Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы са сваім іранскім калегам вельмі змястоўнымі, па выніках якіх дасягнулі сур’ёзных зрухаў у беларуска-іранскіх адносінах. «Добрым будзе вынікам гэтых зрухаў, калі мы ў найбліжэйшы час, як дамовіліся з Прэзідэнтам, падрыхтуем і падпішам дагавор аб стратэгічным супрацоўніцтве», — адзначыў ён.
Прэзідэнт расказаў, што сустрэча прайшла ў вельмі цёплай і канструктыўнай атмасферы. «Інакш і быць не магло. Бо нашы суверэнныя дзяржавы звязвае больш за 30 гадоў плённага супрацоўніцтва, заснаванага на шчырым сяброўстве і павазе. Для Мінска і Тэгерана не існуе закрытых тэм. У выбудоўванні дыялогу мы заўсёды зыходзім з прынцыпу ўзаемнага даверу і абавязкова ўлічваем інтарэсы адзін аднаго, — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь разглядае Іран у якасці важнага палітычнага і эканамічнага партнёра не толькі ў Азіяцкім рэгіёне, але і на міжнароднай арэне ў цэлым. За апошнія гады сумеснымі намаганнямі нам удалося дасягнуць сур’ёзнага прагрэсу: хуткімі тэмпамі развіваем узаемадзеянне па розных кірунках, прыярытэтных для абедзвюх краін».
Беларускі лідар расказаў, што на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці абмеркавалі важныя аспекты двухбаковых адносін. Асаблівую ўвагу надалі развіццю гандлю і прамысловай кааперацыі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыі сумесных ініцыятыў у галіне навукі, тэхналогій і адукацыі. «Беларускі бок накіраваны на планамернае выкананне «дарожнай карты» ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам да 2026 года», — заявіў Прэзідэнт. Ён расказаў, што ў найбліжэйшы час асноўныя палажэнні дарожнай карты будуць прарэвізаваны. Тое, што вельмі актуальна і трэба краінам, будзе абавязкова выканана.
«Дарожную карту» Аляксандр Лукашэнка назваў асноўным практычным дакументам і інструментам. «Дарожная карта» служыць пашырэнню партнёрства паміж краінамі па ключавых кірунках. Сёння мы падпісалі сумесную заяву, якая актуалізуе нашы планы і расстаўляе акцэнты ў дасягненні пазначаных у нашых планах мэт, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Мы яшчэ раз пацвярджаем, што, будучы адказнымі ўдзельнікамі міжнароднага супрацоўніцтва, Рэспубліка Беларусь і Ісламская Рэспубліка Іран падзяляюць агульныя каштоўнасці і прынцыпы ўзаемадзеяння суверэнных дзяржаў. Мы імкнёмся да пабудовы шматпалярнага свету, дзе кожная краіна самастойна вызначае свой шлях развіцця без знешняга ўмяшання»
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь лічыць эканамічным тэрарызмам незаконныя абмежавальныя меры, уведзеныя супраць Мінска і Тэгерана калектыўным Захадам. «Нашы рэспублікі паспяхова супрацьстаяць гэтай агрэсіўнай і крывадушнай санкцыйнай вайне. Гэту работу падмацоўваюць актыўныя крокі Беларусі і Ірана ў рамках ААН, ШАС, БРІКС і іншых структур, якія сёння фарміруюць новы, справядлівы, канструктыўны парадак дня міжнароднага супрацоўніцтва», — адзначыў ён.
Прэзідэнт прывітаў глыбокае ўцягванне Ірана ў гандлёва-эканамічныя працэсы на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. «Я з задавальненнем сёння пачуў з боку іранскіх калег, што ўжо ў рамках гандлёвага супрацоўніцтва паміж Іранам і ЕАЭС абнуленыя пошліны па 76 таварных пазіцыях, — падзяліўся ён. — Пачатак функцыянавання поўнафарматнага Пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Іранам пашырае геаграфію гандлёвых сувязяў, адкрывае новыя рынкі для нашых краін». Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Іранам і ЕАЭС беларускі лідар назваў важкім укладам у фарміраванне падмурка доўгатэрміновага стратэгічнага партнёрства паміж Іранам і ЕАЭС, якое ўмацуе эканамічную бяспеку ўсіх яго ўдзельнікаў.
Аляксандр Лукашэнка завастрыў увагу на цікавым факце: усё, што вырабляюць у Беларусі, трэба Ірану. «Іран нас угаворвае, каб мы больш актыўна выкарыстоўвалі лагістычны напрамак праз Расію і Іран. Расія, Арменія, Іран і на Персідскі заліў. Угаворваюць! Дык нам гэта трэба перш за ўсё», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што перагаворы галіновых дэлегацый Беларусі і Ірана прадэманстравалі ўзаемную зацікаўленасць бакоў у прадаўжэнні рэалізацыі намечаных сумесных праектаў. Ён таксама адзначыў супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў гуманітарнай сферы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць значны патэнцыял для развіцця культурных сувязяў, абмену ведамі і вопытам, што спрыяе паглыбленню ўзаемаразумення і сяброўства паміж нашымі народамі.
«Прынята рашэнне актывізаваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічным кірунку і правесці сёлета ў Мінску восьмае пасяджэнне сумеснай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій, — працягнуў беларускі лідар. — Перакананы, падпісаныя сёння дакументы паслужаць значнаму пашырэнню партнёрства паміж нашымі дружалюбнымі краінамі».
Прэзідэнт запэўніў, што беларускі бок зробіць усё магчымае для хутчэйшага ўвасаблення ў жыццё дасягнутых дамоўленасцяў на ўсіх узроўнях і ва ўсіх галінах.