Top.Mail.Ru

Аб геапалітычнай значнасці візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНДР — эксперты і замежныя СМІ

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР застаецца ў топе навін і ў полі зроку аналітыкаў, прычым не толькі ў Беларусі. Калі сустракаюцца і падпісваюць Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве два моцныя лідары, якія праводзяць сваю незалежную палітыку нягледзячы ні на што, такая падзея не можа застацца незаўважанай. Найперш таму, што яна можа значна паўплываць на глабальную павестку, унесці карэктывы ва ўладкаванне новага шматпалярнага свету, што адбываецца на нашых вачах. Сустрэча лідараў Беларусі і КНДР яшчэ раз пацвердзіла, што ўплыў на міжнароднай арэне — не толькі пра памеры тэрыторыі і наяўнасць прыродных рэсурсаў. Гэта яшчэ і пра палітычную волю і прадбачлівую рацыянальнасць, і пра клопат аб дабрабыце свайго народа — рысы, якія асабліва каштоўныя ў сучасным свеце, дзе ў многіх заходніх краінах правяць баль фрыкі і папулісты. Менавіта таму многія эксперты звяртаюць увагу не толькі на эканамічны складнік вынікаў візіту кіраўніка Беларусі ў КНДР, але найперш на палітычны.


«Падыходы, якія калектыўны Захад спрабаваў сфарміраваць і супраць Пхеньяна, і супраць Мінска, ужо не працуюць»

Адзін з самых важных момантаў у супрацоўніцтве дзвюх краін — пераадоленне незаконных санкцый.


— Гэты візіт гістарычны, — адзначыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1». — Да гэтага, нягледзячы на 30 гадоў дыпламатычныхадносін паміж Рэспублікай Беларусь і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай, узаемных візітаў не было.

— Не будзем моцна распыляцца (аб падпісаных у Пхеньяне дагаворах і пагадненнях. — «Зв.»), разумеючы, што дзве дзяржавы доўгія гады знаходзяцца пад вялікімі санкцыямі, — заўважыў Уладзімір Пярцоў. — І сферы, у якіх намячаецца супрацоўніцтва, вельмі цікавыя нашым канкурэнтам з пункту гледжання таго, як бы нашкодзіць. <...> Мы можам меркаваць па прысутнасці за сталом перагавораў профільных міністраў і віцэ-прэм’ера, што гэта адукацыя, ахова здароўя, сельская гаспадарка, прамысловасць у частцы, напэўна, камунальнага транспарту, нейкіх станкоў і агрэгатаў. Тут і КНДР прасунулася далёка наперад, у нас ёсць узаемная цікавасць. Мы можам задаволіць патрэбы КНДР і нешта атрымаць ад іх, дзе яны атрымалі поспех, для таго каб нашы эканомікі ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў маглі ўзаемадапоўніцца.


Тое, што візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР стаў гістарычнай падзеяй, значэнне якой выходзіць далёка за межы двухбаковых адносін, адзначыў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і старшыня таварыства «Веды» Аляксей Аўдонін.


— Ён вельмі важны не толькі для развіцця двухбаковых адносін паміж Пхеньянам і Мінскам, але і служыць магутным сігналам для ўсіх астатніх краін на постсавецкай прасторы і для Еўропы. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што ўсе падыходы, якія калектыўны Захад спрабаваў сфарміраваць і супраць Пхеньяна, і супраць Мінска, ужо не працуюць. Нам, суверэнным дзяржавам, вельмі важна аб’ядноўвацца, пашыраць супрацоўніцтва ў эканоміцы, ствараць трывалыя гандлёва-эканамічныя сувязі, развіваць культуру, мастацтва, ахову здароўя, спорт. Такім чынам мы паказваем, што жывём не ў свеце нейкіх манаполій і нейкай гегемоніі калектыўнага Захаду, а ў свеце, дзе суверэнныя дзяржавы могуць вельмі хутка развіваць адносіны і ствараць новыя праекты, нягледзячы на санкцыі, ціск, абмежаванні і іншае.

Аляксей Аўдонін падкрэсліў, што Пхеньян доўгі час вымушаны быў існаваць у рэжыме «закрытай крэпасці», супраціўляючыся націску калектыўнага Захаду, а таксама патлумачыў, чаму Беларусь і КНДР маюць намер працягваць умацоўваць супрацоўніцтва насуперак знешняму ціску:

— Мы нацэлены на тое, каб і далей выбудоўваць адносіны, нягледзячы ні на якія каментары, санкцыі, абмежаванні. Чаму? Таму што паважаюць толькі моцных — тых, хто здольны ва ўмовах досыць неспакойнай сітуацыі ў свеце абараняць сваю тэрыторыю, сваё грамадства, свой суверэнітэт не толькі з дапамогай зброі, але і пры дапамозе трывалых сувязяў, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях...


«Беларусь імкнецца знізіць градус напружанасці ў свеце»

Пры развіцці двухбаковых адносін з партнёрамі Беларусь імкнецца вырашыць і пытанні глабальнага маштабу. На гэтым акцэнтаваў увагу міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».


«Наш Прэзідэнт нават у гэтых абставінах спрабуе зрабіць усё магчымае, каб змацоўваць хоць невялікімі, але нейкімі скрэпамі адносіны паміж краінамі, вельмі далёкімі адна ад адной. Дапамагаючы ім знайсці нешта добрае ў пазіцыях і спрабуючы іх прастымуляваць, зразумець пазіцыю адзінаднаго. Для таго каб або пазбегнуць сур’ёзных узрушэнняў, або садзейнічаць дасягненню нейкіх рэчаў, накіраваных на мірныя ініцыятывы», — сказаў міністр.

Так, паводле яго слоў, на перагаворах у Пхеньяне, акрамя двухбаковага парадку дня, абмяркоўваліся таксама адносіныз ЗША і Расіяй.

«І калі Прэзідэнт ускладаў вянок каля манумента „Вызваленне“, быў яшчэ букет кветак, які быў ускладзены ад імя Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Гэта была просьба расійскага лідара, — адзначыў дыпламат. — Калі гаварылі пра амерыканскія адносіны, то Прэзідэнт гаварыў аб сваім праламленні, што не трэба, напэўна, так катэгарычна да многіх пытанняў тут, наогул у Азіі падступацца (з боку ЗША. — „Зв.“), каб не праявілася такіх негатыўных тэндэнцый, як у іншых рэгіёнах свету. Інакш кажучы, у гэтым плане Прэзідэнт ужо даўно зайшоў за рамкі простых двухбаковых адносін, калі ён размаўляе з лідарамі многіх краін. Ён ужо спрабуе вырашыць пытанні рэгіянальнага, глабальнага маштабу, многія з якіх сёння пакуль яшчэ далёкія да Беларусі. Але яны вельмі важныя для мірнага развіцця нашай планеты».

Максім Рыжанкоў дадаў, што такім чынам Беларусь імкнецца знізіць градус напружанасці ў свеце. Пры гэтым кіраўніцтва краіны зыходзіць з разумення, што рана ці позна, калі ўсім не працаваць у гэтым кірунку, бяда можа дайсці да любой дзяржавы.


«Разам яны — поўны камплект для выжывання і развіцця»

Не абышлі ўвагай палітычную значнасць візіту беларускага лідара ў КНДР расійскія аналітыкі. Так, загадчык аддзела Карэі і Манголіі Інстытута ўсходазнаўства Расійскай акадэміі навук Аляксандр Варанцоў у эфіры «Першага інфармацыйнага» звярнуў увагу на адметнасць Паўночнай Карэі:

— КНДР — гэта кейс, які падрывае шаблоны. Гэта адзіная краіна ў свеце, якая трымае ў сябе як трафей баявы карабель ЗША — USS Pueblo стаіць у Пхеньяне. Карэйцы проста ўзялі яго і пакінулі, калі судна шпіёніла ў 1968-м. Дональд Трамп і Кім Чэн Ын абменьваліся асабістымі лістамі, якія Трамп пазней зваў «выдатнымі». Гэта быў першы выпадак у гісторыі, калі дзейны прэзідэнт ЗША сустрэўся з лідарам КНДР асабіста ў Сінгапуры ў 2018-м. 77 гадоў трымацца супраць усіх ворагаў — дарагога варта. Не прызнаюць КНДР толькі Паўднёвая Карэя, Японія і Батсвана. КНДР шануе надзейных партнёраў і пашырае супрацоўніцтва з тымі краінамі, якія падзяляюць іх каштоўнасці і паважліва ставяцца да традыцый.

КНДР — абсалютны монстр у «абаронцы»: ракеты, ядзерка, гіпергук, падземныя аэрадромы. Але ў астатнім ціск на краіну адбіваецца. У Беларусі ж усё наадварот: моцная прамысловасць (трактары і станкі, якія да гэтага часу купляюць нават там, дзе нас не любяць), сістэма адукацыі, якая куе кадры лепш за многіх «цывілізаваных» краін, і ахова здароўя, даступная і эфектыўная. Атрымліваецца ідэальная сінергія. Як два пазлы: адзін дае сталёвы шчыт і меч, другі — станкі, тэхніку і сацыялку.

Разам яны — поўны камплект для выжывання і развіцця ў свеце, дзе Захад вырашыў усіх перафарматаваць пад сябе. Гэта не проста візіт, а сігнал — гучны, жалезны і вельмі своечасовы.

У тэму

«Беларусь сцвярджае сябе як невялікая, але геапалітычна значная дзяржава» 

Візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў КНДР быў у цэнтры ўвагі вядучых сусветных СМІ і інфармагенцтваў. Тэлеграм-канал «Пул Першага» сабраў цытаты аб візіце з замежнай прэсы. 

Reuters (Вялікабрытанія):  


«Кім Чэн Ын сустрэў Лукашэнку абдымкамі і зладзіў пышную цырымонію прывітання са строем салдат, кавалерыяй і гарматным залпам». 

Devdіscourse (Індыя):  


«Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і лідар КНДР Кім Чэн Ын падпісалі ў Пхеньяне Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Пагадненне азначае новы этап актывізацыі адносін паміж краінамі, падкрэсліваючы іх агульную пазіцыю супраць ціску Захаду і падтрымку расійскіх стратэгій ва Украіне». 

Assocіated Press (ЗША):  


«Лукашэнка назваў дакумент фундаментальным і заявіў, што адносіны паміж дзвюма краінамі ўступаюць у новы этап... Лідары абмеркавалі нарошчванне супрацоўніцтва на высокім узроўні, а таксама абмяняліся думкамі па міжнародных і рэгіянальных пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць». 

RMF24 (Польшча):  


«Гістарычны візіт у КНДР адбыўся ў перыяд умацавання трохбаковага палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва паміж Пхеньянам, Масквой і Мінскам». 

The Guardіan (Вялікабрытанія): 


«Беларусь і КНДР удзельнічаюць у механізме, ініцыяваным кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам і Пуціным, па стварэнні так званага шматпалярнага свету з мэтай зламаць заходнюю гегемонію... Мэта візіту — прадэманстраваць салідарнасць паміж краінамі, якія выступаюць супраць заходняга парадку». 

Даволі цікавую справаздачу апублікаваў аналітычны цэнтр ІFІMES (Славенія).  


У матэрыяле аналізуецца палітыка Аляксандра Лукашэнкі, яго стратэгічнае бачанне і дыпламатычныя сувязі: 

«Пад яго кіраўніцтвам Беларусь выступае ў якасці найважнейшага злучальнага звяна паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі — ЗША, РФ і КНР. Асабістыя адносіны на аснове ўзаемнай павагі, якія ён выбудаваў з лідарамі гэтых краін, дазваляюць Мінску аказваць непасрэдны ўплыў на міжнародныя ініцыятывы ў галіне бяспекі і стратэгічныя працэсы, пазіцыянуючы краіну як стабільнага і прадказальнага ўдзельніка рэгіянальных дыялогаў... Абапіраючыся на сваё стратэгічнае бачанне і дыпламатычныя сувязі, Лукашэнка дазваляе Еўропе пераадольваць гістарычныя бар’еры і будаваць масты. Беларусь сцвярджае сябе як невялікая, але геапалітычна значная дзяржава».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю