Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!
Сёння мы закрываем другую сесію Савета Рэспублікі восьмага склікання, на якую прыпалі знакавыя падзеі ў грамадска-палітычным жыцці нашай краіны.
Галоўнае — гэта выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пераканаўчая перамога Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі яшчэ раз пацвердзіла, што беларускі народ згуртаваны і цалкам падтрымлівае курс кіраўніка дзяржавы, у аснове якога — клопат аб людзях, прынцып справядлівасці і бескампраміснае забеспячэнне суверэнітэту Беларусі.
Членам Савета Рэспублікі быў аказаны вялікі гонар — стаць даверанымі асобамі Прэзідэнта. З 15 давераных асоб 9 — сенатары.
Пытанні (а іх было больш за тысячу), якія паступілі ад грамадзян падчас электаральнай кампаніі, знаходзяцца на кантролі ў Савеце Рэспублікі. Гэта не толькі паказчык даверу Прэзідэнта краіны да сенатарскага корпуса, але і наша найвышэйшая адказнасць.
9 мая мы адзначылі свяшчэнную для ўсіх нас дату — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны трэці беларус аддаў жыццё за выратаванне сваёй Айчыны і ўсяго свету ад нацызму.
Наша краіна годна захоўвае памяць аб героях і ахвярах самай кровапралітнай вайны ў сусветнай гісторыі. Не хопіць слоў, каб у поўнай меры выказаць падзяку за іх подзвіг.
Канферэнцыя «Жаночае аблічча Перамогі», якая адбылася ў красавіку пад эгідай Савета Рэспублікі і Беларускага саюза жанчын, чарговы раз нагадала, праз якія выпрабаванні прайшлі тыя, хто па сваёй прыродзе народжаны, каб ствараць і захоўваць мір.
Як цалкам справядліва адзначыў наш Прэзідэнт: «Святкуючы Дзень Перамогі, мы ў думках вяртаемся ў мінулае — невыносна балючае і бяспрыкладна гераічнае. У ім урокі, якія дапамагаюць нам глядзець на сваю гісторыю, сваю сучаснасць і сваю будучыню. І глядзець без ілюзій!»
Па даных аналітыкаў, за апошнія 5 гадоў колькасць канфліктаў, лакальных сутыкненняў і актаў гвалту на планеце павялічылася ўдвая. Мірнае жыццё перастала быць безумоўным прыярытэтам.
Нястрымная гонка ўзбраенняў узмацняе напружанасць у асобных рэгіёнах, павялічвае колькасць ахвяр, зламаных чалавечых лёсаў, разбураных гарадоў.
На гэтым фоне Беларусь — апора спакою, стабільнасці і здаровага сэнсу. Прытрымліваючыся міралюбівай і добрасуседскай палітыкі, мы развіваем узаемавыгадныя адносіны з дзяржавамі, якія падзяляюць нашы прынцыпы — справядлівасці, недатыкальнасці суверэнітэту і павагі нацыянальных інтарэсаў.
У сувязі з гэтым хачу адзначыць, што і міжнародная дзейнасць Савета Рэспублікі перш за ўсё накіравана на ўмацаванне міжпарламенцкіх сувязяў, развіццё дыялогу і падтрымку ініцыятыў у рамках пагадненняў з іншымі краінамі.
Шэраг унікальных праектаў на міжпарламенцкім трэку паспяхова рэалізоўваюцца з нашым ключавым і стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй.
Пад эгідай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Валгаградзе адбыўся Міжнародны форум «Вялікая спадчына — агульная будучыня», прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Як вы памятаеце, на ім з яркай і запамінальнай прамовай выступіў кіраўнік нашай дзяржавы, чарговы раз адзначыўшы важнасць захавання гістарычнай памяці для нашчадкаў.

Гэты пасыл да будучага пакалення — спадчыннікаў Вялікай Перамогі і будучыні Саюзнай дзяржавы — атрымаў сваё развіццё ў Ніжнім Ноўгарадзе на XII Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, асноўнай тэмай якога сёлета была выбрана маладзёжная палітыка.
Форум, арганізаваны Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі пры традыцыйнай падтрымцы кіраўнікоў нашых дзяржаў, стаў цэнтрам прыцягнення ўвагі прадстаўнікоў органаў улады, экспертаў, бізнесу, грамадскіх арганізацый.
У рамках форуму са Старшынёй Савета Федэрацыі паважанай Валянцінай Іванаўнай Матвіенка былі прадметна абмеркаваны пытанні інтэграцыі і роля парламентарыяў у далейшым саюзным будаўніцтве.
У мерапрыемствах форуму ўзялі ўдзел члены ўрада, кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, міністэрстваў, ведамстваў, суб’ектаў гаспадарання, устаноў адукацыі, аховы здароўя і грамадскіх арганізацый. Падпісаны камерцыйныя кантракты на суму больш за 750 мільёнаў беларускіх рублёў, заключана звыш 100 пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Але, на мой погляд, галоўны вынік форуму — мы чарговы раз пераканаліся, што ў нас цудоўная, мэтанакіраваная і перспектыўная моладзь, а маладзёжная палітыка з’яўляецца не толькі адным з ключавых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, але і нязменна знаходзіцца ў фокусе ўвагі кіраўнікоў рэгіёнаў дзвюх краін.
Гэта мае найважнейшае значэнне. Бо ад таго, якую змену мы падрыхтуем, залежыць месца Саюзнай дзяржавы ў глабальнай сістэме каардынат у будучыні і дынаміка яе развіцця.
У кантэксце ўстойлівага развіцця стратэгічнае значэнне мы надаём узаемадзеянню з Кітайскай Народнай Рэспублікай, парламенцкая дэлегацыя якой па запрашэнні Савета Рэспублікі ў чэрвені наведала Беларусь.
Праведзена другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая, на якім былі разгледжаны пытанні дзяржаўнага кіравання, гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння, маладзёжны парадак дня.
Падыходы Беларусі і Кітая ў знешняй і ўнутранай палітыцы шмат у чым падобныя. Лідары дзвюх краін выступаюць за глабальную бяспеку і недатыкальнасць суверэнітэту, стварэнне ўмоў для якаснага жыцця людзей, іх самарэалізацыі.
У сесіённы перыяд члены Савета Рэспублікі бралі актыўны ўдзел у рабоце такіх міжпарламенцкіх структур, як МПС, Парламенцкая сетка Руху недалучэння, МПА СНД, Парламенцкі Сход Саюза Беларусі і Расіі, ПА АДКБ.
Па выніках пленарнага пасяджэння Азіяцкай парламенцкай асамблеі, якое адбылося ў лютым бягучага года ў Баку, Беларусь аднагалосным рашэннем атрымала статус наглядальніка ў гэтай міжнароднай арганізацыі.
У красавіку ва Узбекістане прайшлі 150-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза і 4-я канферэнцыя Парламенцкай сеткі Руху недалучэння, на якіх мы выступілі з шэрагам канструктыўных ініцыятыў. У прыватнасці, аб стварэнні ў рамках асамблеі Групы сяброў мірнага і стваральнага развіцця.

Па прапанове Беларусі геапалітычная група «Еўразія» ўпершыню ў гісторыі сваёй дзейнасці аднагалосна адобрыла Заяву ў сувязі з 80-годдзем Вялікай Перамогі.
Падчас афіцыйных візітаў у Азербайджан і Узбекістан адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі гэтых дзяржаў, паважанымі Ільхамам Гейдаравічам Аліевым і Шаўкатам Мірамонавічам Мірзіёевым, з кіраўнікамі парламентаў гэтых краін — паважанымі Сагібой Аліеўнай Гафаравай і Танзілой Камалаўнай Нарбаевай.
Былі прадметна абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, ход рэалізацыі дамоўленасцяў і перспектыўныя сумесныя праекты. Акцэнт быў зроблены на парламенцкім вымярэнні і міжпарламенцкім узаемадзеянні.
З Танзілой Камалаўнай мы ўзгаднілі канцэпцыю трэцяга Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму, які ў жніўні адбудзецца ў Віцебску.
У першым паўгоддзі Беларусь з візітамі наведалі Старшыня верхняй палаты Парламента ПАР, з якім мы падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве, парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Сербскай (Боснія і Герцагавіна).
Знакам асаблівай увагі стала правядзенне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, паважаным Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, сустрэч з гэтымі дэлегацыямі.
У мэтах прасоўвання нацыянальных інтарэсаў члены Савета Рэспублікі ўзялі ўдзел у другім Форуме жаночага прадпрымальніцтва БРІКС у Маскве, адзінаццатым Неўскім міжнародным экалагічным кангрэсе ў Санкт-Пецярбургу, Саміце будучыні ў Нью-Ёрку, Рэгіянальным форуме па ўстойлівым развіцці ў Жэневе і іншых важных мерапрыемствах.
Паважаныя калегі!
Пазітыўны вопыт прававога рэгулявання грамадскіх адносін, які набываецца ў рамках сустрэч з замежнымі калегамі, неабходна эфектыўна выкарыстоўваць у нашай заканадаўчай дзейнасці.
Адзначу, што на працягу сесіённага перыяду праведзены значны аб’ём работы па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы.
Разгледжана 64 законапраекты, якія ахопліваюць шырокае кола пытанняў: сацыяльная абарона і страхаванне, занятасць насельніцтва, крымінальная адказнасць, пытанні адукацыі, рэгулявання фінансава-крэдытнай сферы, гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў і шмат іншага.
Прыняты абсалютна новыя для нашай прававой сістэмы законы «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы», «Аб рыэлтарскай дзейнасці», «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі».
Унесены змяненні ў заканадаўчыя акты, якія датычацца выканаўчага вядзення, дарожнага руху, дзяржаўных сакрэтаў, ліцэнзавання, рэгулявання абароту каштоўных камянёў і металаў.
Створаны эканамічныя стымулы да прадаўжэння працоўнай дзейнасці для пажылых грамадзян. Спрошчаны парадак прызначэння і атрымання пенсій.
Прадугледжаны прынцыпова новыя падыходы да вызначэння катэгорый грамадзян, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, укаранёны механізм налічэння абавязковых страхавых узносаў на скрыную заработную плату.
Замацаваны прынцып абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі, пашырана сфера прымянення рэалізацыі прынцыпу інклюзіі, які забяспечвае роўны доступ да атрымання адукацыі дзяцей, у тым ліку з індывідуальнымі асаблівасцямі.
Удасканалены падыходы да падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.
Выкладзеныя ў новай рэдакцыі законы «Аб ветэранах» і «Аб занятасці насельніцтва» рэгулююць сацыяльныя аспекты адносін грамадства і дзяржавы, адраснасці дадатковай фінансавай дапамогі.
З запрашэннем экспертаў ва ўсіх рэгіёнах краіны былі абмеркаваны найбольш вострыя палажэнні Закона «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці».
Удакладнены каля ста санкцый Крымінальнага кодэкса, комплексна рэалізаваны прынцып забеспячэння індывідуальнага падыходу пры назначэнні пакарання.
Яскравым прыкладам гуманнай палітыкі нашай дзяржавы стаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Гэта дапамога тым, хто аступіўся, клопат аб іх родных, якія перажываюць за лёс блізкіх. Увогуле амністыя закране каля 8000 асуджаных.
У ходзе другой сесіі Саветам Рэспублікі ратыфікаваны шэраг двухбаковых пагадненняў з Расійскай Федэрацыяй, краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, а таксама шматбаковых дакументаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Большасць прынятых законаў прайшла праз «прававы фільтр», наш экспертны савет, створаны для ўдасканалення прававой базы, апярэджвання сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, павышэння якасці, абгрунтаванасці і эфектыўнасці канкрэтных прававых рашэнняў.
За час работы савета праведзена 148 пасяджэнняў, на якіх былі разгледжаны 314 пытанняў. Па статыстыцы — у двух з трох выпадкаў эксперты выказваюць прынцыповыя заўвагі па праектах заканадаўчых актаў.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы год таму мы правялі маштабную рэвізію нацыянальнага заканадаўства. Па-першае, каб скараціць вялізны масіў прававых актаў. Па-другое, — устараніць супярэчнасці ў прававым рэгуляванні.
І па-трэцяе, — выявіць дакументы, якія не адпавядаюць Канстытуцыі, законам і ўказам Прэзідэнта. Нашы прапановы ў цэлым падтрыманы кіраўніком дзяржавы і будуць улічаны дзяржаўнымі органамі ў далейшай рабоце па ўдасканаленні заканадаўства.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Да прапрацоўкі законапраектаў трэба падыходзіць узважана і ўважліва, у абавязковым парадку абапіраючыся на існуючыя запыты ў грамадстве, улічваючы прапановы грамадзян, якія паступаюць у рамках нашай работы з насельніцтвам.
За сесіённы перыяд членамі Савета Рэспублікі восьмага склікання праведзена 672 асабістыя прыёмы, 308 прамых тэлефонных ліній, больш за 1700 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Разгледжана звыш 6 тысяч зваротаў.
Далейшае развіццё атрымала практыка правядзення адзіных дзён прыёму. У сесіённы перыяд яны прайшлі ў Мінску, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. У выніку жыхары 80 раёнаў сталіцы (а гэта 67 % ад агульнай колькасці) змаглі напрамую звярнуцца да членаў Савета Рэспублікі.
Тэматыка зваротаў істотна не змянілася. Гэта пытанні ЖКГ, землекарыстанне, працаўладкаванне, сацыяльнае і пенсіённае забеспячэнне, сямейныя адносіны, у прыватнасці ўхіленне бацькоў ад выплаты аліментаў.
Павялічылася колькасць зваротаў, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў мясцовага кіравання. Чаму так адбываецца? У шэрагу выпадкаў мае месца няўважлівае стаўленне да людзей і іх запытаў, неабгрунтаваныя пераносы або незахаванне тэрмінаў разгляду скарг. Падобны стыль работы цалкам заслужана выклікае незадаволенасць у людзей і ў цэлым кідае цень на прадстаўнікоў улады. Фармальны падыход у гэтай рабоце недапушчальны.
Але і Савету Рэспублікі як органу тэрытарыяльнага прадстаўніцтва неабходна «трымаць руку на пульсе рэгіёнаў», бачыць пытанні, якія хвалююць насельніцтва, уважліва ставіцца да праблем грамадзян і своечасова прымаць меры па іх вырашэнні сумесна з мясцовымі органамі ўлады.
Не нашых пытанняў няма і быць не можа.
Працягваючы тэму ўзаемадзеяння, хачу адзначыць асаблівую каардынуючую ролю Савета Рэспублікі як палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва ў рабоце Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў.
Дзякуючы рашэнням Прэзідэнта ў мясцовых органаў улады сёння дастаткова паўнамоцтваў. Яны павінны своечасова рэагаваць на адчувальныя для насельніцтва пытанні і вырашаць увесь комплекс задач, звязаных з развіццём даручаных ім тэрыторый: ад буйных гарадоў да невялікіх вёсак.
Задача членаў Савета Рэспублікі — каардынаваць работу дэпутацкага корпуса ў абласцях, Мінску і пры неабходнасці аператыўна ўносіць прапановы ў Савет Рэспублікі для далейшай іх прапрацоўкі і вырашэння.
У нас замацавалася добрая практыка запрашаць на пасяджэнні Савета Рэспублікі прадстаўнікоў Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню.
Яркія і самабытныя прэзентацыі, якія прадстаўляюць раённыя, сельскія саветы, дазваляюць нам больш аператыўна азнаёміцца з дзейнасцю нашых калег. Дэпутаты ў сваю чаргу маюць магчымасць пачуць «з першых вуснаў», як прапаноўваецца на заканадаўчым узроўні вырашаць пытанні, што хвалююць насельніцтва.
Для вырашэння актуальных праблем эфектыўна працуе Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. У сесіённы перыяд на яго пасяджэннях разгледжаны пытанні:
будаўніцтва жылля і інфраструктуры ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў 20 тысяч чалавек і менш;
удасканалення дзейнасці садовых таварыстваў.
Калегіяльнае абмеркаванне актуальных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых — найважнейшы прынцып нашай работы, якога мы нязменна прытрымліваемся.
У рамках пасяджэнняў экспертна-кансультатыўнага савета, выязных пашыраных пасяджэнняў Прэзідыума Савета Рэспублікі за мінулы перыяд комплексна разгледжаны пытанні:
- развіццё імпартазамяшчальных і кааперацыйных вытворчасцяў і ўдасканаленне механізмаў іх фінансавай падтрымкі;
- дэмаграфічная бяспека дзяржавы і меры па стымуляванні нараджальнасці;
- павышэнне якасці тавараў і паслуг у кантэксце пяцігодкі якасці;
- рэалізацыя інвестыцыйных праектаў у рэгіёнах;
- работа са зваротамі грамадзян.
Упэўнена, што практычныя рэкамендацыі, сфармуляваныя па выніках названых мерапрыемстваў, будуць запатрабаваны рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады.
Паважаныя калегі!
Важным кірункам у нашай рабоце з’яўляецца работа з моладдзю.
Кіраўнік нашай дзяржавы не раз адзначаў, што цяпер адбываецца змена пакаленняў. І наступная пяцігодка стане часам моладзі.
На гэтым фоне вельмі своечасовым выглядае прынятае пяць гадоў таму рашэнне аб стварэнні Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе.
З сакавіка гэтага года ён працуе ў новым статусе — як Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі.
Мы ўдзячныя маладым парламентарыям за тое, што яны актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы заканадаўчых ініцыятыў, рэалізацыі міжнародных і рэспубліканскіх праектаў, развіваюць народную дыпламатыю з замежнымі калегамі.
Геаграфія іх кантактаў увесь час прырастае новымі краінамі. Сёння гэта Расія, Узбекістан, Кітай, Кыргызстан, Куба, Венесуэла, Бразілія, Азербайджан, Рэспубліка Сербская, Палесціна, Егіпет.
У Беларусі створаны ўсе ўмовы для асобаснага і прафесійнага росту моладзі. Мы арганізоўваем і праводзім дзясяткі культурна-адукацыйных і патрыятычных праектаў для таго, каб юнакі і дзяўчаты лепш ведалі і шанавалі сваю гісторыю, абменьваліся дасягненнямі і практыкамі, стваралі і ўвасаблялі ў жыццё цікавыя і смелыя ідэі.
Прашу вас, шаноўныя калегі, на сістэмнай аснове прадоўжыць у рэгіёнах гэту работу з моладдзю. У нас маладзёжныя саветы створаны пры гарадскіх, раённых і абласных саветах.
Праз нашых маладых, энергічных і актыўных прадстаўнікоў у гэтых саветах члены Савета Рэспублікі павінны выбудоўваць работу з Маладзёжным саветам і моладдзю ў цэлым для рэалізацыі патэнцыялу новага пакалення грамадзян у інтарэсах грамадства. Эфект ад гэтай дзейнасці мае найважнейшае значэнне для будучыні нашай краіны.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Намі праведзена вялікая работа, але наперадзе яшчэ шмат важных пытанняў і адказных задач, на якіх неабходна сканцэнтраваць намаганні.
Будзе працягнута работа над законапраектамі, якія датычацца дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання, пазыковых адносін, дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Акрамя таго, восенню нам трэба будзе разгледзець праект рэспубліканскага бюджэту на 2026 год, бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама комплексныя змяненні ў Падатковы кодэкс.
Цяпер фарміруецца праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку.
Будзем разглядаць гэты дакумент на пасяджэнні экспертнага савета. Калі ў вас ёсць прапановы і ініцыятывы па напаўненні праекта праграмы, аператыўна ўносьце іх для фарміравання агульнай пазіцыі Савета Рэспублікі.
Другое — міжнародныя мерапрыемствы. Праз некалькі дзён мы ўпершыню прымаем таленавітых і адораных навучэнцаў з дзяржаў СНД у рамках X Міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму «Дзеці Садружнасці». Яны пазнаёмяцца не толькі з агульнай гісторыяй, але і культурай і традыцыямі краін садружнасці.
Мы плануем арганізаваць для ўдзельнікаў праекта шмат цікавых сустрэч. Прашу ўсіх адказна паставіцца да гэтых мерапрыемстваў, форум павінен стаць добрай і запамінальнай падзеяй у жыцці вучняў.
У жніўні ў Віцебску адбудзецца трэці Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, які зарэкамендаваў сябе як эфектыўная дыялогавая пляцоўка для прадстаўнікоў бізнесу Беларусі і Узбекістана.
У верасні плануецца афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Рэспубліку Казахстан. Праграму візіту трэба фарміраваць ужо сёння з улікам пераліку актуальных пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння.
Прашу членаў Савета Рэспублікі актыўна ўключыцца ў гэту работу.
Восень — традыцыйны час для актыўнай дзейнасці ў міжпарламенцкіх аб’яднаннях. Чарговае пленарнае пасяджэнне і пасяджэнне Савета МПА СНД пройдзе ў Таджыкістане, у Душанбэ. Адбудуцца планавыя мерапрыемствы па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай Асамблеі АДКБ. Прашу вас, шаноўныя калегі, на пасяджэннях камісій у гэтых структурах адстойваць нашы інтарэсы, а не проста фармальна прысутнічаць.
Трэцяе — работа з насельніцтвам. Міжсесіённы перыяд неабходна максімальна выкарыстоўваць для выязных мерапрыемстваў, сустрэч з працоўнымі калектывамі, грамадзянамі па месцы жыхарства, моладдзю. Удзельнічаць у дыялогавых пляцоўках і рабоце інфармацыйных груп.
Калегі, хачу акцэнтаваць вашу ўвагу на неабходнасці правядзення асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній на якасным узроўні. Фармалізму быць не павінна. Без пафасу адзначу, што гэта наш святы абавязак. І раз на месяц мы павінны праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях ці прамыя тэлефонныя лініі.
Чацвёртае — узмацненне каардынацыйнай ролі Савета Рэспублікі ў рабоце Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў.
Пра гэта было сказана раней. Мы — палата рэгіёнаў. І паслядоўная рэалізацыя нацыянальнага прыярытэту «Моцныя рэгіёны» знаходзіцца ў тым ліку і ў зоне нашай адказнасці.
У рамках наступнага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні, якое пройдзе ў Віцебскай вобласці, плануецца абмеркаваць пытанні, што наспелі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прашу ўносіць прапановы па дадзенай тэме і найперш тых, хто паглыблены ў гэтыя пытанні.
Пятае — работа з моладдзю, яе далучэнне да вырашэння актуальных для краіны пытанняў.
Сенатарам варта паслядоўна і сістэмна працаваць з членамі Маладзёжнага савета на месцах, запрашаючы іх на асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, падтрымліваючы ініцыятывы і праекты. Усе паўнамоцтвы і магчымасці для гэтага ў нас ёсць.
Паўтаруся — беларускую моладзь вызначаюць мэтанакіраванасць і шматграннасць інтарэсаў, высокі інтэлектуальны патэнцыял і глыбокія веды.
Яна — наша галоўная рухаючая сіла. Важна ствараць умовы для яе ўдзелу ў грамадскім жыцці і выкарыстоўваць яе энергію, крэатыў, новыя ідэі на карысць краіны.
Шостае — эфектыўнае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. У перыяд вострай фазы інфармацыйнага супрацьстаяння, калі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і папулярныя месенджары апанавалі фэйкі, важна не толькі самім адрозніваць праўду ад выдумкі, але і тлумачыць розніцу людзям.
Як гаворыць наш Прэзідэнт, грамадству патрэбна толькі праўда, і мы з вамі павінны заставацца крыніцай праверанай і надзейнай інфармацыі.
Вашы інтэрв’ю друкаваным выданням, экспертныя думкі ў тэлевізійных праграмах і радыёэфірах запатрабаваныя і цікавыя людзям. Да меркавання членаў Савета Рэспублікі прыслухоўваюцца.
У сувязі з гэтым прашу вас прадоўжыць сістэмную работу з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі, трансліруючы заканадаўчы парадак дня, адказна каменціруючы грамадска-палітычныя падзеі ўнутры краіны і на знешнім контуры.