Аб’ём аперацый у сектары экспрэс-дастаўкі Кітая з пачатку гэтага года перавысіў 150 мільярдаў пасылак. Гэты рубеж быў дасягнуты на 12 сутак раней, чым летась. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным паштовым упраўленні КНР, перадае «Сіньхуа».
Паскарэнне цыркуляцыі патоку пасылак адлюстроўвае ўстойлівасць і дынамізм кітайскай эканомікі, адзначаюць аналітыкі.
На працягу некалькіх апошніх гадоў у кітайскім сектары экспрэс-дастаўкі назіраліся двухзначныя тэмпы росту, прычым за гэты перыяд адпаведныя паказчыкі дасягалі новых гістарычных максімумаў. Па выніках мінулага года прадпрыемствамі сектара экспрэс-дастаўкі было апрацавана 198,95 млрд пасылак, што на 13,6 працэнта больш, чым годам раней.
Дынаміка росту захавалася і ў 2026 годзе. На фоне таго, што эканоміка краіны захоўвае ў цэлым стабільную дынаміку развіцця, арыентаваную на інавацыі і павышэнне якасці, а таксама працягваецца вызваленне патэнцыялу ўнутранага спажывецкага рынку, забяспечваецца трывалы фундамент для бесперапыннага пашырэння рынку паштовых і кур’ерскіх паслуг.
Кітай застаецца другім па велічыні спажывецкім рынкам у свеце і працягвае расці ў гэтым кірунку. За першыя восем месяцаў 2026 года агульны аб’ём рознічных продажаў тавараў і паслуг, галоўны паказчык спажывецкага патэнцыялу краіны, вырас на 2,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, пры гэтым аб’ём анлайн-продажаў тавараў і паслуг дасягнуў амаль 13,5 трлн юаняў, павялічыўшыся на 4,6 працэнта.
Нараўне з пашырэннем маштабаў спажывецкага рынку адбываецца яго трансфармацыя, якая ў асноўным праяўляецца ў паступовай змене структуры і спосабаў спажывання, адзначыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага статыстычнага ўпраўлення КНР Фу Лінхуэй.
Разумныя і «зялёныя» прадукты становяцца ўсё больш запатрабаванымі: у ліку самых хуткарослых катэгорый — інтэлектуальныя прылады і бытавая тэхніка з высокай энергаэфектыўнасцю. Усё больш прыкметную ролю ў трансфармацыі кітайскага спажывецкага рынку адыгрываюць такія з’явы, як электронная камерцыя ў фармаце прамых трансляцый і рознічны гандаль з імгненнай дастаўкай.
Мікалай ЛІТВІНАЎ