Top.Mail.Ru

Аб чым гаварылі ўдзельнікі IV Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса

Памятаць гісторыю, каб зберагчы мір 


У чарговы раз беларуская сталіца стала эпіцэнтрам захавання і абароны гістарычнай памяці, недапушчэння фальсіфікацый падзей Другой сусветнай вайны, барацьбы з распаўсюджваннем ідэй нацызму і фашызму, умацавання міжнароднай бяспекі. Аб высокім узроўні кангрэса, а значыць, занепакоенасці навуковай і экспертнай супольнасці сітуацыяй у свеце, сведчыць шырокая геаграфія форуму — непасрэдна з трыбуны і ў фармаце відэаканферэнцсувязі прадстаўнікі 36 краін заявілі, што не дапусцяць паўтарэння трагічных падзей 1941 — 1945 гадоў, а таму прыкладуць усе намаганні для захавання міру на планеце.

Перад пленарным пасяджэннем кангрэса яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да Вечнага агню каля манумента Перамогі. 

«Мы гэтага дапусціць не можам» 

Зварот Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам IV Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса агучыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ.


Ад сябе дзяржсакратар адзначыў, што цяперашняя міжнародная абстаноўка мае несуцяшальныя тэндэнцыі, якія ўзмацняюць напружанасць у свеце, вядуць да развязвання гібрыдных войнаў, з’яўлення новых выклікаў і пагроз, якія ўплываюць на бяспеку многіх дзяржаў. «Адным з выклікаў, пагрозай з’яўляецца праява фашызму і неанацызму, — канкрэтызаваў ён. — На жаль, сёння многія кіраўнікі Еўропы забыліся, да якіх трагічных наступстваў 85 гадоў таму прывёў фашызм».

Па словах Аляксандра Вальфовіча, Беларусь заўсёды выступала і выступае за недапушчэнне распаўсюджвання фашызму, за захаванне гістарычнай памяці. «Гэта пытанне з’яўляецца адным з найважнейшых, якому ўдзяляе ўвагу кіраўнік нашай дзяржавы, — удакладніў ён. — І правядзенне па ініцыятыве Міністэрства абароны чацвёртага Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса сведчыць аб тым, што Беларусь робіць сапраўдныя крокі для недапушчэння гэтага зла і шкоды ўсяму чалавецтву».

Міністр абароны Віктар ХРЭНІН нагадаў, што фашызм як дзяржаўная сістэма нацысцкай Германіі быў разгромлены ў маі 1945 года і асуджаны Міжнародным ваенным трыбуналам. «Гэта гістарычны факт, які не падлягае перагляду, — падкрэсліў ён. — Аднак, на жаль і нават на сорам чалавецтва, ідэалогія фашызму канчаткова не пераможана: яна сёння муціравала, прыстасавалася — і гэта таксама факт».


Сучасны нацызм, па словах кіраўніка абароннага ведамства, на працягу гэтага часу вельмі моцна маскіраваўся, прыкрываўся ідэямі барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека. «Сёння мы бачым, што ён ужо не маскіруецца, а паказаў сваё сапраўднае аблічча і з маргінальнай плоскасці перайшоў у дзяржаўную сістэму, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — У суседніх з намі краінах ужо на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб знішчэнні помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкага народа. Шэсце нацыстаў, калабарацыяністаў, русафобія, перапісванне гісторыі — гэта ўсё выклікае велізарную трывогу ў нас». 

Каб ідэі нацызму і фашызму не ўзнімалі сваю галаву, па меркаванні міністра абароны, голас тых, хто супраць гэтага, павінен гучаць, у тым ліку з трыбуны Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса. «Сёння чалавецтва здае іспыт: як мы засвоілі ўрокі гісторыі, ці зможам мы дапусціць, каб гісторыя выйшла на новы віток і зноў развязалася кровапраліцце на нашай зямлі, — растлумачыў Віктар Хрэнін. — Мы гэтага дапусціць не можам. Для таго, каб не даць адрадзіцца нацызму, фашызму, мы ўсе павінны выступіць агульным фронтам і пра гэта вельмі гучна заяўляць».

«Фашызм — гэта рэальная пагроза сучаснаму чалавецтву»

І пра гэта гучна заяўляем не толькі мы, беларусы і расіяне, для якіх падзеі Вялікай Айчыннай вайны — дагэтуль незагойная рана, а і прадстаўнікі нават тых краін, дзе нацызм узнімае галаву, вялікія дзяржаўныя сродкі ідуць на мілітарызацыю. Гэта сведчыць толькі аб адным: звычайныя людзі, большасць з іх, памятаюць урокі гісторыі, а таму не хочуць вайны.

У пытанні захавання памяці аб падзеях Другой сусветнай вайны і абароны гістарычнай праўды, як звярнуў увагу намеснік старшыні Рабочай партыі Вялікабрытаніі Ахмад ІМЦІЯЗ, трэба браць прыклад у беларускага народа. «Беларусь — тая краіна, якая цаной жыцця вялікай колькасці людзей стала фарпостам барацьбы з фашызмам, — сказаў ён. — І ў беларускай гісторыі вельмі нямала ўрокаў, якія мы можам атрымаць. Мы павінны цаніць сапраўдную гісторыю, а не тое, што нам навязваюць знешнія сілы. Мы выступаем за мірнае ўрэгуляванне ўсіх пытанняў: не за канфлікты, а за дыялог».


Прадстаўнік Вялікабрытаніі звярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах меншасць вырашае пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі большасці. «Мільёны і нават мільярды, якія накіроўваюцца на замежныя войны, павінны траціцца ў інтарэсах нашага насельніцтва, старэйшага пакалення», — лічыць ён. 

Па словах кіраўніка фонду «Польская Праўда», палітолага Томаша ШМІТА, фашызм — гэта не толькі гістарычная тэма, а рэальная пагроза сучаснаму чалавецтву. «Беларусь не забывае аб Другой сусветнай вайне, аб подзвігу воінаў Чырвонай Арміі, аб чым многія ўжо забыліся ў Еўрасаюзе, — канстатаваў ён. — Многія краіны Захаду прасоўваюць кіеўскі рэжым, нават нягледзячы на тое, што ён існуе ў рамках фашызму».


Эксперт лічыць, што ініцыятыва Беларусі па правядзенні Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса вельмі важная. «У вас добрая ідэалогія захавання гістарычнай памяці, — падкрэсліў ён. — Так і трэба. У Еўропе пра гэта забываюць. Толькі ў невялікіх польскіх вёсках, адкуль я родам, памяць аб тых падзеях захоўваецца, засталіся сведкі, на пахаваннях савецкіх салдат заўсёды ёсць кветкі. Важна, каб маладыя людзі пра гэта памяталі».

Як адзначыў расійскі палітолаг Андрэй МАНОЙЛА, фальсіфікацыя гісторыі, па-першае, з’яўляецца адным з асноўных інструментаў сучасных інфармацыйных і гібрыдных войнаў. «Па-другое, гэта інструмент ідэалагічнага ўздзеяння, — канстатаваў ён. — Для таго, каб перапраграміраваць свядомасць вялікай колькасці людзей, увесці іх у зман, сфарміраваць ілжывыя матывацыі, неабходна гісторыю перапісаць, бо сапраўдныя гістарычныя факты даюць прыклад таго, як трэба сябе паводзіць у жыцці. Чалавека нельга падштурхнуць да здзяйснення антыдзяржаўных, супрацьпраўных учынкаў, калі ён добра ведае сваю гісторыю, дзе ёсць прыклады самаадданага служэння свайму народу і Айчыне». 


Па словах эксперта, любая фашысцкая дыктатура, калі яна пачынае набіраць уладу і ўплыў, пачынае з таго, што мяняе пантэон герояў. «Супрацьстаяць гэтаму можна, — падкрэсліў Андрэй Манойла. — І ў першую чаргу памятаючы, што маніпуляванне гістарычнай памяццю магчымае ў тым выпадку, калі па пэўных прычынах моцна прасядае гістарычная адукацыя. Прабелы ў адукацыі маладых людзей рознага кшталту авантурысты, папулісты і правакатары могуць паспрабаваць замясціць сваімі міфамі. Выкрыццё міфаў, фэйкаў — адзін з эфектыўных інструментаў, які дазваляе змагацца з перапісваннем і фальсіфікацыяй гісторыі».

«Каб больш ніколі ад куль і снарадаў не гінулі дзеці»

Аб важнасці захавання гістарычнай памяці і мірнага неба над галавой з высокай трыбуны гаварыла выхаванка Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Ульяна ПОПЧАНКА. Дзяўчынка расказала гісторыю свайго прадзела-франтавіка, якога ніколі не бачыла, але памяць аб гераічным продку захоўваецца ў сям’і Ульяны. Яе зварот да дарослых — зрабіць усё, каб абараніць дзяцей, каб больш ніколі ад куль і снарадаў не гінулі дзеці, — нікога не пакінуў раўнадушным.

«Мы не хочам такога дзяцінства ні для сябе, ні для будучага пакалення, — падкрэсліла Ульяна. — З Беларусі хопіць. Вельмі шмат пакут перажыла наша краіна». 

Што канкрэтна перажыла Беларусь у гады нямецка-фашысцкай акупацыі на сваіх прыкладах у відэазвароце да ўдзельнікаў кангрэса расказалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя малалетнія вязні фашысцкіх гета і канцлагераў. Некаторыя з іх прысутнічалі ў зале, якая пасля іх слоў апладзіравала стоячы. Каму, як не ім, гэтым апошнім сведкам той страшнай вайны, гаварыць аб тым, што названыя падзеі больш ніколі не павінны паўтарыцца. «Радзіма — як маці: яна адзіная. Яе не проста трэба любіць. Яе трэба абараняць», — такі наказ нам, сучасным пакаленням, ад якіх залежыць мір на Зямлі.


Завяршыўся IV Міжнародны антыфашысцкі кангрэс прыняццем рэзалюцыі, адрасаванай міжнароднай грамадскасці. У дакуменце сказана, што новая эпоха выпрабаванняў настойліва патрабуе аб’яднання намаганняў усіх людзей добрай волі, усяго прагрэсіўнага чалавецтва ў бітве з фашызмам, які адраджаецца. 

Вераніка КАНЮТА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю