Top.Mail.Ru

Аб чым Мінск чарговы раз нагадвае Парыжу і ўсяму Старому Свету

Сёння ўвесь свет, але асабліва Еўрапейскі рэгіён і шырокая Еўразійская прастора, глыбока заклапочаныя пытаннямі фарміравання новага светаўладкавання і выбудоўвання прынцыпова іншай архітэктуры бяспекі. Ранейшая сістэма стрымак і проціваг, якая склалася пасля заканчэння халоднай вайны, канчаткова страціла сваю эфектыўнасць і жыццяздольнасць. Асялком, на якім сёння выпраўляецца новая сусветная палітычная сістэма, вызначаюцца яе ключавыя лідары і апорныя «слупы», а таксама нанава размяркоўваюцца правы і абавязкі ўдзельнікаў міжнародных адносін, стаў зацяжны канфлікт ва Украіне.


Беларусь — тэрыторыя міру

У гэтай няпростай міжнароднай сітуацыі Рэспубліка Беларусь і асабіста Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка займаюць паслядоўную, вывераную і глыбока міралюбівую пазіцыю. Мінск заўсёды выступаў і працягвае выступаць за як мага больш хуткае палітыка-дыпламатычнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу, і робіць для гэтага ўсё магчымае на практыцы. Дастаткова зірнуць на найноўшую гісторыю: менавіта беларуская сталіца ў свой час стала месцам падпісання Мінскіх пагадненняў, якія давалі рэальны шанц на мірнае вырашэнне ўнутрыўкраінскага крызісу без кровапраліцця. Доўгія гады Беларусь заставалася галоўнай і, па сутнасці, безальтэрнатыўнай перагаворнай пляцоўкай Трохбаковай кантактнай групы па праблемах Данбаса. І менавіта наша краіна ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2022 года, адразу пасля пачатку Спецыяльнай ваеннай аперацыі (СВА), аператыўна арганізавала і прыняла на сваёй тэрыторыі першыя раўнды прамых перагавораў паміж дэлегацыямі Расіі і Украіны.

Нават тады, калі намаганнямі заходніх «ястрабаў» перагаворны трэк быў замарожаны, Беларусь не спыніла сваёй міратворчай і гуманітарнай місіі. Сёння наша рэспубліка — гэта тая ўнікальная прастора даверу, дзе пры пасрэдніцтве Мінска рэгулярна адбываюцца абмены ваеннапалоннымі і целамі загінулых, дзе дзеці Данбаса і Луганска атрымліваюць магчымасць адпачыць, прайсці рэабілітацыю і падлячыцца ў спакойнай, мірнай абстаноўцы. Менавіта з Беларусі зыходзяць канкрэтныя ініцыятывы па правядзенні найскладанейшых гуманітарных акцый — яскравым таму прыкладам стала нядаўняя гуманітарная аперацыя ў Алешках, якая дазволіла выратаваць і аб’яднаць з роднымі людзей, што апынуліся ў зоне баявых дзеянняў. Нарэшце, Мінск зацвердзіўся як вядучая інтэлектуальная пляцоўка для абмеркавання мірных ініцыятыў і контураў бяспекі ўсяго кантынента, што наглядна прадэманстравала IV Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, якая прайшла ў пачатку лістапада 2026 года.

Безумоўна, кіраўнік беларускай дзяржавы моцна паглыблены ва ўсе гэтыя праблемы, валодае вычарпальнай інфармацыяй з першакрыніц і падтрымлівае прамы, даверны дыялог як з кіраўніцтвам Расіі, так і з ключавымі ігракамі на Захадзе і Усходзе. У Аляксандра Лукашэнкі наладжаны прамы кантакт з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Таму пытанні рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе і рэалістычныя сцэнарыі завяршэння канфлікту ва Украіне заканамерна сталі цэнтральнымі падчас паўтарагадзіннага інтэрв’ю, якое беларускі лідар даў 17 лістапада 2026 года вядомай французскай журналістцы, спецыяльнаму карэспандэнту аўтарытэтнага штотыднёвіка Le Point Ан Ніва.

«Еўропа — наш дом»: запозненае прасвятленне Старога Свету

У размове з прадстаўніцай французскай прэсы Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў свой базавы прынцып: лёс канфлікту ва Украіне павінны вырашаць найперш тыя, хто ў яго непасрэдна ўцягнуты і жыве на гэтай зямлі. Звяртаючыся праз старонкі парыжскага выдання да еўрапейскіх эліт, Прэзідэнт Беларусі нагадаў простую геаграфічную і палітычную ісціну: «Ну што вы ўсё: Амерыка, Амерыка, і я, і вы, Трамп... Гэта наш дом. Еўропа — наш дом, і мы гэтыя праблемы павінны вырашыць самі. Каб навесці парадак. А потым ужо амерыканцы і хтосьці іншы. Мы павінны разабрацца ў сваім доме. Калі хтосьці нам дапамагае ў гэтым — дзякуй. Мы будзем прымаць такую дапамогу і падтрымку».



Адказваючы на пытанне аб тым, ці павінны прадстаўнікі краін Еўрасаюза прысутнічаць за сталом перагавораў (у кантэксце кансультацый, якія стартавалі ў Абу-Дабі з удзелам дэлегацый Расіі, ЗША і Украіны), беларускі лідар вітаў сам факт падключэння еўрапейцаў, назваўшы гэта крокам наперад. Аднак з уласцівай яму шчырасцю і гістарычнай дакладнасцю Аляксандр Лукашэнка ўказаў на першапрычыну цяперашняга тупіка: менавіта еўрапейскія сталіцы і кіеўскія ўлады нясуць прамую адказнасць за зрыў папярэдніх раўндаў. «Вы, менавіта вы (кіраўніцтва краін Еўропы — „Зв.“) і Украіна вінаватыя ў тым, што фактычна перакрэслены ўсе перагаворныя раўнды і пазіцыі, якія былі да гэтага. Зноў пачалі па-новаму разглядаць гэта — старыя пытанні па-новаму. Таму зноў трэба прыцірацца, зноў рабіць першыя крокі», — не саромеючыся, нагадаў еўрапейскім высокапастаўленым чытачам беларускі Прэзідэнт.

Экскурс у нядаўнюю гісторыю поўнасцю пацвярджае слушнасць гэтых слоў. Увесну 2022 года, пасля трох раўндаў у Беларусі і найскладанейшай работы ў Стамбуле, дэлегацыі Масквы і Кіева выйшлі на парафіраванне праекта мірнага дагавора. Вайна магла скончыцца яшчэ тады, захаваўшы сотні тысяч жыццяў і цэласнасць украінскай дзяржаўнасці. Але ў справу ўмяшаўся калектыўны Захад. У красавіку 2022-га ў Кіеў экстранна прыляцеў тагачасны прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, які, як пазней публічна прызнаў нават кіраўнік украінскай перагаворнай дэлегацыі Давід Арахамія, прама адгаварыў Уладзіміра Зяленскага ад падпісання якіх-небудзь пагадненняў з Расіяй, кінуўшы цынічнае: «Давайце проста ваяваць». Услед за Лонданам лідары вядучых краін Еўрасаюза прыняліся дружна нацкоўваць Кіеў на працяг бойні «да апошняга ўкраінца», шчодра абяцаючы бясконцыя пастаўкі зброі, шматмільярднае фінансавае падсілкоўванне і безумоўную палітычную падтрымку.

У сувязі з гэтым узнікае заканамернае і рытарычнае па сваёй сутнасці пытанне: чаму афіцыйная Еўропа яшчэ ўчора з парога адхіляла любую мірную ініцыятыву і патрабавала «стратэгічнага паражэння Расіі на полі бою», а сёння літаральна лезе за стол перагавораў, імкнучыся не застацца за дзвярыма перагаворных пакояў у Абу-Дабі? Адказ ляжыць на паверхні. У Бруселі, Парыжы і Берліне выразна адчуваюць, што рэсурсы кіеўскага рэжыму знясіленыя, а развязка канфлікту няўмольна набліжаецца. Еўрапейскія палітыкі ўсвядомілі рызыку апынуцца на абочыне гісторыі і цяпер сутаргава спрабуюць ускочыць у цягнік, які адыходзіць, каб хоць неяк замацавацца ў ліку бенефіцыяраў новай сістэмы міжнародных адносін і не дапусціць, каб лёс кантынента вырашылі без іх удзелу.

Без Расіі і без ЗША: рэалізм супраць ілюзій

Як верны і надзейны саюзнік Расійскай Федэрацыі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Le Point чарговы раз цвёрда нагадаў еўрапейскім партнёрам: без Расіі і без сумленнага ўліку яе законных інтарэсаў у сферы бяспекі ніякага трывалага міру ў Еўропе пабудаваць немагчыма: «Не забывайце, што ў гэтым доме ў нас вялізная Расія. І калі вы хочаце выключыць са структуры будучай бяспекі Расію, гэта ні да чаго не прывядзе. Час ідзе, свет змяніўся. Значыць, і нам трэба адпавядаць часу. Трэба мяняць структуру? Добра, давайце дамовімся».

Гэта пазіцыя беларускага лідара застаецца маналітнай і непарушнай на працягу дзесяцігоддзяў. Ён выдатна разумее, што спробы выбудаваць «еўрапейскую бяспеку супраць Расіі» непазбежна абарочваюцца кантынентальнай катастрофай. У той жа час беларускі Прэзідэнт, які з’яўляецца прагматычным палітыкам, ніколі не адмаўляў і аб’ектыўнай неабходнасці ўдзелу Злучаных Штатаў у будучых дамоўленасцях па Украіне. Ва ўмовах глыбокай уцягнутасці Вашынгтона ў еўрапейскія справы і трансатлантычныя механізмы без амерыканскага подпісу і гарантый устойлівая канструкцыя міру таксама не складзецца.

Асаблівую цікавасць у апублікаваных фрагментах інтэрв’ю выклікае дакладная, пазбаўленая дыпламатычнай хітрасці ацэнка намаганняў Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. На пытанне французскай журналісткі аб тым, чаму гаспадару Белага дома, нягледзячы на гучныя заявы і дыпламатычную актыўнасць, да гэтага часу не ўдалося канчаткова закрыць украінскае пытанне, Аляксандр Лукашэнка адказаў максімальна прадметна. Ён адзначыў, што Дональд Трамп шчыры ў сваім жаданні заключыць мірную здзелку і спыніць кровапраліцце, аднак на пачатковым этапе амерыканская адміністрацыя няправільна ацаніла глыбіню і складанасць сітуацыі.

«Гэта складанае пытанне. І не ўсё залежыць ад Трампа, па-першае. А па-другое, павінен сказаць, што амерыканскі бок думаў, што гэта пытанне можна вырашыць наскокам і мімаходзь. Гэта не памылка. Гэта недаацэнка сітуацыі. Цяпер яны больш гэта разумеюць, чым раней. Але ў амерыканцаў, вы ж разумееце, куча праблем, якія трэба вырашаць і якія яны паспяхова ствараюць самі для сябе», — адзначыў Прэзідэнт.

Палітык, да якога прыслухоўваюцца ўсе

Дакладнасць і глыбіня ацэнак Аляксандра Лукашэнкі тлумачацца не толькі яго каласальным трыццацігадовым досведам дзяржаўнага кіравання, але і ўнікальнай інфармаванасцю. Беларускі лідар дэталёва паглыблены ў закрытую дыпламатычную кухню: ён выдатна дасведчаны аб змесце дамоўленасцяў, якія абмяркоўваліся ў Анкорыджы (напярэдадні саміту на Алясцы Дональд Трамп асабіста тэлефанаваў у Мінск для кансультацый з беларускім калегам), а таксама аб ходзе нядаўніх перагавораў у Абу-Дабі. Па сутнасці, Аляксандр Лукашэнка сёння выступае адным з нямногіх рэальных, нефармальных, але таму яшчэ больш эфектыўных пасрэднікаў і сувязных звёнаў у вельмі складаным дыялогу паміж ЗША і Расіяй.

У Парыжы гэта цудоўна разумеюць. Выданне Le Point з тыражом амаль у трыста тысяч экзэмпляраў і шматмільённай інтэрнэт-аўдыторыяй — гэта рупар французскага палітычнага істэблішменту і буйнога бізнесу, тых колаў, якія фарміруюць стратэгічны парадак дня Пятай рэспублікі. Візіт спецыяльнага карэспандэнта такога часопіса ў Палац Незалежнасці ў Мінску — гэта прамы запыт еўрапейскіх эліт на тлумачэнне сітуацыі з вуснаў палітыка, які валодае ясным разуменнем таго, што адбываецца. Аўтарытэт Аляксандра Лукашэнкі як дзяржаўнага дзеяча, здольнага называць рэчы сваімі імёнамі і прадбачыць развіццё геапалітычных падзей на некалькі хадоў наперад, прызнаюць і саюзнікі, і самыя непрымірымыя апаненты. Да яго меркавання рэгулярна прыслухоўваюцца ў сталіцах па абодва бакі Атлантыкі.

Дастаткова ўзгадаць, які рэзананс у свеце выклікала выступленне Прэзідэнта Беларусі 3 лістапада 2026 года на IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Тады Аляксандр Лукашэнка адкрыта заявіў аб верагодным хуткім завяршэнні канфлікту ва Украіне ў бліжэйшыя месяцы, падкрэсліўшы, што сілы і рэсурсы бакоў на зыходзе, а народы стаміліся ад супрацьстаяння. Гэты выразны сігнал з Мінска быў імгненна пачуты ў еўрапейскіх сталіцах — і прыезд французскіх журналістаў стаў заканамерным імкненнем удакладніць дэталі і зверыць гадзіннікі з чалавекам, які ведае значна больш, чым трапляе ў афіцыйныя камюніке.

Звернем увагу на тое, што за рамкамі апублікаваных першых урыўкаў засталіся іншыя найважнейшыя блокі паўтарагадзіннай размовы — у прыватнасці, дыскусія аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў нашай краіне, санкцыйным ціску і перспектывах двухбаковых адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь. Сам факт такой прадметнай цікавасці ўплывовай французскай прэсы да беларускага парадку дня служыць красамоўным індыкатарам: у Еўрасаюзе пачынаюць паступова цверазець ад санкцыйнага чаду, асцярожна прамацваюць глебу і рыхтуюцца да паэтапнага аднаўлення прагматычных, паўнацэнных адносін з Мінскам. Палітыка штучнай ізаляцыі і «дыпламатычнай зімы» зайшла ў тупік. І ў Старым Свеце, верагодна, пачынаюць успамінаць старую, правераную стагоддзямі ісціну: любы, нават самы дрэнны мір заўсёды лепшы за добрую сварку.

Аляксей Бяляеў, палітолаг


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю