Аб’ём банкаўскіх гарантый у Беларусі ў 2025 годзе павялічыўся на 18,8 %. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе рынку дакументарных аперацый за 2025 год, які апублікаваны на сайце Нацыянальнага банка, паведаміла БелТА.
У 2025 годзе 20 беларускіх банкаў правялі 5555 дакументарных аперацый з гарантыямі, акрэдытывамі і інкаса на агульную суму 6,3 млрд рублёў у эквіваленце. Больш за палову (54,3 %) аперацый здзейснена ў беларускіх рублях. Такім чынам, пераважнай валютай пры ажыццяўленні дакументарных аперацый з’яўляўся беларускі рубель. Пры разліках па экспарце (імпарце) у асноўным выкарыстоўваліся расійскі рубель і кітайскі юань.
Колькасць дакументарных аперацый у 2025 годзе ў параўнанні з папярэднім годам зменшылася на 10 % за кошт зніжэння колькасці аперацый з банкаўскімі гарантыямі. У той жа час агульны аб’ём дакументарных аперацый павялічыўся, а сярэдняя сума адной аперацыі склала 1,1 млн рублёў, што на 10 % больш, чым у папярэднім годзе.
У структуры дакументарных аперацый асноўную долю займаюць банкаўскія гарантыі — 73,7 % ад агульнай колькасці дакументарных аперацый і 60,3 % ад агульнага аб’ёму. У 2025 годзе беларускімі банкамі выпушчана і прынята 4086 банкаўскіх гарантый, што на 15,4 % менш, чым у папярэднім годзе. Пры гэтым іх аб’ём павялічыўся на 18,8 % і склаў 3,8 млн рублёў у эквіваленце. Аперацыі з банкаўскімі гарантыямі ажыццяўлялі 19 банкаў. Доля электронных банкаўскіх гарантый у агульнай колькасці выпушчаных склала 54 %. Павялічыліся колькасць і аб’ём міжнародных банкаўскіх гарантый.
Колькасць аперацый, што праведзены банкамі з акрэдытывамі ў 2025 годзе ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 11 % і склала 1398. Пры гэтым іх аб’ём скараціўся на 21 % да 2,2 млрд рублёў у эквіваленце. У разліках з дапамогай акрэдытываў удзельнічалі 14 банкаў.
У 2025 годзе колькасць аперацый, што праводзіліся банкамі з інкаса, крыху знізілася і склала 1,3 % ад агульнай колькасці дакументарных аперацый. Так, была здзейснена 71 аперацыя на агульную суму 225 млн рублёў. У разліках з дапамогай інкаса ўдзельнічалі два банкі. Традыцыйна краінамі-контрагентамі пры такіх разліках з дапамогай інкаса з’яўляліся краіны Азіі і Афрыкі. Разлікі з дапамогай інкаса праводзіліся пераважна ў кітайскіх юанях — 86 % ад агульнай колькасці. Усе аперацыі, што праводзіліся з дапамогай інкаса, былі экспартнымі.