У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка «Каб адчуваць». У рамках праекта «Пріорбанка» ў супрацоўніцтве з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Музеем гісторыі горада Мінска ўпершыню прэзентуюць шырокай публіцы сваю калекцыю жывапісу сучасных беларускіх мастакоў.
Супрацоўніцтва з працягам
— Калі казаць пра гісторыю выяўленчага мастацтва, то мы ведаем шмат прыкладаў, калі карпаратыўныя калекцыі банкаў у многіх краінах свету дэманструюцца ў музеях. Але ў нашай краіне гэта здараецца не так часта. І, лічыце, у нашай музейнай прасторы такая падзея здараецца ўпершыню ў дзяржаўным музеі, — адзначыла дырэктар Музея горада Мінска Галіна Ладзісава. — Мы ўдзячныя за такі давер і ўсведамляем, наколькі гэта адказная справа. Тут дэманструецца 108 работ. І для таго, каб з гэтай калекцыяй змагло пазнаёміцца як мага больш мінчан і гасцей нашага горада, мы нават на перыяд дзеяння выстаўкі змяняем рэжым работы музея: па 5 красавіка чакаем наведвальнікаў з дзевяці раніцы да васьмі вечара. Гэты праект здабудзе таксама працяг з акцэнтам на Год беларускай жанчыны. Мы рыхтуемся прадставіць гэту калекцыю ў гістарычным цэнтры Мінска, прэзентуючы там менавіта жаночыя вобразы.
Аднак тое будзе рэалізавана пазней, а пакуль што наведвальнікі могуць адкрыць для сябе сапраўдны калейдаскоп жанраў, тэм і майстэрства. Сярод прадстаўленых работ гучаць імёны вядомых беларускіх мастакоў, творчасць якіх адлюстроўвае працэсы фарміравання яркіх мастацкіх і сэнсавых пасылаў у айчынным мастацтве. Там можна ўбачыць карціны Героя Беларусі, народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага, народных мастакоў Беларусі Мая Данцыга, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Тоўсціка, Анатолія Бараноўскага, Віталія Цвірко, Леаніда Шчамялёва. Маем магчымасць паглядзець і на жывапісныя работы вядомых майстроў, сярод якіх — імёны Зоі Літвінавай, Мікалая Селяшчука, Георгія Скрыпнічэнкі, Васіля Сумарава, Валерыя Шкарубы, Міхаіла Рагалевіча, Барыса Казакова і іншых. Словам, наглядная дэманстрацыя таго, як інвестыцыя ў мастацтва дае магчымасць не проста атачаць сябе прыгажосцю, але і дазваляе мець годную прэзентацыю краіны як унутры яе самой, так і за мяжой. І кожная работа хавае ў сабе коды, лёсы, метафары і глыбіню сэнсаў, якія разгадваеш, у іх углядаешся, а прыслухаўшыся да сябе, адчуваеш гонар і радасць, захапленне талентам і жыццём.
Убачыць лёс праз творчасць
Як прыкмячаюць арганізатары выстаўкі, у кожнай карціне нібыта знаходзіш пульс, на які адгукаешся ўласнымі эмоцыямі і разважаннямі ад убачанага. Адны выклікаюць проста прыліў эмоцый, іншыя запрашаюць да пошуку глыбіні і аналізу ўбачанага, супастаўлення з біяграфіяй іх аўтараў. Напрыклад, той жа раздзел пейзажнага жывапісу, дзе ёсць работы Міхаіла Савіцкага, Барыса Аракчэева. Мастакі, пейзажы якіх выклікаюць замілаванасць, але, згадаўшы, які след пакінула ў біяграфіях гэтых творцаў вайна, іх работы ўспрымаюцца па-іншаму. І так любую з карцін на выстаўцы можна чытаць па-рознаму.
Варта адзначыць, што калекцыя «Пріорбанка» фарміравалася на працягу трыццаці гадоў і сёння ў ёй налічваецца больш за тысячу жывапісных і графічных работ, якія ахопліваюць перыяд з 1960-х па 2000-я гады.
— Гэта выстаўка для нас вельмі важная, бо мы ўпершыню прадстаўляем шырокай грамадскасці нашу карпаратыўную калекцыю жывапісу. Сёння ў ёй ужо больш за тысячу работ сучасных беларускіх мастакоў, частку з якіх мы прэзентуем тут, — расказаў намеснік старшыні праўлення ААТ «Пріорбанк» Сяргей Калечыц. — Працяглы час гэтыя карціны ўпрыгожвалі офісы нашага банка. І вось цяпер мы маем магчымасць дзяліцца натхненнем ад нашых скарбаў і з іншымі прыхільнікамі беларускага выяўленчага мастацтва. Жадаю ўсім наведвальнікам пражыць тыя эмоцыі і пачуцці, якімі мы хацелі падзяліцца з вамі з дапамогай гэтых твораў.
Для выставачнага праекта распрацавалі незвычайныя імерсіўныя зоны і інтэрактыўныя аб’екты. Яны дапамогуць наведвальнікам прасачыць развіццё беларускага мастацтва і нацыянальнай мастацкай школы ад пасляваеннага перыяду і да нашага часу. Адзначым і тое, што выстаўка «Каб адчуваць» — гэта не толькі адукацыйны, але і сацыяльны праект, таму што ўсе сродкі ад продажу спецыяльных брэндзіраваных сувеніраў будуць накіраваны на дабрачыннасць.
Запыт на добрае мастацтва
Выстаўка «Каб адчуваць» чакае сваіх наведвальнікаў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага да 5 красавіка. Як адзначылі арганізатары праекта, сталіца — гэта толькі першы пункт, дзе паказваюць калекцыю. Пасля на працягу года выстаўка будзе вандраваць па абласных цэнтрах Беларусі. Першымі выстаўку ўбачаць у Гомелі, пасля яна пераедзе ў Гродна, наведае Брэст, адтуль маршрут вызначаны на Магілёў і Віцебск. Менавіта на знаёмства з беларускім мастацтвам рэспубліканскага маштабу нацэлены арганізатары праекта, таму што на гэта ёсць запыт у шматлікай аўдыторыі.
Алена ДРАПКО
Фота аўтара