Top.Mail.Ru

Абарона дзяцей, пенсіянераў і спажыўцоў: на заключным пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі адобрана 15 законапраектаў

Сенатары зацвердзілі справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту 2024 года, аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2024 год. Адобраны законапраекты «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння», «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўдытарскай дзейнасці» і іншыя.


Праектам Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», у прыватнасці, устанаўліваецца адказнасць пастаўшчыка за непастаўку або недапастаўку па дагаворы пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў тавараў для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, а нарыхтоўшчыка такой прадукцыі — за адсутнасць яе ў гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд. Законапраект прыняты з мэтай рэалізацыі прадпісанняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 2025 года № 232 «Аб асаблівасцях пастаўкі пладоваародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб».

Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы, задача нарыхтоўшчыкаў — нарыхтаваць якасную прадукцыю, пастаўшчыкоў — наладзіць рытмічнае стабільнае забеспячэнне пладоваагародніннай прадукцыяй гандлёвыя сеткі, якія ў дастатковым аб’ёме павінны забяспечыць ёй насельніцтва. «Гэта сур’ёзная мера, накіраваная на абарону рынку, стабільнае забеспячэнне насельніцтва харчовай прадукцыяй, чысціню і празрастасць усяго гэтага працэсу», — падкрэсліў сенатар. 

На ўдасканаленне прававой аховы дзяцінства і правоў дзіцяці накіраваны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». На бацькоў ускладаецца абавязак забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Устанаўліваюцца прававыя гарантыі забеспячэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, лекавымі сродкамі і медыцынскімі вырабамі, у тым ліку акулярамі. Асобы, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, а таксама злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў адносінах да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, забароненых у спорце рэчываў і метадаў, будуць пазбаўлены права займацца педагагічнай дзейнасцю з дзецьмі. З грамадзянамі, якія плануюць займацца такой дзейнасцю, наймальнікі будуць праводзіць псіхалагічную гутарку. 

Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння», у прыватнасці, устанаўліваецца парадак выплаты страхавых узносаў у ФСАН у залежнасці ад памеру атрыманага даходу для індывідуальных прадпрымальнікаў, плацельшчыкаў падаходнага падатку. Уводзіцца асаблівы парадак выплаты работадаўцам страхавых узносаў пры выяўленні факту выплаты заработнай платы «ў канвертах». Для работнікаў, якія атрымліваюць такую зарплату, у страхавым стажы для пенсіі будуць улічвацца выплаты з памеру мінімальнай заработнай платы. Органы ФСАН надзяляюцца правам выносіць самастойныя рашэнні аб спагнанні запазычанасці з суб’ектаў гаспадарання.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю