З 1 верасня ў Беларусі дзейнічаюць абноўленыя Правілы дарожнага руху, якія змянілі статус веласіпедыстаў і карыстальнікаў самакатаў. Першыя даныя паказваюць: аварыйнасць з іх удзелам скарацілася ўдвая. Як новыя нормы прыжываюцца на практыцы, даведалася карэспандэнт «Звязды».
Тэст на хуткасць
Штуршком да змяненняў у ПДР стаў трывожны трэнд апошніх гадоў: вуліцы гарадоў запаланілі сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ), па сваіх тэхнічных і нават візуальных характарыстыках блізкія да мапедаў. А значыць, яны ствараюць рэальную пагрозу руху пешаходаў, бо статус такіх СПМ быў незразумелы, а правілы іх выкарыстання — размытыя. Аб праблеме ўрад праінфармавала Генеральная пракуратура, і Міністэрству ўнутраных спраў было даручана падрыхтаваць праект указа, які б унёс змяненні ў Правілы дарожнага руху.
Ключавым новаўвядзеннем стала вызначэнне паняцця СПМ. Цяпер такім лічыцца толькі прылада з электрарухавіком, чыя канструктыўная хуткасць не перавышае 25 км/г. Усё, што больш магутнае і хуткае, прыраўноўваецца да транспартных сродкаў. Для іх уладальнікаў запусцілі спрошчаную працэдуру рэгістрацыі, якая дзейнічае да 1 верасня 2026 года. Трэба толькі звярнуцца ў выпрабавальную лабараторыю, атрымаць акт адпаведнасці і аформіць неабходныя дакументы ў ДАІ. «З 1 верасня ўжо зарэгістравана 325 такіх электрасродкаў у спрошчаным парадку, — адзначыў Віктар РОТЧАНКАЎ, начальнік Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. — Асабліва актыўныя грамадзяне Гродзенскай вобласці, дзе ўжо было зарэгістравана 57 такіх сродкаў». Дарэчы, улады пайшлі насустрач грамадзянам рэгіёнаў, арганізаваўшы выязныя прыёмы супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і Дзяржстандарта па ацэнцы адпаведнасці транспарту ў раённых цэнтрах, дзе няма лабараторый. А для рэгістрацыі не трэба весці сам транспартны сродак у ДАІ — дастаткова падаць дакументы ў найбліжэйшае раённае падраздзяленне.
Вымяраць хуткасць на тратуарах дапамагаюць сучасныя прыборы на ўзбраенні інспектараў, а пытанне аб увядзенні правоў на кіраванне СПМ пакуль не разглядаецца. Чакаецца, што ўнесеныя карэкціроўкі і змяненні заканадаўства акажуць станоўчы эфект і будуць садзейнічаць змяншэнню траўматызму на дарогах краіны. Разам з тым Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць шырокую тлумачальную і прафілактычную інфармацыйную работу сярод насельніцтва. Бо важна, каб усе ўдзельнікі руху разумелі: бяспека на дарозе — гэта агульная адказнасць і абавязак кожнага.
Аб чым сведчаць лічбы
Мабыць, найбольшы рэзананс выклікала правіла спешвання на пешаходных пераходах, якое цяпер абавязаны выконваць веласіпедысты і кіроўцы СПМ, калі перасякаюць праезную частку. Аднак улады падышлі да пытання гнутка: у некаторых месцах рух на веласіпедзе ці самакаце дазволены — зоны абазначаюцца спецыяльнымі веласвятлафорамі або інфармацыйнымі таблічкамі (мінчане, напэўна, заўважылі іх на святлафорных слупах). На сёння, паводле слоў Віктара Ротчанкава, у краіне абсталявана 376 такіх месцаў, 190 з якіх — у Мінску. У планах — дадаць яшчэ 230: «Хацеў бы звярнуць увагу на норму, пра якую часта замоўчваюць: калі перасячэнне тратуара не абазначана ні пешаходным пераходам, ні веладарожкай, веласіпедысты маюць права не спешвацца, але абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам. Участкі, якія мы абазначаем інфармацыйнымі таблічкамі або веласвятлафорамі, — гэта толькі тыя месцы, дзе святлафорны цыкл забяспечвае максімальную бяспеку, выключае канфлікт паміж транспартам і веласіпедыстам або пешаходам», — падкрэсліў прадстаўнік ДАІ.
Аб правільнасці падыходу сведчыць абнадзейвальная статыстыка. За першыя 50 дзён дзеяння новых правілаў (з 1 верасня да 20 кастрычніка) колькасць ДТЗ з веласіпедыстамі скарацілася ўдвая, а з удзелам СПМ — на 60 %. Акрамя таго, калі летась за аналагічны перыяд адбылося 33 наезды на веласіпедыстаў на пешаходных пераходах, то сёлета — усяго 2, і абодва выпадкі — без загінулых. Дарэчы, перыяд да 2026 года лічыцца адаптацыйным. Аднак, калі ўдзельнік руху становіцца вінаватым у ДТЗ, яго чакаюць строгая праверка і адказнасць. За парушэнне правілаў для веласіпедыстаў і вадзіцеляў СПМ прадугледжана папярэджанне, а пры паўторным парушэнні на працягу года — штраф.
Будзьце пільнымі!
У ДАІ таксама папярэджваюць: з нядаўняга часу ў краіне пачасціліся выпадкі ашуканскіх схем. Грамадзянам прыходзяць апавяшчэнні аб нібы здзейсненых правапарушэннях з патрабаваннем неадкладна аплаціць штраф. «Дзяржаўтаінспекцыя ніколі не накіроўвае інфармацыю аб прыцягненні да адказнасці праз месенджары, напрыклад Telegram або Vіber, — падкрэсліваюць у ведамстве. — Афіцыйныя апавяшчэнні рассылаюцца толькі праз СМС па звычайнай сотавай сувязі, пры гэтым у іх не паказваецца сума штрафу, рэквізіты або парадак яго аплаты». Для праверкі інфармацыі аб магчымых штрафах грамадзянам рэкамендуецца карыстацца выключна афіцыйнымі крыніцамі — сайтам МУС або адзіным парталам электронных паслуг «Е-Паслуга».
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц