Як паведаміў начальнік 10-га ўпраўлення (па Мінскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Дзяніс Дзіхцярук, аператыўнікі выйшлі на след удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы пры адпрацоўцы серыі выкраданняў людзей, якія адбыліся ў 2019 годзе. У ходзе далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў выявіліся і больш раннія эпізоды, яшчэ з канца 1990-х. За гэты час склад АЗГ неаднаразова мяняўся.
У 2019 годзе ахвяру супраць волі звезлі са стаянкі каля спарткомплексу ў Мінску і два тыдні ўтрымлівалі ў падвале прыватнага дома ў Віцебскім раёне. Пасля атрымання часткі выкупу зламыснікі адпусцілі пацярпелага, але каб выплаціць астатак патрабаванай сумы, мужчына быў вымушаны прадаць кватэру, гараж і аўтамабіль. Тым не менш, ужо ў снежні таго ж года злачынцы зноў выкралі яго з паркінга ў Мінску і адпусцілі толькі пасля таго, як ахвяра знайшла яшчэ 20 тысяч долараў і перадала зламыснікам свой аўтамабіль.
Пасля затрымання фігурантаў праваахоўнікі высветлілі: нешта падобнае злачынцы рабілі яшчэ шмат гадоў таму. Па інфармацыі МУС, у 1998 годзе яны ўварваліся ў кватэру жыхара Віцебска, які займаўся нелегальнымі валютна-абменнымі аперацыямі, і завалодалі буйной сумай наяўных грошай. У верасні таго ж года ўчынілі напад на офіс прадпрымальнікаў, выкраўшы аргтэхніку, сейф з грашыма і працоўныя кніжкі работнікаў. У кастрычніку тыя ж асобы вымагалі грошы за вяртанне дакументаў, а атрымаўшы адмову, устанавілі і прывялі ў дзеянне выбуховае прыстасаванне на ганку катэджа бізнес-вумен. У снежні 1998 года падчас паўторнага разбойнага нападзення на офіс з абрэза паляўнічай стрэльбы быў забіты ахоўнік.
У лістападзе 2000 года зламыснікі ўчынілі чарговае нападзенне. З абрэзам і пісталетам яны ўварваліся на склад прыватнага прадпрыемства ў Віцебску. Ахвярамі налёту сталі дырэктар, яго жонка і работнікі арганізацыі. Іх збілі і выкралі буйную суму, якая ў той час была супастаўная з коштам кватэры ў абласным цэнтры. Тады раскрыць гэтае злачынства па гарачых слядах было немагчыма. Аднак праз дзесяцігоддзі дадзены эпізод, нараўне з іншымі, узнавіў поўную карціну шматгадовай крымінальнай дзейнасці АЗГ.
«Работа па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў патрабуе максімальнай канцэнтрацыі, глыбокага аналізу і прафесійнай настойлівасці. Мы працягваем паслядоўна рухацца да таго, каб ніводнае злачынства не засталося без належнай прававой ацэнкі», — адзначыў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка аддзела следчага ўпраўлення УСК па г. Мінску Павел Патоцкі.
Усім фігурантам прад’яўлены абвінавачанні, і ў бліжэйшы час крымінальныя справы будуць накіраваныя ў суд.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА