскага раёна Віталій Жаўтаногін уражаннямі ад удзелу ў народным веча, галоўнымі пасыламі, на якія звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, падзяліўся на сустрэчах з жыхарамі Веткаўскага раёна. Ён выступіў перад калектывам Хальчанскай базавай школы, актывам Хальчанскага сельвыканкама і Веткаўскага райвыканкама, а таксама правёў сустрэчы па выніках УНС з жыхарамі населеных пунктаў Хальчанскага сельсавета.
— Прайшло ўжо некалькі тыдняў пасля завяршэння УНС, але ўнутраны эмацыянальны ўздым не адпускае дагэтуль. Вельмі моцнае ўражанне пакінула выступленне Прэзідэнта, яго глыбокі аналіз таго, як сёння развіваецца краіна, куды нам рухацца далей. Безумоўна, як прадстаўніка мясцовага кіравання мяне кранула ў выступленні тэма беларускай вёскі. Больш дакладна, чым кіраўнік дзяржавы, не сфармулюеш: калі не будзе вёскі, то не будзе і горада. Было заўважна, што і для Прэзідэнта пытанне развіцця сельскіх тэрыторый — тэма вельмі блізкая, якую ён глыбока разумее і бачыць. Дзе будуць жыць нашы дзеці? Ці будзе работа? Як забяспечыць камфортнае жыццё? Гэта пытанні, якія хвалююць жыхароў усіх малых населеных пунктаў. І на Усебеларускім народным сходзе чарговы раз было падкрэслена, што ўсе пытанні забеспячэння жыццядзейнасці на сельскіх тэрыторыях — у цэнтры ўвагі дзяржавы.
Дарэчы, на пракладзе нашага сельсавета таксама можна паглядзець, як такія важныя падыходы ажыццяўляюцца. У гэтым годзе праведзена рэканструкцыя ўчастка дарогі Гомель — Ветка, працягваецца рэканструкцыя найважнейшага транспартнага аб’екта — моста праз раку Сож. Стабільна працуюць два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У вёсцы Хальч знаходзіцца вельмі перспектыўны турыстычны аб’ект — будынак былой сядзібы Халецкіх і Войніч-Сенажэцкіх. Вядома, тут неабходна маштабная рэканструкцыя, але спадзяёмся, што калі-небудзь гэта славутасць нашага Веткаўскага раёна стане турыстычнай жамчужынай Гомельшчыны. Жыхары сельсавета сёлета выступілі з ініцыятывай закласці сквер побач з панскай сядзібай, падалі заяўку на ўдзел у конкурсе праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
У нас на тэрыторыі восем населеных пунктаў, і людзі праз аўкцыён з задавальненнем купляюць зямельныя ўчасткі нават у невялікіх пасёлках для будаўніцтва дамоў, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Добра развіваецца гандаль. Толькі ў Хальчы аж 4 крамы — здаровая канкурэнцыя. І асартымент, і якасць прадукцыі гарантуюць. Таксама на базе нашага Хальчанскага ФАПа рэалізаваны першы і ў Гомельскай вобласці, і ў краіне ў цэлым пілотны праект — адкрыты сацыяльны сэрвіс «Пункт здароўя».
Як і падкрэсліў у сваім выступленні на УНС Прэзідэнт, наша задача на месцах — захоўваць і памнажаць тое, што ўжо зроблена, далей ствараць умовы, каб прыязджалі людзі і заставаліся жыць у сельскай мясцовасці.
Паводле нашых карэспандэнтаў