Top.Mail.Ru

Аб змяненнях у правілы перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз граніцу ЕАЭС расказалі ў ЕЭК

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) зацвердзіў змяненні ў правілы перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз мытную граніцу Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамілі БелТА ў прэс-службе ЕЭК.

У прыватнасці, пашыраны пералік тавараў для асабістага карыстання: шэраг бытавых прыбораў цяпер можна перамяшчаць фізічным асобам. Сярод іх — бытавыя дымааналізатары, электрычныя пліткарэзы, газавыя датчыкі і асцылографы. У пералік транспартных сродкаў для асабістага карыстання ўключаны маторныя транспартныя сродкі тыпу PickUp з электрычным рухавіком. Для іх устаноўлены сукупны мытны плацеж — той жа механізм, што дзейнічае для аналагічных катэгорый.

Згодна са змяненнямі, спрошчаны парадак увозу маёмасці без выплаты пошлін для тых, хто пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў дзяржаву ЕАЭС альбо атрымаў статус бежанца ці вымушанага перасяленца. «Фармулёўкі ўмоў увозу ўдакладнены, каб не ўзнікала розначытанняў пры афармленні. Для фізічных асоб, якія часова пражывалі за мяжой не менш як 12 месяцаў і вярнуліся ў ЕАЭС, дакладна вызначаны тэрмін (6 месяцаў з даты ўезду), на працягу якога яны могуць скарыстацца вызваленнем ад выплаты мытных пошлін, падаткаў у адносінах да сваёй увозімай маёмасці, кошт якой не перасягае ў эквіваленце 5 тыс. еўра. Пры гэтым заканадаўствам дзяржаў ЕАЭС названы шасцімесячны тэрмін можа быць скарочаны», — удакладнілі ў прэс-службе.

«Для зручнасці ўспрымання і лепшай візуалізацыі ў правілах таксама структураваны нормы бяспошліннага ўвозу і памеры мытных пошлін і падаткаў, якія падлягаюць выплаце, а транспартныя сродкі падзелены па відах плацяжоў (адзіная стаўка, сукупны мытны плацеж). Самі памеры мытных пошлін, падаткаў, адзіныя стаўкі і сукупны плацеж не змяняліся», — дадалі ў ЕЭК.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю