Шырокае кола пытанняў абмеркавалі на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта.
Найперш у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння знаходзіліся задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы падчас вялікай размовы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцямі, якая адбылася ў Дзень народнага адзінства ў Палацы Незалежнасці. Сярод іх — аб’ектыўнае адлюстраванне гістарычных падзей, фарміраванне пантэона нацыянальных герояў. Акрамя таго, ішла размова аб рэалізацыі Канцэпцыі школьнай гістарычнай адукацыі і ўкараненні цыклу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у ВНУ, актуальнасці дысертацыйных даследаванняў і каардынацыі тэм з профільнымі інстытутамі НАН Беларусі. Абмяркоўвалася супрацоўніцтва з іншымі краінамі па пытанні захавання гістарычнай памяці.

Праўдзівая інтэрпрэтацыя і пантэон нацыянальных герояў
Як звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ, у сваім выступленні 17 верасня Аляксандр Лукашэнка прысвяціў вялікі блок аб’ектыўнаму адлюстраванню гістарычнага развіцця нашай краіны. «Беларускі лідар папрасіў нас нічога не перабольшваць, нічога не рэтушыраваць, а максімальна аб’ектыўна паказваць любую гістарычную падзею, якая адбывалася ў Беларусі, на аснове архіўных, статыстычных і фактурных матэрыялаў, экспертных даследаванняў і заключэнняў. Гэта вельмі важна з пункту гледжання сучаснай падачы ў школьных падручніках, метадычных дапаможніках, дысертацыйных работах, інфармацыі для турыстычных гідаў, улічваючы вялізную цікавасць і ўсплёск унутранага турызму ў Беларусі».

У якасці добрага прыкладу гэтай работы Прэзідэнт прывёў падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але і тут, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, яшчэ вялікі пласт работы, якая вядзецца ў тым ліку ў рамках расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што трэба змагацца за наш пункт гледжання, за нашу праўду і ў кантэксце адлюстравання іншых гістарычных падзей.
Прагучала падчас пасяджэння і тэма пантэона нацыянальных герояў. Прапанова аб фарміраванні такога пантэона паступіла ад кіраўніка дзяржавы 17 верасня. Што датычыцца падзей Вялікай Айчыннай вайны, нашы героі адлюстраваны нядрэнна. «Журналісты на працягу года падтрымліваюць у гарачым стане гэту тэму, — пацвердзіў Дзмітрый Крутой. — А вось аб героях, дапусцім, вызваленчага паходу Чырвонай Арміі 1939 года, гавораць менш. І так астатнія перыяды і эпохі».
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, характарыстыка гэтага пантэона герояў павінна быць максімальна аб’ектыўнай: каб кожны беларус дакладна ўяўляў сваіх суайчыннікаў, якія ўнеслі ўклад не толькі ў развіццё Беларусі, але і, магчыма, у гістарычныя падзеі іншых краін.
Разумнае фінансаванне і патрэбныя даследаванні
На пасяджэнні савета ішла размова і аб фінансаванні манументальных аб’ектаў Беларусі, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. «Ідзе актыўнае фарміраванне праграмы будучай пяцігодкі, а гэта ўсё сур’ёзныя фінансавыя патокі і рэсурсы, — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Крутой. — Пастанове, якая рэгулюе работу з гэтымі аб’ектамі, ужо 20 гадоў. Кіраўнікі аблвыканкамаў гавораць, што нам патрэбны больш актуалізаваны пералік гэтых аб’ектаў, каб закладваць фінансаванне. Улічваючы, што асноўны спіс фарміраваўся ў 1990-я гады і многае ўжо страціла актуальнасць, вельмі важны пункт гледжання нашых гісторыкаў: што нам дасць эфект у росце турыстычнага патэнцыялу, захаванні нашай гістарычнай памяці».
Асобным блокам прагучала тэма каардынацыі паміж вузаўскай навукай і профільнымі інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук у частцы актуальнасці тэм дысертацыйных даследаванняў па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах. Мяркуецца, што адпаведныя паўнамоцтвы ў гэтым плане з’явяцца ў Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, які павінен стаць своеасаблівым камітэтам дзяржкантролю ў гэтай частцы.
«Не хочацца паліць рэсурсы — і людскія, і фінансавыя — на неактуальныя тэмы, — патлумачыў мэтазгоднасць такой прапановы Дзмітрый Крутой. — Спецыялісты Акадэміі навук чарговы раз пацвердзілі мне, што ў нас мільёны (я не перабольшваю) старонак неразабраных архіваў. І нашых гісторыкаў, даследчыкаў трэба накіраваць на тыя тэмы, якія найбольш важныя, запатрабаваныя і актуальныя».
Міжнародныя стасункі ў справе захавання памяці і экспазіцыя будучага музея

Што датычыцца супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі па пытанні захавання гістарычнай памяці, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта праінфармаваў, што да гэтай тэмы праяўляюць вялікую цікавасць гісторыкі з Расіі, Казахстана, іншых краін СНД. «Яны гатовы выдзяляць фінансаванне на рэканструкцыю пэўных падзей у нас, будаўніцтва мемарыяльных комплексаў, помнікаў», — канкрэтызаваў Дзмітрый Крутой. Кожны міжнародны праект падобнай тэматыкі праходзіць экспертызу Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы.
Абмеркавалі падчас пасяджэння і тэматычнае напаўненне новага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які ўзводзіцца ў Мінску.
«Будаўнічыя работы ў высокай ступені гатоўнасці, мы падыходзім да стадыі падрыхтоўкі экспазіцыі ў гістарычных залах, — паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Таму меркаванне членаў Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы ў гэтым працэсе вельмі важнае. Мы не павінны памыліцца».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА