Top.Mail.Ru

Аб прычынах пажараў у жылым сектары расказалі ў МНС

Толькі за верасень 2026 года ў краіне здарылася 424 пажары, у якіх загінула 30 чалавек. Галоўныя прычыны застаюцца нязменнымі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Асабліва ў жылым сектары — па статыстыцы, менавіта на яго прыпадае каля 96 працэнтаў загінулых. 



«Самая галоўная прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём. У большасці выпадкаў — падчас курэння ў стане алкагольнага ап’янення. Такім чынам, партрэт загінулага вельмі выразны: выпіў, закурыў, заснуў — не прачнуўся», — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый ТУРЧЫН. 

Другое месца ў гэтым «антырэйтынгу» ў ратавальнікаў займаюць парушэнні правілаў уладкавання і эксплуатацыі электраабсталявання, электрасетак, а трэцяе — пячнога ацяплення. Яно, дарэчы, патрабуе пільнай увагі гаспадароў увесь ацяпляльны сезон.

Каб папярэдзіць насельніцтва нашай краіны, праінфармаваць аб правілах бяспекі ў восеньска-зімовы перыяд, прадстаўнікі МНС разам з сацыяльнымі работнікамі і іншымі зацікаўленымі ведамствамі наведваюць дамы адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і тых, хто злоўжывае спіртным. Падчас розных акцый, у тым ліку «Дом без пажару» і «За бяспеку разам», спецыялісты штогод абыходзяць тысячы домаўладанняў. 

— За дзевяць месяцаў 2026 года мы абследавалі больш за 530 тысяч домаўладанняў і ахапілі больш за 700 тысяч грамадзян, — расказаў Дзмітрый Турчын. — У прыярытэце — адзінокія і адзінока пражываючыя, інваліды, шматдзетныя, сем’і з сацыяльна небяспечным становішчам для дзяцей. Зразумела, мы ходзім і да іншых грамадзян, але наша работа павінна засяроджвацца на першапрычынах і там, дзе часцей за ўсё ўзнікаюць пажары.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю