Маштабнае мерапрыемства сабрала больш за 700 удзельнікаў з усёй Беларусі. На працягу двух дзён прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, ідэалагічнай вертыкалі, блогасферы, будучыя журналісты і вядучыя эксперты ў сферы медыякамунікацый абменьваліся досведам і абмяркоўвалі сучаснасць і будучыню медыяасяроддзя.
Прывітанне ўдзельнікам VІ Форуму
медыйнай супольнасці Беларусі і XXІІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара» ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў на пленарным пасяджэнні форуму першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ. У прывітанні адзначана, што гэтыя мерапрыемствы аб’яд-
ноўваюць таленавітых журналістаў і маладое пакаленне аўтараў у творчым імкненні зрабіць інфармацыйны парадак дня больш яркім, вострым і актуальным. «Сёння гэтыя знакавыя для айчыннай медыяіндустрыі падзеі з’яўляюцца пляцоўкай прыняцця эфектыўных рашэнняў у інтарэсах інфармацыйнага суверэнітэту роднай Беларусі. Перакананы, што з апорай на лепшы вопыт і новыя тэхналагічныя магчымасці, разуменнем каштоўнасці міру і нацыянальнага адзінства вы робіце ўсё, каб нашы сэнсы і ідэі гучалі гучна і пераканаўча», гаворыцца ў прывітанні кіраўніка дзяржавы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што палітычная стабільнасць залежыць ад работы медыясферы:
— Вітаю армію нашага ідэалагічнага фронту. І гэта не толькі мае словы гэта, у першую чаргу, ацэнка кіраўніка дзяржавы, які шмат гаворыць пра інфармацыйную вайну, пра тое супрацьборства, якое праходзіць у інфармацыйным полі. І няхай гэта супрацьборства застаецца выключна ў інфармацыйнай прасторы і не перарасце ў тыя гарачыя фазы, якія мы бачым недалёка ад меж нашай краіны.
Міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК у сваёй прывітальнай прамове акцэнтаваў увагу на тым, што ў інфармацыйным асяроддзі разгарнулася бітва за маладыя розумы. Ён засяродзіўся на двух момантах, якія адлюстраваны ў прывітанні кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам медыяфоруму:
— У нас ёсць нашы добрыя традыцыі і традыцыйныя СМІ. Тут мы сапраўды дамінуем, трэба і далей трымаць гэту перавагу, бо мы не маем права гэта камусьці аддаваць. І асноўны вектар працы цяпер у лічбавым асяроддзі, дзе ёсць вялізная канкурэнцыя.
Удзельнікаў форуму таксама вітаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ. Ён акцэнтаваў увагу на магутнасці сучаснага інфармацыйнага патоку:
— Сёння сродкі масавай інфармацыі аказваюць на людзей значна большы ўплыў, чым калі-небудзь раней. Сучасны чалавек праводзіць значную частку свайго часу ў інтэрнэце. Калі нашы традыцыйныя каштоўнасці грунтуюцца на патрыятызме і стварэнні, то заходні кантэнт актыўна прасоўвае культ індывідуалізму і спажывання, прыніжаючы значэнне працы, накіраванай на мірнае і стваральнае развіццё. І мне як кіраўніку прыемна бачыць, што з 2020 года прафесійныя якасці, баявы дух і эфектыўнасць журналісцкай каманды зведалі значныя змены ў станоўчы бок.
Пасля таго як былі сказаны ўсе прывітальныя словы, за трыбуну былі запрошаны спікеры. Дарэчы, магчымасць выказацца была ва ўсіх жадаючых. Удзельнікі форуму абмеркавалі ключавыя аспекты, ад якіх залежыць будучыня беларускай журналістыкі, а таксама шмат актуальных пытанняў, у прыватнасці, як пазбегнуць інфармацыйнага хаосу, чаму дзяржаўныя СМІ застаюцца самымі надзейнымі крыніцамі для мільёнаў грамадзян, як зрабіць рэгіянальную газету актуальным і запатрабаваным выданнем.
Па традыцыі ў рамках форуму аб’явілі пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара»
Сярод адзначаных у некалькіх намінацыях і калектыў Выдавецкага дома «Звязда». У персанальнай намінацыі «Лепшы рэпарцёр рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў» пераможцай стала наш спецыяльны карэспандэнт па Гродзенскай вобласці Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Намеснік галоўнага рэдактара Уладзімір ВАЛЧКОЎ, які публікаваўся пад псеўданімам Інтэлект Штучны, стаў лаўрэатам у намінацыі «Лепшы аналітычны матэрыял».
Праект газеты «Звязда» «ГЕАПАЛІТЫКА» адзначаны як лаўрэат у намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі».
Лаўрэатам конкурсу стала і газета «ЛіМ» у намінацыі «Лепшыя матэрыялы культуралагічнай, гісторыка-краязнаўчай тэматыкі».
Меркаванне
Намеснік галоўнага рэдактара газеты «Звязда» Уладзімір ВАЛЧКОЎ:
— Мы жывём ужо не ў постіндустрыяльную эпоху, не ў інфармацыйную, мабыць, нават не ў постінфармацыйную... Рызыкну сказаць, што яе назва яшчэ не прыдумана. Сучасная рэчаіснасць так імкліва трансфармуецца, што ні навука, ні эксперты, ні грамадства іншы раз не паспяваюць нават толкам даваць тэрміны працэсам, якія адбываюцца, асабліва ў інфармацыйнай сферы. Там, як падчас вулканічнага вывяржэння, адбываецца сталая змена ландшафту. І неабходна ў рэальным часе наносіць новыя контуры на карты, каб не заблудзіцца, а тым больш, каб не пацярпець крушэнне.Таму форум не толькі пра журналістыку, інструменты, прафесійныя тэхналогіі. Гэта ўжо пра змену філасофіі сучаснай рэальнасці, светапоглядныя зрухі, якасныя змены ў інфармацыйным полі, іх уплыў на сацыяльныя працэсы, палітычныя, міжнародныя... Медыяпрастора стала вельмі складанай, шматграннай, шматслойнай. Сёння не проста ідзе вал інфармацыі. Кожны можа стаць яе крыніцай. Больш за тое, кожны карыстальнік інтэрнэту, хоча ён ці не, уплывае на інфармацыйную карціну. Хоць бы тым, што заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы, падымаючы іх у пошукавых рэйтынгах. Усё стала вельмі складана, сучасная інфармацыйная сістэма дае бясконцую колькасць тэм для аналізу, вывучэння, абмеркавання.
Ці можна кіраваць інфармацыйнай прасторай? Якімі інструментамі? Ці можна гэта рабіць эфектыўна? Як фарміруюцца тыя інфармацыйныя плыні, якія аказваюць найбольшы ўплыў на грамадства? Як інфармацыйны парадак дня не ператварыць у інфармацыйны шум, калі шмат наведвання, высокія рэйтынгі, але няма ўплыву на светапогляд чытачоў і гледачоў? І яшчэ мноства іншых пытанняў уздымаецца сёння, калі ўзнікае дыскурс аб сучаснай медыяпрасторы.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ