Top.Mail.Ru

Аб’ём селекцыйнай галіны на кітайскім востраве Хайнань перавысіў 20 млрд юаняў

За 70 з лішнім гадоў селекцыйная база «Наньфань» на востраве Хайнань (Паўднёвы Кітай) ператварылася ў сапраўдную «сіліконавую даліну» кітайскага насенняводства: у мінулым годзе гадавы аб’ём вытворчасці ў галіне перавысіў 20 млрд юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



Выкарыстоўваючы перавагі Хайнаня, група кампаній «Хайкэнь» (Hainan State Farms) актыўна фарміруе комплексны вытворчы ланцужок, які аб’ядноўвае генетычныя рэсурсы, селекцыю і насенняводства, а таксама рэалізацыю прадукцыі, спрыяючы далейшаму развіццю галіны на востраве.

Хайнаньская насенняводчая карпарацыя «Наньфань», якая была заснавана «Хайкэнь» у 2024 годзе і афіцыйна адкрылася ў 2025-м, ужо наладзіла супрацоўніцтва з 25 вядучымі навуковымі інстытутамі. За гэты час кампанія сабрала і захавала больш за 25,6 тысячы ўзораў генетычных рэсурсаў, стварыла тры генабанкі правінцыйнага значэння.

«З моманту стварэння карпарацыі мы сабралі звыш 25,6 тыс. узораў трапічнай садавіны, паўднёвых лекавых раслін і іншых культур, з якіх адабралі 537 перспектыўных сартоў», — расказвае намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі Лу Сяамінь.

Вынікі гэтай працы ўжо ў наяўнасці: сорт тамата «Хайкэнь Фэньюй № 1», выведзены за чатыры гады і восем пакаленняў селекцыйнага адбору, дае плод масай да 250 грамаў і адрозніваецца насычаным смакам, а сорт кукурузы для ўжывання ў свежым выглядзе «Хайкэньюй 520» спее амаль на 15% хутчэй за аналагічныя сарты, пры гэтым яго ўраджайнасць перавышае сярэдні паказчык больш чым на 20%.

Карпарацыя прапануе вучоным комплексную інавацыйную сэрвісную платформу, якая ахоплівае поўны цыкл — ад афармлення заявак на вопытныя ўчасткі і закупкі тэхнікі да бытавога і арганізацыйнага абслугоўвання, ператвараючы ранейшую схему «людзі шукаюць зямлю» ў мадэль «зямля чакае людзей».

«Платформа аб’ядноўвае шэсць напрамкаў: побыт, вытворчасць, навуку, абмен вопытам, сумеснае карыстанне рэсурсамі і камерцыялізацыю вынікаў, — тлумачыць Лу Сяамінь. — Па водгуках вучоных, наш сэрвіс зніжае выдаткі эксперыментаў і павышае іх эфектыўнасць». Сёння платформай карыстаюцца больш за 130 навуковых арганізацый і звыш 60 насенняводчых кампаній.

Доўгі час адной з асноўных праблем «Наньфань» было тое, што селекцыйныя распрацоўкі і іх наступная камерцыялізацыя ажыццяўляліся за межамі вострава, тады як Хайнань выкарыстоўваўся галоўным чынам для паскоранага вырошчвання новых пакаленняў раслін дзякуючы свайму трапічнаму клімату. «Мы паставілі перад сабой мэту змяніць гэту мадэль», — кажа Лу Сяамінь.

Кампанія адначасова развівае тры напрамкі: на этапе вырошчвання ўкараняе комплекснае абслугоўванне, на этапе распрацоўкі прасоўвае навуковыя праекты, а на этапе збыту выводзіць новыя сарты агародніны і садавіны на рынак.

Ужо дзейнічаюць 10 эксперыментальных баз на аснове «адна гаспадарка — адзін прадукт» агульнай плошчай 6500 му (433,3 га). Чатыры з іх выйшлі на прамысловы аб’ём вытворчасці ў 120 млн юаняў. Кампанія прадастаўляе тэхнічныя паслугі па ўсім вытворчым ланцужку ў насенняводчай сферы і развівае кантрактнае земляробства з удзелам звыш тысячы фермерскіх гаспадарак. У мінулым годзе яны рэалізавалі прадукцыі амаль на 400 млн юаняў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю