У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча Наталлі Качанавай з выхаванцамі Спецыялізаванага ліцэя МУС. У ходзе адкрытага дыялогу, які доўжыўся больш за дзве гадзіны, спікер расказала пра дзейнасць палаты парламента, закранула моманты патрыятычнага выхавання моладзі, падрабязна і шчыра адказала на шматлікія пытанні, якія паступалі ад навучэнцаў.
Звяртаючыся да юных гасцей, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла:
«Вы прынялі для сябе вельмі важнае рашэнне — пайсці вучыцца ў Спецыялізаваны ліцэй МУС, каб у далейшым звязаць свой лёс з нашымі органамі ўнутраных спраў. І я вельмі на гэта разлічваю, таму што самае галоўнае для любой краіны — быць абароненай, зрабіць так, каб народ адчуваў сябе спакойна. Малады чалавек павінен разумець, калі заканчвае сярэднюю школу або гімназію, куды пайсці далей, чым займацца ў гэтым жыцці. А вы ўжо для сябе вызначылі гэты кірунак, і гэта правільна».
Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сёння самае галоўнае — мір і спакой на нашай зямлі: «Вы гэта, напэўна, чуеце і ведаеце, пра гэта вам расказваюць выкладчыкі. Мы сустракаемся з вамі напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі. Гэта вялікае свята, таму што мы разумеем, што было б, калі б тады наш народ не перамог у той крывавай вайне. Мы павінны памятаць і шанаваць тыя добрыя справы, якія былі зроблены старэйшымі пакаленнямі».
Старшыня Савета Рэспублікі расказала навучэнцам ліцэя і аб заканатворчасці: «Наша дзяржава прававая, мы жывём паводле законаў. Таму законы павінны працаваць, і таму законы трэба прымаць такія, якія былі б на карысць нашага народа і нашай краіны.
Прэзідэнт шмат разоў нам казаў, што ў аснове нашай палітыкі перш за ўсё — людзі, каб у людзей было камфортнае жыццё, каб яны жылі ў цудоўнай краіне, каб яны мелі добрую работу і годную заработную плату, добрыя ўмовы для жыцця.
І таму кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Год добраўпарадкавання і пяцігодка якасці. Сёння наша дзяржава накіроўвае сродкі на ўстановы адукацыі, на ахову здароўя, на забеспячэнне бяспекі нашай краіны. Каб людзі жылі ў міры і згодзе. А каб вырашыць усе гэтыя задачы, павінна працаваць эканоміка. І перш за ўсё самая галоўная задача для таго, каб мы жылі добра, — павінны працаваць прадпрыемствы, якія ствараюць даброты для нашай краіны».
Падчас сустрэчы кожны з прысутных мог задаць Наталлі Іванаўне абсалютна любыя пытанні. І галоўнае пытанне, якое хвалявала ліцэістаў, — чаму пачынаюцца войны? На думку спікера Савета Рэспублікі, прычына войнаў і рознагалоссяў — «брудная» палітыка: «Гэта ж не людзі прымаюць рашэнне развязаць вайну, а тыя, хто стаяць ва ўладзе. І калі такія працэсы, якія складана ўрэгуляваць, ідуць унутры краіны, тады палітыкі робяць усё для таго, каб абвінаваціць у сваіх праблемах іншыя краіны. Паглядзіце, што сёння кажуць палякі, іншыя нашы заходнія суседзі. Яны будуць бараніцца ад нас, беларусаў. Гэтым яны нагнятаюць абстаноўку, пачынаюць збіраць ўзбраенне. Наш Прэзідэнт усюды кажа: «Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Мы заўсёды будзем жыць у міры і згодзе з усімі, хто канструктыўна настроены на супрацоўніцтва з нашай краінай.
І наш Прэзідэнт, на мой погляд, — гэта вялікі палітык у свеце. Калі палітыка ў краіне выбудоўваецца такім чынам, як выбудоўвае яе наш кіраўнік дзяржавы, — гэта залог таго, што мы будзем жыць мірна».
Фота БелТА