У сваіх паўсядзённых або прафесійных задачах мы нярэдка сёння звяртаемся па дапамогу не да прадстаўнікоў старэйшага, больш вопытнага пакалення, як гэта было раней, а да штучнага інтэлекту. Чаму так адбываецца? Як робаты ўплываюць на эканоміку і развіццё краіны? Пра гэта мы пагаварылі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.
— Як вы лічыце, чаму рабатызацыя сёння асабліва актуальная і ўжываецца ва ўсім свеце?
— Таму што наш мозг недастаткова хуткі. Ён так уладкаваны, што можа максімальна выконваць ад трох да пяці складаных аперацый адначасова. Акрамя таго, у галоўнага органа цэнтральнай нервовай сістэмы ёсць схільнасць да памылак. А яшчэ работа галаўнога мозгу напрамую залежыць ад стану самога арганізма. Напрыклад, ці выспаўся чалавек, ці не хварэе ён. У дадатак да ўсяго, наш мозг мае ўласцівасць стамляцца. І ўсе гэтыя фактары ў сукупнасці затарможваюць працу і павялічваюць верагоднасць з’яўлення памылак.
На дапамогу ў гэтай справе прыйшлі вылічальныя машыны — ад простага калькулятара да касмічнага робата. Іх перавага акрамя вышэйпералічанага заключаецца яшчэ і ў тым, што ў робата для працы няма абмежаванага асяроддзя — нават у вадзе, на глыбіні звыш 300 метраў. З іх дапамогай мы, людзі, арганізоўваем выкананне шэрагу складаных задач.
— У любой з’явы ёсць свае як прыхільнікі, так і праціўнікі...
— Гэта праўда. Я лічу гэту з’яву станоўчай. Аўтаматызацыя паскарае рост эканомікі, здымае выдаткі бізнесу, павышае аддачу ад працы і памяншае цэны на тавар. Аднак нюанс заключаецца ў тым, што сам робат не можа стаць часткай нашай спажывецкай культуры. Кожная рэч, якая вырабляецца, мае свайго спажыўца. Зразумела, што, набываючы тэхніку ці любыя іншыя тавары, мы «грэем» эканоміку.
Возьмем вядомую фірму Mіtsubіshі, якая выпускае мноства тавараў: ад іголак да гіганцкіх караблёў. Калі яе заснавальнік, дапусцім, створыць гарадок, дзе размесцяцца некалькі заводаў, на якіх будуць працаваць людзі, як складзецца сістэма? Людзям для жыцця патрэбныя вада і прадукты харчавання, аўтамабілі для перамяшчэння і мноства іншых тавараў і паслуг. Калі кіраўнік фірмы паставіць у гарадку крамы, запраўкі і іншыя аб’екты сацыяльнай значнасці, большая частка зарплаты насельніцтва будзе яму вяртацца штомесяц. Людзі захочуць паесці, заправіць машыну, схадзіць у кіно ў сваім горадзе і гэтак далей. Апісаны працэс абазначае, што Mіtsubіshі такім чынам пабудуе і забяспечыць спажывецкую культуру.
А цяпер уявіце, калі б у гэтым горадзе працавалі робаты? Хіба яны з’яўляюцца актыўнымі спажыўцамі ўсяго вышэйпералічанага? Адназначна, не. І гэта значыць, што сама спажывецкая сістэма яшчэ не цалкам адаптавалася да рабатызацыі.
Ёсць яшчэ адзін нюанс. А што будзе ў такім выпадку з людзьмі, якія пражываюць у краіне, дзе ўсё заменена на робатаў? Напрыклад, ЗША сёння цалкам гатовыя замяніць дальнабойшчыкаў на робатаў. Яны менш будуць трапляць у ДТЗ з-за адсутнасці чалавечага фактару, зусім не будуць хварэць, ім не трэба будзе плаціць пенсію. Увогуле, з адной кропкі ў другую дабяруцца з мінімальнымі выдаткамі і рызыкамі.
Ёсць некалькі «але». Робаты не маюць патрэбы ў прыпынку на перакус у прыдарожным кафэ, адпачынку ў матэлі, як людзі — значыць, людзі, занятыя ў гэтым бізнесе, застануцца без работы. А яшчэ ўзнікае пытанне: а што рабіць з самімі дальнабойшчыкамі, якія ўсё жыццё займаліся гэтай працай? Кагосьці трэба будзе адправіць на пенсію, кагосьці на перакваліфікацыю... Менавіта таму да рабатызацыі нельга прыйсці адным махам.
Варта ўспомніць і паспяховы прыклад укаранёнай рабатызацыі. Галандыя выступае безумоўным лідарам у вузкіх нішах — перш за ўсё ў аграробататэхніцы, аўтаматызацыі цяпліц, жывёлагадоўлі і партовай лагістыцы.
— Якія краіны, на ваш погляд, найбольш прыдатныя да рабатызацыі?
— Мы часта чуем навіны, што кіраўніцтва аўтамабільных заводаў у некаторых краінах звольніла некалькі тысяч чалавек, таму што вырашыла выкарыстоўваць на вытворчасці робаты. Вядома, гэтыя людзі з голаду не памруць, — будуць атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, якая прадугледжана ў гэтых краінах. І тым не менш, у тых дзяржавах, дзе ёсць перанасяленне, рабатызацыя будзе ісці вельмі марудна з-за недахопу свабодных працоўных месцаў.
Але ў свеце ёсць нямала краін, у якіх не хапае працоўнай сілы і насельніцтва памяншаецца. Прычым варта заўважыць, што нараджальнасць не залежыць ад узроўню жыцця, гэта паняцце шматфактарнае. Вось ім проста неабходна развіваць рабатызацыю. Такім чынам павялічацца аб’ёмы вытворчасці, вырасце экспарт, упадзе імпарт — бо робатам нічога чалавечага не трэба. Так павялічацца і даходы краіны.
— Як рабатызацыя можа ўплываць на грамадства ў цэлым?
— На працягу дзесяцігоддзяў навукоўцы назіралі «эфект Фліна» — у кожнага наступнага пакалення ўзровень ІQ вышэйшы, чым у папярэдняга. І гэта выдатна, таму што спрыяе развіццю цывілізацыі. Але ў 2024 годзе даследчыкамі быў адзначаны зваротны эфект. І памяншэнне ІQ назіраецца яшчэ з 2010 года — са з’яўленнем разумных гаджэтаў. Калі так будзе прадаўжацца, гэта адмоўна паўплывае на развіццё грамадства і ўсёй нашай планеты.
Уся праблема заключаецца ў тым, што ў свеце ідзе гандаль за ўвагу. Наша ўвага каштуе грошай. Дастаткова, напрыклад, чалавеку задумацца і засумнявацца, што Зямля круглая, — тут жа з’явяцца сотні сайтаў, якія гэтую думку падтрымаюць і будуць завабліваць карыстальнікаў вывучаць яе на старонках Інтэрнэту. На наведвальніках сайтаў і ўвазе іх стваральнікі зарабляюць велізарныя грошы.
— І як з гэтым змагацца?
— Вучыцца кіраваць увагай. Калі не набыць гэты навык у дзіцячым узросце, калі нейронавыя каркасы толькі пачынаюць утварацца, у дарослым жыцці зрабіць гэта будзе даволі цяжка. Паглядзіце — ужо многія краіны заканадаўча забаранілі прысутнасць дзяцей да пэўнага ўзросту ў сацыяльных сетках. Нашы дзеці нічым не адрозніваюцца, яны таксама трапляюць пад уплыў. Калі думаем пра будучыню — варта задумацца і пра гэта. Як і пра тое, каб у школе ўвесці прадмет «кіраванне ўвагай», каб дзеці самі навучыліся ёй валодаць і не дазвалялі камусьці гэту ўвагу ў іх забраць. Гэта, калі хочаце, — пытанне нацыянальнай бяспекі. У нейрабіялогіі гэтая тэхніка ўжо даўно вядомая і пастаянна развіваецца. Засталося толькі азнаёміць з ёй падрастаючае пакаленне. Свой час можна аддаваць на больш карысныя рэчы. Напрыклад, рост эканомікі і развіццё ўласнай краіны.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ