Top.Mail.Ru

Аб чым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаварыў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Саміт ШАС, прымеркаваны да 25-годдзя заснавання арганізацыі, праходзіў у кангрэс-холе «Ырыс Орда» ў Бішкеку. Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які прыбыў на мерапрыемства, прывітаў Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў. Пасля цырымоніі прывітання лідары краін — удзельніц ШАС сабраліся для сумеснага фатаграфавання. 


У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка акрэсліў пазіцыю Мінска па ключавых кірунках работы арганізацыі, агучыў прапановы па яе далейшым развіцці і ўзмацненні статусу на міжнароднай арэне. Па выніках пасяджэння быў прыняты шырокі пералік дакументаў, галоўны з якіх — дэкларацыя 25-годдзя ШАС. Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва разгледзелі шэраг пытанняў у сферах бяспекі, энергетыкі, транспарту, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, лічбавізацыі.

У кулуарах саміту ШАС беларускі лідар паразмаўляў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, Прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіанам, Прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.



Напярэдадні асноўнага дня саміту Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця VI Сусветных гульняў качэўнікаў на стадыёне «Бішкек-Арэна». Прэзідэнт прывітаў беларускіх спартсменаў: у склад нашай зборнай увайшлі атлеты, якія выступаюць у спаборніцтвах па самба, барацьбе на паясах і армрэслінгу. На палях ўрачыстага адкрыцця спартыўнага мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з замежнымі калегамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагутарыў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, Прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі, Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, Прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам, старшынёй Савета Міністраў Тога Форам Эсазімна Гнасінгбэ. 

«У сучасным свеце стабільнасць — гэта здольнасць захоўваць раўнавагу, нягледзячы на перашкоды»

Выступаючы на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што за 25 гадоў з моманту стварэння аб’яднання пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС сталі адной са значных і чаканых падзей міжнароднага календара. 

«Сёння, калі мы адзначаем чвэрцьвекавы юбілей арганізацыі, да сустрэчы ў гасцінным Бішкеку прыкавана асаблівая ўвага, — канстатаваў ён. — Нам трэба будзе акрэсліць стратэгічныя контуры будучага ШАС, адкрыць новы этап у яе рабоце. Нашы агульныя мэты ёміста сфармуляваны ў перыяд кыргызскага старшынства: умацоўваючы стабільнасць і пашыраючы супрацоўніцтва — да далейшага сумеснага развіцця».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасным свеце стабільнасць — гэта здольнасць захоўваць раўнавагу, нягледзячы на перашкоды, якія ўзнікаюць. «Гэта магчыма толькі пры наяўнасці надзейных апор, — удакладніў беларускі лідар. — І сёння ШАС успрымаецца ў якасці адной з іх, прычым ці не найважнейшай у Еўразіі».

 

«Для якаснага ўмацавання бяспекі нашых грамадзян патрэбна больш сумесных намаганняў»

Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, ва ўмовах глабальнага нарастання канфліктаў важна ўмацоўваць і пацвярджаць справай імідж ШАС як еўразійскага цэнтра шматпалярнага светаўладкавання, якое фарміруецца, забяспечваць адзінства самой арганізацыі па кожным з ключавых кірункаў работы.

Першым такім кірункам, па словах Аляксандра Лукашэнкі, з’яўляецца бяспека.

«Выклікі ў гэтай сферы нарастаюць, — канстатаваў ён. — Інфармацыйны, дыпламатычны, фінансава-эканамічны і іншы санкцыйны ціск — гэта рэаліі сённяшняга дня. У арсенале „моцных гэтага свету“ ўжо не толькі тэхналогіі каляровых рэвалюцый і гібрыднага ўздзеяння. У цяперашні час дэманстратыўна вярнулася прамая масіраваная ваенная агрэсія».

Адказам арганізацыі на такі выклік, па словах Прэзідэнта, павінны стаць фарміраванне новай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі, стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь з шэрагам дзяржаў сям’і ШАС ужо робіць адпаведныя крокі.

«У кастрычніку гэтага года ў нашай краіне адбудзецца Контртэрарыстычны форум, — канкрэтызаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Ён пройдзе ў новым фармаце — з сумеснымі вучэннямі дзяржаў — членаў ШАС і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Таксама вітаем найхутчэйшы запуск Універсальнага цэнтра па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспецы дзяржаў — членаў ШАС і Антынаркатычнага цэнтра Шанхайскай арганізацыі. Разлічваем, што ў сукупнасці гэта дапаможа якасна нарасціць барацьбу з трыма сіламі зла: тэрарызм, сепаратызм, экстрэмізм».

Стабільнае развіццё, па словах беларускага лідара, немагчыма без эфектыўнай сістэмы абароны ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. «За чвэрць стагоддзя Беларусь ажыццявіла каля 90 міжнародных гуманітарных акцый, неаднаразова накіроўвала пошукава-выратавальныя атрады і авіяцыю на дапамогу пацярпелым дзяржавам, у тым ліку краінам сям’і ШАС, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Разам з тым колькасць і маштабы бедстваў працягваюць расці. Таму для якаснага ўмацавання бяспекі нашых грамадзян патрэбна больш сумесных намаганняў».

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў наступным годзе Мінск прыме чэмпіянаты свету сярод мужчын і жанчын па пажарна-выратавальным спорце. Да гэтых мерапрыемстваў Прэзідэнт прапанаваў прымеркаваць Нараду кіраўнікоў ведамстваў дзяржаў — членаў ШАС па пытаннях папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. «На гэтай пляцоўцы яны змогуць абмяняцца вопытам і выпрацаваць рашэнні, накіраваныя на зніжэнне рызыкі бедстваў, абарону насельніцтва, тэрыторый, маніторынг і прагназаванне катастроф на прасторы ШАС», — патлумачыў Прэзідэнт.

 

«Сумесныя ініцыятывы павінны даваць канкрэтныя вынікі, умацоўваць дабрабыт народаў і садзейнічаць згуртаванню нашых дзяржаў»

Другім па ліку, але не па важнасці, ключавым кірункам работы ШАС, па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, павінна стаць эканоміка.

«Сумесныя ініцыятывы павінны даваць канкрэтныя вынікі, умацоўваць дабрабыт народаў і садзейнічаць згуртаванню нашых дзяржаў, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Рэгулярны кантакт нашых профільных ведамстваў наладжаны. І мы ўсе чакаем, што колькасць сустрэч пяройдзе ў якасць, запусціць маштабныя практычныя ініцыятывы».

Беларускі бок цвёрда падтрымлівае найхутчэйшае заснаванне Банка развіцця Шанхайскай арганізацыі. «Каб надаць дадатковую ўстойлівасць нашым эканамічным сувязям і ўмацаваць фінансавы суверэнітэт рэгіёна», — удакладніў Прэзідэнт.

Акрамя таго, беларускі бок вітае меры па павелічэнні долі нацыянальных валют ва ўзаемных разліках для фарміравання імунітэту грашовых сістэм арганізацыі да глабальных выклікаў. «Перш за ўсё да незаконных санкцый і аднабаковых прымусовых мер, якія разрываюць ланцужкі плацяжоў паміж нашымі краінамі, а таксама з іншымі гандлёвымі партнёрамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій дадало ў прывычную сістэму каардынат новае, лічбавае вымярэнне. «Беларусь выступае за больш хуткае стварэнне адзінай адкрытай і бяспечнай лічбавай прасторы арганізацыі, — адзначыў ён. — Прапануем запусціць маштабную праграму абмену кампетэнцыямі ў сферы інфармацыйнай бяспекі, лічбавага развіцця і выкарыстання штучнага інтэлекту шляхам сумесных кансультацый, даследаванняў і інтэграцыі тэхналогій. Хабам для гэтых абменаў мог бы стаць Цэнтр супрацоўніцтва Кітай — ШАС у галіне прымянення штучнага інтэлекту, які ствараецца ў Беларусі».

«Мы зможам падтрымліваць інавацыйныя даследчыя праекты ў самых розных галінах»

Трэцім кірункам узаемадзеяння дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, па меркаванні беларускага лідара, з’яўляецца гуманітарны.

 

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць калегам за актыўны ўдзел краін ШАС у Нарадзе міністраў адукацыі, якая ўпершыню прайшла ў гэтым годзе ў сталіцы Беларусі, а таксама за адобраны ў ходзе сустрэчы праект «Мінская ініцыятыва», які прадугледжвае стварэнне кансорцыума ВНУ і высокатэхналагічных карпарацый ШАС.

«Беларусь таксама прапануе заснаваць навуковы фонд арганізацыі, які садзейнічаў бы інтэграцыі патэнцыялаў вучоных нашых краін, — канстатаваў Прэзідэнт. — З дапамогай гэтага інструмента мы зможам падтрымліваць інавацыйныя даследчыя праекты ў самых розных галінах: ад клімату і экалогіі да разумнай сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, аховы здароўя і фармацэўтыкі».

Рэзюмуючы, беларускі лідар падкрэсліў, што рух наперад па абазначаных ім кірунках дапаможа ўмацаваць маналітнасць нашых пазіцый і згуртаванасць арганізацыі, узмацніць яе аўтарытэт або калектыўны голас на міжнароднай арэне.

 

«Статут партнёра, які замацоўваецца сёння ў Хартыі ШАС, сведчыць аб тым, што мы не прыхільнікі закрытых альянсаў і гатовы да ўзаемадзеяння з усімі ў „шанхайскім духу“, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба нарошчваць кантакты ШАС з іншымі аб’яднаннямі, такімі як ЕАЭС, СНД, АДКБ, АСЕАН, Афрыканскі саюз і, вядома ж, БРІКС. Захоўваючы прыхільнасць да ідэі інтэграцыі інтэграцый, мы лічым, што спалучэнне розных фарматаў супрацоўніцтва дапаможа павысіць ролю Шанхайскай арганізацыі як глабальнага гульца».

 

Беларускі лідар выказаў глыбокую ўдзячнасць кыргызскаму боку за ветлівасць і гасціннасць, высокі ўзровень арганізацыі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама дзейсную каардынацыю работы ў перыяд старшынства гэтай краіны ў арганізацыі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю