Top.Mail.Ru

Аб чым гаварылі падчас сустрэчы прэзідэнты Беларусі і Расіі

Падчас рабочага візіту ў Расійскую Федэрацыю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня правёў перагаворы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным у падмаскоўнай дзяржаўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова.

«Для прыняцця рашэнняў практычна пытанняў няма»

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы пазітыўна ацаніў сумесную работу ўрадаў дзвюх краін па развіцці супрацоўніцтва.

«Для прыняцця рашэнняў практычна пытанняў няма. Урады добра працуюць», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні ў Маскве ў яго адбылася плённая сустрэча са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным. «Мы з Міхаілам Уладзіміравічам, Вы ў курсе справы, сістэмна і ўсёабдымна прапрацавалі ўвесь пералік (пытанняў. — „Зв.“), прытым ініцыятарам быў не я, а Міхаіл Уладзіміравіч. Ён дастаў свой блакнот і перачытаў, пералічыў усе гэтыя праблемы, пытанні. Мы іх прааналізавалі. Добрая адбылася размова. Я нават падзякаваў яму за тое, што мы змаглі сустрэцца. Менш будзе нам работы, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

— У нас такі сёння дзень падвядзення некаторых вынікаў, а не прыняцця рашэнняў, я думаю».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тавараабарот Беларусі і Расіі расце і сёлета. 

«Як мінімум на 12 %. Мы перасягнём — і значна — узровень мінулага года ў нашым тавараабароце. Прыемна, што ў гэтым тавараабароце вялікае месца займае сучасная электроніка», — адзначыў ён.

«Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень»

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што напярэдадні пытанне аб’яднання намаганняў у сферы электронікі таксама абмяркоўвалася на яго сустрэчы ў Маскве са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным. «У нас ёсць нядрэнныя кампетэнцыі. І нядаўна Дзяніс Мантураў (першы віцэ-прэм’ер Расіі. — Заўв.) прыязджаў да нас, глядзеў гэтыя прадпрыемствы са спецыялістамі. Мы выпрацоўвалі нейкую форму ўзаемаадносін у гэтым плане, — сказаў беларускі лідар. — Форму мы знойдзем. Гэта не пытанне, як і па іншых кірунках супрацоўніцтва».

«Мы тут абсалютна не застанёмся голымі і без гэтых тавараў — мікраэлектронікі. Мы сёння абсалютна ўсё ствараем, што трэба, разам. Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Што датычыцца бягучых пытанняў, мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання, паліва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы пра рэгулярнасць беларуска-расійскіх кантактаў, у тым ліку на вышэйшым узроўні, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў гэта не толькі жаданнем лідараў дзвюх краін. 


«Дынаміка міжнародных адносін такая, што яна нас у тым ліку падштурхоўвае да таго, каб абмяркоўваць тыя праблемы, якія перад намі стаяць. Што мы разам будзем, супрацоўнічаючы, пераадольваць усялякія цяжкасці, вы ў гэтым можаце нават не сумнявацца. Я аб гэтым гаварыў не адзін раз, сустракаючыся з прадстаўнікамі расійскага бізнесу, кіраўніцтвам абласцей, рэгіёнаў», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

«Галоўны наш кірунак узаемадзеяння — гандлёва-эканамічны — развіваецца паспяхова»

Прэзідэнт Расіі цёпла вітаў беларускага калегу: «Не так даўно нібыта і бачыліся, але, як я заўсёды гавару ў такіх выпадках, дынаміка нашых адносін такая, што ўвесь час з’яўляюцца новыя і новыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу, узгадніць, адрэгуляваць».

Уладзімір Пуцін адзначыў, што напярэдадні адбыліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком расійскага ўрада. «У ходзе нашай сённяшняй размовы падвядзём некаторыя вынікі. Калі трэба будзе нешта дадаць і скарэктаваць, мы гэта якраз і зробім», — сказаў ён.

Кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў, што Расія і Беларусь паспяхова развіваюць узаемадзеянне, нягледзячы на знешнія спробы неяк паўплываць на гэта.

«У цэлым хачу адзначыць (і вы гэта ведаеце лепш, чым хто іншы), галоўны наш кірунак узаемадзеяння — гандлёва-эканамічны — развіваецца паспяхова, нягледзячы на ўсе знешнія спробы неяк паўплываць на гэта», — падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі.


Ён звярнуў увагу, што тавараабарот за мінулы год — $52 млрд (паводле даных расійскага боку) — гэта добры паказчык. А за 6 месяцаў бягучага года ён вырас яшчэ на 12,5 %. З Расіі ў Беларусь паступаюць значныя аб’ёмы замежных інвестыцый, працуюць 2,5 тыс. прадпрыемстваў з расійскім удзелам. «І, што самае важнае, прынцыповае, на мой погляд, што мы ўзаемадзейнічаем і на традыцыйных кірунках, і на кірунках, якія сёння з’яўляюцца асабліва важнымі, — гэта высокія тэхналогіі», — заўважыў Уладзімір Пуцін.

У сувязі з гэтым ён асабліва падкрэсліў значную ролю кіраўніка беларускай дзяржавы. 

«Дзякуючы вашым шматгадовым намаганням Беларусь многае захавала і прымножыла з таго, што было створана яшчэ ў час Савецкага Саюза, і цяпер мы разам можам прадаўжаць рух па гэтых кірунках, уключаючы мікраэлектроніку і некаторыя іншыя напрамкі», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Акрамя таго, на парадку дня перагавораў лідараў дзвюх краін — супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, тэматыка ўмацавання Саюзнай дзяржавы. Расія і Беларусь, як падкрэсліў Уладзімір Пуцін, разам працуюць на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ААН, СНД, ШАС і іншыя. «Усё гэта таксама, вядома, будзе сёння ў полі нашай увагі», — звярнуў увагу ён.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю