Складаней, чым здаецца
Кіберзлачынствы выйшлі на першы план невыпадкова. Як адзначыла начальнік аддзела метадычна-аналітычнага забеспячэння Галоўнага ўпраўлення па наглядзе за выкананнем законаў пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці Генеральнай пракуратуры Таццяна ВЕРПЕЧЫНСКІС, у іх ёсць тры асаблівасці:
— Яны трансгранічныя — злачынец і ахвяра могуць знаходзіцца на розных кантынентах. Яны ананімныя — выкарыстоўваюцца скрытыя сеткі шыфравання і сродкі ананімізацыі. І яны маштабныя — адна вірусная праграма здольная паразіць мільёны прылад.
Па яе словах, больш за палову зарэгістраваных злачынстваў з рэальнай шкодай здзяйсняюцца шляхам сацыяльнай інжынерыі — ілжэзванкоў ад праваахоўнікаў, банкаў, падатковых органаў, ЖКГ і нават устаноў аховы здароўя. Яшчэ каля 30 % крымінальных спраў звязаныя з махлярскімі здзелкамі куплі-продажу ў інтэрнэце.
У пошуках «супрацьяддзя»
Пры Генпракуратуры створана міжведамасная рабочая група па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці. На яе пляцоўцы ўпершыню разгледзелі пытанне ўкаранення аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў Нацыянальнага банка. І сёння гэта ключавы інструмент, які дазваляе не толькі прыпыняць злачынныя фінансавыя патокі, але і аналізаваць паводзіны махляроў анлайн.
Па словах Таццяны Верпечынскіс, больш за 20 % выкрадзеных сродкаў выводзяцца праз крыптавалюту, таму прапрацоўвалася пытанне далучэння да сістэмы рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.
Яшчэ адзін механізм — блакіроўка махлярскіх інтэрнэт-рэсурсаў і сродкаў сувязі: за год блакіруецца больш за 15 тысяч такіх рэсурсаў. З 1 ліпеня гэтага года для банкаў дзейнічаюць антыфрод-сістэмы, якія анлайн аналізуюць паводзіны карыстальнікаў і выяўляюць нетыповыя аперацыі.
Аднак спыняцца на дасягнутым рана, лічыць прадстаўнік Генпракуратуры:
— Наша мэта — выбудаваць сістэму імгненнага рэагавання, здольную прымаць анлайн-выклікі тут і цяпер. Мы хочам, каб выпрацаваныя рашэнні на аснове аператыўнай аналітыкі не адкладваліся ў доўгую скрыню, а прымаліся сёння, улічваючы спецыфіку ІТ-сферы, якая не церпіць павольнасці.
У планах — увядзенне пераліку злачынстваў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) для адзінай статыстыкі, а таксама ўкараненне ідэі спецыялізаванага нарматыўна-прававога акта.
Мутныя схемы
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр РЫНГЕВІЧ патлумачыў схемы махляроў. Самая распаўсюджаная — званкі. На іх прыпадае кожнае трэцяе кіберзлачынства, а шкода грамадзянам ад іх — амаль 20 мільёнаў рублёў.
Схема з дамафонамі: ілжэсупрацоўнік пад падставай замены дзвярэй выманьвае код з СМС нібыта для актывацыі, затым з іншага нумара запалохвае крэдытамі і пераконвае «задэклараваць» грошы — пералічыць на «бяспечны рахунак» або аддаць кур’еру. Такім чынам працуюць і схемы з лічыльнікамі, пасылкамі, падаўжэннем дагавора і дастаўкай кветак. Дзяцей не падманваюць, а запуджваюць.
— Ні адна дзяржаўная або прыватная арганізацыя ніколі не адмовіцца сустрэцца з вамі асабіста, — падкрэсліў Аляксандр Рынгевіч.
Другі па масавасці спосаб падману — ілжэпакупкі ў інтэрнэце. Махляры ствараюць акаўнты ў сацсетках, напаўняюць іх фотаздымкамі тавараў і настройваюць рэкламу пад канкрэтную аўдыторыю. Грошы просяць пералічыць на карту: па першых шасці лічбах можна даведацца банк і краіну. Больш за 11,5 мільёна рублёў грамадзяне пералічылі на рахункі замежных банкаў.
Шкода ад «інвестыцый» — амаль 5 мільёнаў рублёў. Злачынцы выкарыстоўваюць дыпфэйкі і сімволіку вядомых арганізацый, абяцаюць дзяржаўную падтрымку. Чалавек бачыць віртуальныя лічбы, якія растуць, укладвае больш, а вывесці ўдаецца толькі малую частку.
Калі трубка яшчэ ў руцэ
У Міністэрстве ўнутраных спраў выбудавана ўзаемадзеянне з банкамі ў фармаце 24/7. Калі чалавек звярнуўся ў міліцыю, інфармацыя за лічаныя хвіліны паступае ў цэнтральны апарат МУС, затым — у банк. З 28 мільёнаў рублёў шкоды амаль 10 мільёнаў удалося прадухіліць — гэтыя грошы можна вярнуць у рамках расследавання.
— Нават ноччу. Калі ў вас праблема, прыходзьце, гаварыце, званіце па тэлефоне, мы працуем кругласутачна.
У нас ёсць і кампетэнцыя, і людзі, і паўнамоцтвы для таго, каб уберагчы, выратаваць вашы грашовыя сродкі, — заклікаў прадстаўнік МУС.
Асобная тэма — вярбоўка грамадзян. Махляры купляюць банкаўскія карты, сім-карты, акаўнты на крыптабіржы. Прапануюць «падпрацоўку»: атрымліваць пераводы, пакідаць працэнт, астатняе перасылаць або выкарыстоўваць абсталяванне для «тэсціравання сігналу», а насамрэч — для званкоў ад імя беларускіх нумароў.
— Ні ў аднаго аператара сувязі такіх патрэб няма. І любая прапанова такога роду заўсёды звязана з тым, што вас будуць хацець выкарыстаць для таго, каб здзейсніць злачынства, — папярэдзіў Аляксандр Рынгевіч.
Тэхнічны шчыт
«Белтэлекам» не з’яўляецца праваахоўным органам, але ўдзельнічае ў супрацьдзеянні кібермахлярам. Спецыялісты адсочваюць званкі і СМС, выяўляюць падазроныя, перадаюць інфармацыю ў міліцыю, блакіруюць нумары. Дынаміка ўражвае: у 2024 годзе выяўлена каля 800 такіх нумароў, у 2025-м — больш за 19 тысяч, а за дзевяць месяцаў 2026-га — ужо каля 330 тысяч.
Начальнік службы бяспекі РУП «Белтэлекам» Павел ДАВІДОВІЧ расказаў, што прадпрыемства з 2013 года прапануе паслугу фільтрацыі непажаданага кантэнту, а з 2021-га — «Бяспечны інтэрнэт», які ўключае бацькоўскі кантроль і антывірус. База абанентаў перавысіла 400 тысяч чалавек. Праўда, паслугі платныя, і навязваць іх аператар не мае права. Таму ўкараненне ідзе не так хутка, як хацелася б.
Геалакацыя не сочка
Што датычыцца пытання геалакацыі пры анлайн-аплатах, па словах Аляксандра Рынгевіча, гэта не сачэнне, а абарона: калі банк бачыць, што вы толькі што плацілі ў Мінску, а праз дзве хвіліны хтосьці здымае грошы за мяжой, аперацыя блакіруецца. Вынік — зніжэнне дыстанцыйных крадзяжоў на 42 %.
— Гэта як вірус — мы павінны сфарміраваць нейкі агульны імунітэт, — падсумавала Таццяна Верпечынскіс. — Вядома, мы не здымаем з сябе адказнасці за выяўленне і спыненне кіберзлачынстваў, але нашай галоўнай мэтай з’яўляецца правільны адказ канкрэтнага чалавека ў момант размовы з махлярамі.
Майце на ўвазе
Ні адзін праваахоўны орган, ні адна дзяржаўная ўстанова ніколі не запатрабуе ад вас нейкага дыстанцыйнага прадастаўлення звестак. Як і не запат-
рабуе пералічваць грашовыя сродкі,тым больш перадаваць іх іншым асобам або пакідаць у нейкіх пазначаных месцах. Калі размова ідзе па такім сцэнарыі — гэта махляры! Што рабіць? Пакладзіце трубку і самі патэлефануйце ў міліцыю па нумары 102.
Ягор ЧУРЫК
Фота з адкрытых крыніц