XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праходзіць у Гродне, перадае БелТА.
Фестываль у гэтым годзе адзначае 30-годдзе. З кожным годам ён пашыраецца і напаўняецца новымі яркімі падзеямі. Пры гэтым нязменнымі застаюцца яго брэнды, вядомыя і любімыя ўсёй Беларуссю: традыцыйнае шэсце дружбы ў дзень адкрыцця і нацыянальныя падворкі ў другі святочны дзень.
Фестывальныя мерапрыемствы будуць праходзіць ва ўсім гістарычным цэнтры Гродна, ад Каложскага парку і старадаўніх замкаў да вуліцы Ажэшка.
Адной з першых лакацый свята стала «Алея дружбы» ў Каложскім парку. Тут арганізавана акцыя «Новым сябрам мы рады заўсёды»: прадстаўнікі нацыянальнасцей, якія ўпершыню прымаюць удзел у свяце, высадзяць дрэвы.
У парку Жылібера адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А роўна апоўдні ў храмах Гродзеншчыны пройдуць малебны «За мір, згоду і талерантнасць».
Месцам прыцяжэння стане турыстычная выстава-кірмаш «Гродзенская вобласць — тэрыторыя камфортнага турызму». Яна адкрываецца ў 12.00 у двары Новага замка абласнога гісторыка-археалагічнага музея і будзе прымаць наведвальнікаў на працягу двух дзён.

Цікава будзе і ў культурным цэнтры «Фестывальны», дзе апоўдні ўдзельнікі фестывалю адправяць пасланне новым пакаленням: капсулу закладуць непасрэдна ў будынку цэнтра. Непадалёку, на вуліцы Тэльмана, урачыста адкрыюць манументальна-дэкаратыўную скульптуру аленя, які стане фестывальным сімвалам Гродна.
У праграме таксама два важныя пасяджэнні. Члены Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры абмяркуюць вынікі работы па праектах рэстаўрацыі, рэканструкцыі і музеефікацыі Брэсцкай крэпасці і стварэння экспазіцыі музея на «Буйніцкім полі». Удзельнікі нацыянальных аб’яднанняў збяруцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на сустрэчу за круглым сталом «Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур — 30 гадоў». Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага запросіць на прэзентацыю кнігі «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў».
На плошчы Савецкай і вуліцы Маставой разгорнецца «Беларускі падворак», дзе прадставяць свае тэматычныя пляцоўкі ўсе вобласці краіны.

Галоўная падзея першага дня чакае гасцей і ўдзельнікаў вечарам. У 18.00 ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна з музыкай, песнямі і танцамі пройдзе тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў «Свята, якое 30 гадоў аб’ядноўвае нацыянальнасці». Там жа, на плошчы Леніна, будзе ўстаноўлена галоўная сцэна фестывалю. На ёй у 19.00 разгорнецца грандыёзнае адкрыццё заключных мерапрыемстваў «Фестываль нацыянальных культур — свята свят!», а пазней збярэ гледачоў маштабны гала-канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі і нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў.
Яркім завяршэннем вечара стануць маладзёжная дыскатэка з удзелам «Душэўнага радыё» і расійскай групы «Фабрыка», лазерна-светлавое шоу і феерверк.
Галоўная фішка другога фестывальнага дня — нацыянальныя падворкі, дзе разам з беларусамі пакажуць свае песні, танцы, абрады і пачастуюць каларытнымі стравамі ўдзельнікі фестывалю 42 нацыянальнасцей. Трэці дзень традыцыйна пройдзе на Аўгустоўскім канале: адной з яго цэнтральных падзей стане абласны фестываль «Скарбы Гродзеншчыны». На ім пакажуць гістарычныя рэканструкцыі беларускіх вяселляў удзельнікі з усіх раёнаў рэгіёна. Будуць працаваць дзіцячыя, спартыўныя пляцоўкі, арганізаваны катанне на параходзе, святочны гандаль.