Top.Mail.Ru

Аб ходзе асноўнага этапу ўступнай кампаніі даведаліся ў буйнейшай ВНУ Віцебскай вобласці — ВДУ імя П. М. Машэрава

Уступная кампанія стартавала 27 чэрвеня. Як паведамілі ва ўніверсітэце, у першую чаргу, да 1 ліпеня, дакументы прымалі ад пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд, што праходзілі ўзімку, — 2 ліпеня былі залічаны 28 чалавек. У наступны паток трапілі абітурыенты, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — 11 ліпеня статус студэнтаў набылі яшчэ 180 чалавек. Такім чынам, «машэраўцамі» сталі 208 хлопцаў і дзяўчат. 



Усяго планам прыёму прадугледжана 597 бюджэтных месцаў на дзённую форму навучання, пакуль вакантныя 389 з іх. Альтэрнатыва — болей за 300 платных месцаў. 

Трэці этап асноўнага прыёму дакументаў па конкурсе на падставе вынікаў здачы цэнтралізаванага тэсціравання ці ўступных экзаменаў, прадугледжаных у ВНУ (фізкультура, мастацкая адукацыя, музыка, руская і беларуская літаратуры), праходзіць у цяперашні час. Адначасова 12-14 ліпеня ішоў прыём дакументаў ад рабят, якія вучыліся ў профільных класах прафесійнай накіраванасці. Яны маюць права быць залічанымі без уступных іспытаў пры захаванні пэўных патрабаванняў да адзнак у атэстаце і здачы сумоўя па факультатыве, які яны вывучалі ў школе. Напрыклад, увядзенне ў педагагічную прафесію. Прыём дакументаў на бюджэт фінішыруе 17 ліпеня, залічэнне па трох сертыфікатах запланавана на 22-га, далей, 27 ліпеня, — залічэнне тых, хто паспяхова здасць унутраныя ўступныя экзамены, і 3 жніўня — для залічаных на пазабюджэтную форму навучання.


— У ВДУ імя П. М. Машэрава я падаў дакументы мэтанакіравана, — сцвярджае віцябчанін Ягор. — Я захапляўся біялогіяй, і мяне зацікавіў такі кірунак, як мікрабіялогія (сёлета самы папулярны. — Заўв. аўт.). Маю амбіцыйныя планы на будучыню, хачу прысвяціць сябе распрацоўцы найноўшых тэхналогій у вытворчасці лекаў, у якіх мае патрэбу насельніцтва Беларусі. Лічу, што пры маім сярэднім бале 9,3 і агульных звыш 270, у мяне ёсць шанц вучыцца бясплатна. Жыць буду дома, горад свой люблю, а дзе ў перспектыве знайду работу — час пакажа. 

Як рэгіянальная ВНУ ўніверсітэт імя Машэрава мае на мэце задавальненне кадравых запытаў паўночнага рэгіёна. Хоць сюды не грэбуе паступаць моладзь з розных абласцей, часцей тутэйшы кантынгент — свае хлопцы і дзяўчаты. У сцены патэнцыяльнай альма-матар яны прыходзяць з бацькамі: абсалютная большасць абітурыентаў — непаўналетнія і не маюць права падпісваць асобныя дакументы. Да таго ж, на месцы могуць параіцца са старэйшымі па жыццёва важных пытаннях. 


— Думаю, мы з мужам хвалюемся больш, чым сын, — заўважае маці Мікіты Броўкі з Верхнядзвінска. — Дзяцей у нас трое, ён старэйшы, першым крочыць у студэнцтва. Школу скончыў з медалём, хоць гэта не дае першачарговай перавагі, але ж галоўнае, што ў сына ёсць веды і імкненне да вучобы. Ён хоча быць інжынерам-праграмістам — няхай дабіваецца мэты. 

У той час, як у іншыя кабінеты нямнога тых, хто чакае, дзякуючы папярэдняму запісу і прызначэнню часу візіту па электроннай чарзе, каля кабінета падачы дакументаў на факультэт фізічнай культуры і спорту — добрая-такі купка моладзі. 

— Мы ўсе — выпускнікі Аршанскага каледжа ВДУ імя П. М. Машэрава, — ахвотна адказалі маладыя людзі на пытанне, чаму менавіта сюды такі наплыў. — Маем спецыяльнасці настаўнікаў фізкультуры і хочам атрымаць вышэйшую адукацыю. Бюджэтных месцаў меней, чым нас, каму не пашанцуе — будуць вырашаць: ёсць варыянты вучыцца платна ці паступіць на завочнае. 

Дарэчы, сёлета спрошчаныя ўмовы для набыцця адукацыі на завочнай форме навучання для абітурыентаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю, а таксама выпускнікоў школ са стажам работы не менш як 10 месяцаў. На бягучы момант яны могуць працаваць па любой, не толькі профільнай прафесіі. Гэта станоўча ўплывае на прыток абітурыентаў з ліку працоўнай моладзі. 


Адноўлены набор на шэраг спецыяльнасцяў, якія рыхтуюць кадры, запатрабаваныя ў арганізацыях. Сярод іх — мікрабіялогія, экалогія, лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Узнікла новая прафілізацыя для спецыяльнасці «Прыкладная матэматыка», якая называецца «Штучны інтэлект» — на гэта ёсць запыт часу. 

Сучасныя дзяўчаты выбіраюць свой шлях не толькі розумам, але і сэрцам. У пацвярджэнне — развагі аршанкі Уладзіславы Вараб’ёвай:

— Я хачу дапамагаць слабейшым, уплываць на тое, каб свет быў больш міласэрным. Задумвалася пра медыцынскі профіль, але спынілася на экалогіі: люблю прыроду, жывёл, нашу чыстую Беларусь. Пра яе трэба клапаціцца, і я хачу стаць адным з такіх спецыялістаў. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю