Больш як восем дзесяцігоддзяў наша краіна не ведае, што такое вайна. Тым не менш падзеі Вялікай Айчыннай — а дакладней, яе ўрокі — як ніколі з'яўляюцца актуальнымі.
Сёння мы, нашчадкі народа-пераможцы, павінны адстойваць гістарычную праўду, на якую прэтэндуюць прадстаўнікі шэрагу заходніх краін і за акіянам. Выступаючы на Міжнародным форуме Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які на мінулым тыдні прайшоў у Валгаградзе, Прэзідэнт Беларусі казаў аб тым, што праўда аб Вялікай
Айчыннай вайне — наш шчыт, а памяць аб Вялікай Перамозе — частка нацыянальнай ідэі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы, беларусы, расіяне, народы іншых краін былога Савецкага Саюза павінны, зубамі ўчапіўшыся, трымацца за гэту гістарычную памяць, бо іначай усё вернецца зноў. Каб чарговы раз даць адпор фальсіфікатарам і псеўдагісторыкам, абмеркаваць шляхі захавання і перадачы агульнай гістарычнай памяці, напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Выдавецкім доме «Звязда» прайшоў круглы стол пад назвай «Абаронім нашу Перамогу». У ім прынялі ўдзел кіраўнік грамадскага аб'яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» Мікалай БАРЫСЕНКА, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід КАСІНСКІ, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксандр КАРКАТАДЗЭ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК, намеснік кіраўніка следчай групы Генеральнай пракуратуры па крымінальнай справе аб генацыдзе Сяргей ШЫКУНЕЦ.
— Згодна з Канстытуцыяй, абарона гістарычнай праўды і захаванне памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі. Прыняты законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб генацыдзе беларускага народа». Наколькі своечасовымі з'яўляюцца гэтыя рашэнні ў кантэксце шматлікіх фальсіфікацый падзей Вялікай Айчыннай вайны?
Л. Касінскі: — Прыняцце гэтых заканадаўчых актаў адпавядае тым павевам, што сёння адбываюцца вакол нашай краіны і ў шэрагу заходніх дзяржаў. Паглядзіце, якую ўтапічную прапаганду яны разгарнулі. Захад, які хваліцца (на словах, праўда) сваёй свабодай слова, забараняе сваім палітыкам прымаць удзел у мерапрыемствах па ўшанаванні памяці загінулых у перыяд Другой сусветнай вайны. Часам чую ад нашых людзей, што, маўляў, немцы зусім з глузду з'ехалі. Не трэба абагульняць. Хутчэй асобныя палітыкі Германіі. У нямецкім грамадстве сярод простых людзей вельмі шмат абурэння. З пазіцыі ваеннага чалавека магу сказаць, што імкненне некаторых заходніх палітыкаў сказіць гістарычную праўду, зраўняць камунізм і фашызм, зрабіць іх аднолькава адказнымі за развязванне Другой сусветнай вайны — гэта спроба ўзяць рэванш, абараніць сваіх продкаў, якія не змаглі супрацьстаяць нацыстам і здалі свае краіны, свае народы практычна без бою.
І. Марзалюк: — Дзесьці гэтыя рашэнні былі і запозненыя. Найбольшая хваля фальсіфікацый, калі мы кажам пра гісторыю Беларусі, абрынулася на падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якая з'яўляецца самай вялікай трагедыяй для нашага народа. У альтэрнатыўных канцэптах тыя, хто супрацоўнічаў з немцамі, паказваюцца як людзі, якія шукалі трэці шлях, маніфестуец-
ца цалкам фальшывы погляд на тое, што яны былі супраць Сталіна і Гітлера, шукалі дарогу для незалежнай Беларусі. Па сутнасці, у 1990-х — пачатку 2000-х сцвярджалася, што Вялікая Айчыннай вайна не была для нас Вялікай Айчыннай, а грамадзянскай, што адказнасць за масавае знішчэнне беларускага насельніцтва ляжыць на партызанах, адмаўляўся характар усеагульнай барацьбы беларускага народа, сам факт генацыду. Знішчэнне насельніцтва трактавалася як парушэнне тых ці іншых канвенцый аб вядзенні вайны. Усе гэтыя «тытанічныя» высілкі былі скіраваны толькі на адно — рэабілітаваць тых, хто з'яўляўся «іконай стылю» для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.
М. Барысенка: — У савецкія і постсавецкія часы, нават у гады «халоднай вайны», мы не сустракаліся з такой масавай і шалёнай антыпрапагандай галоўнай ролі СССР у Перамозе падчас Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер гэта супрацьстаянне праходзіць не толькі ў глабальным геапалітычным сэнсе, а пераходзіць ужо на асобныя стратэгічныя, франтавыя, іншыя аперацыі савецкіх і германскіх войск. За апошнія 30 гадоў у грамадскую свядомасць нашых народаў з падачы недабітых нацыстаў і іх былых саюзнікаў па вайне ўпарта ўкараняліся штампы і стэрэатыпы, пастаўленыя на паток з мэтай перапісаць гісторыю, «дэгераізаваць» вайну, рэабілітаваць памагатых гітлераўскіх катаў і апаганіць памяць аб героях, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з фашызмам. Уся гэта прапаганда накіравана на тое, каб максімальна зменшыць значнасць Савецкага Саюза ў дасягненні Перамогі над нацысцкай Германіяй і яе сатэлітамі, аддаючы першынство ЗША і краінам кааліцыі. Але факты і лічбы, скрупулёзна падлічаныя ў канцы вайны, у тым ліку нашымі саюзнікамі (на той час), сведчаць пра адваротнае.
А. Каркатадзэ: — Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў мы ў мемарыяльным комплексе заўважылі, што супраць нашай канцэпцыі аб абароне Брэсцкай крэпасці вядуцца нападкі. Спачатку хаваючыся, а потым адкрыта нашы апаненты пачалі казаць, што абароны Брэсцкай крэпасці насамрэч не было, што гэта савецкі прапагандысцкі міф. А калі і была, то дзеля чаго, па іх словах, трэба было пакідаць там байцоў? Ці не лепей здацца і застацца ў жывых? Такая прапаганда была накіравана найперш на розумы нашай моладзі. Адказам на гэта стала наша даследчая праца, былі выяўлены новыя дакументы, у тым ліку ў нямецкіх крыніцах, створаны новыя экспазіцыі.
С. Шыкунец: — Падзеі постэлектаральнага перыяду 2020 года паказалі, што мы сталі забываць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым умела скарысталіся краіны калектыўнага Захаду, пачаўшы насаджаць розумы і сэрцы, найперш нашай моладзі, інфармацыяй, прасякнутай ілжывымі звесткамі аб Вялікай Айчыннай вайне. Таму востра паўстала пытанне: як ратаваць нашу моладзь? Менавіта ў гэты перыяд і было прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што, па сутнасці, стала прававым бар'ерам на шляху фальсіфікацыі гісторыі. Гэта нацыянальны праект, у аснове якога ляжыць маштабная работа па захаванні гістарычнай памяці. Вынікі расследавання актыўна прымяняюцца ў асноўных сферах дзейнасці дзяржавы: культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай, ідэалагічнай, выхаваўчай, нарматворчай.
— У чым перавагі дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў пытаннях увекавечання памяці загінулых пры абароне Айчыны?
С. Шыкунец: — У работу па абароне гісторыі, расследаванне крымінальнай справы ўключыліся абсалютна ўсе грамадзяне нашай краіны. Не толькі дзяржслужачыя, пракурорскія работнікі, для якіх расследаванне стала даўно грамадзянскім, а не службовым абавязкам. Задзейнічаны ўсе неабыякавыя грамадзяне. Вельмі шмат інфармацыі ад людзей атрымліваем пра раней невядомыя месцы знішчэння і пахавання.
Л. Касінскі: — На розных этапах нашай суверэннай Беларусі адносіны да пошукавай працы грамадскіх пошукавых аб’яднанняў змяняліся. У пачатку 1990-х гадоў, калі панавалі разруха і беззаконне, пошукавая работа вялася ў асноўным так званымі чорнымі капальнікамі. Іх мэтай не было ўвекавечанне памяці. Іх мэтай быў бізнес. Сёння, калі сфарміравана заканадаўства ў сферы пошукавай работы, мы можам казаць аб тым, што ў нас ужо выкрышталізаваўся пошукавы касцяк энтузіястаў, мэта якіх зусім не нажыва, а менавіта захаванне гістарычнай праўды і ўвекавечанне памяці. Таму пазіцыя ваеннага ведамства ў дачыненні да грамадскіх пошукавых аб’яднанняў кардынальна памянялася.
М. Барысенка: — Воляй лёсу пошукавікі апынуліся ў першых шэрагах барацьбы за вяртанне ў сям’ю добрага імя салдата, зніклага без вестак на той вайне. Грамадскія пошукавыя арганізацыі Беларусі працуюць у цесным кантакце з Упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны Узброеных Сіл і 52-м пошукавым батальёнам. Такое супрацоўніцтва апраўдана і дае добрыя вынікі ў пошуку невядомых пахаванняў, устанаўленні лёсаў салдат, увекавечанні іх памяці. Улічваючы, што практычна ўся наша краіна ў гады вайны стала арэнай баёў і ў яе зямлі дагэтуль знаходзяцца сотні тысяч воінаў, імёны якіх па-ранейшаму не вядомы, вырашаць гэту праблему трэба ўсім грамадствам.
— На геапалітычным узроўні разгарнулася сапраўдная бітва за гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, дыскрэдытацыя Вялікай Перамогі стала інструментам інфармацыйнага супрацьборства. Што яшчэ варта зрабіць, каб не прайграць у гэтай бітве? Адзін з найважнейшых крокаў зроблены: мабілізацыя грамадства на захаванне народнага адзінства, нацыянальнай ідэнтычнасці ў кантэксце абясцэньвання ролі беларускага народа ў дасягненні Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — адна з ключавых задач Дырэктывы № 12.
І. Марзалюк: — Калі мы абараняем гістарычную праўду (а мы імкнёмся яе абараніць), не павінны нічога замоўчваць, пазбягаць нязручных пытанняў, аб'ектыўна разважаць у тым ліку на тыя тэмы, дзе, як здаецца на першы погляд, варта памаўчаць. Любое замоўчванне нараджае канцэпцыю недаверу: маладыя людзі думаюць аб тым, што ім нешта недагаворваюць, а значыць, хлусяць. Не варта баяцца паказваць фотаздымкі, кінахроніку такой, якой яна была. У поўнай адпаведнасці з законам. Наш народ супольна з іншымі народамі Савецкага Саюза ўнёс вызначальны ўклад у Вялікую Перамогу. Пра гэта нельга забываць. Мы павінны быць вартымі подзвігу тых, хто і штыком, і пяром змаўгася з акупантамі.
М. Барысенка: — У першую чаргу, мы павінны гуляць у доўгую і працаваць на моладзь. Пры такім масіве інфармацыі з розных крыніц трэба ісці ў народ з максімальна праўдзівай і выверанай гісторыяй вайны. Часта фармалізацыя і імітацыя дзейнасці дзеля справаздач і прыгожых карцінак у інтэрнэце перашкаджаюць рэальнаму ўспрыманню маладымі людзьмі падзей вайны. У аснове павінна быць патрыятычнае выхаванне. Пры гэтым важна ва ўсім прытрымлівацца разумнай прапорцыі, каб праз сучасныя чэленджы, флэшмобы і агітпрабегі са сцяжкамі вайна не здалася маладым людзям легкаважнай прагулкай. Вывучэнне рэгіянальнай гісторыі вайны — адна з галоўных прышчэпак супраць скажэння гістарычнай праўды і памяці аб вайне. З закладзеных у сям'і і школе кавалачкаў ведаў у хлопцаў і дзяўчат складаецца першапачатковае ўспрыманне ўсёй вайны. Вывучэнне яе падрабязнасцяў у архівах, пошукавых экспедыцыях, падчас экскурсій выхавае крытычнае стаўленне да фальшывых сцвярджэнняў іншаземных прыгнятальнікаў.
С. Шыкунец: — Мы цяпер разумеем, што расследаваць крымінальную справу трэба было нашмат раней. За кошт падтрымання нашай грамадзянскай супольнасці ў актуальным стане, інфармавання аб ходзе, выніках расследавання і адбываецца кансалідацыя беларускага грамадства. Чаму менавіта Вялікая Айчынная вайна стала прадметам скажэння, нападкаў з боку еўрапейскіх краін? Адказ — на паверхні. Любую нацыю заўсёды яднае гора. І вось як з'яднаў нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў 80 гадоў таму адзіны патрыятычны парыў абараніць сваю краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, так і ўсіх людзей, народжаных у Савецкім Саюзе, гэта трагічная старонка нашай гісторыі заўсёды яднала, зманалічвала. А перапісаць, сказіць, сфальсіфікаваць, прымусіць сумнявацца — значыць выбіць гэты маналіт з-пад ног, пазбавіць увогуле ўсяго.
Л. Касінскі: — Варта разумець, што калі прайграем у гэтай інфармацыйнай вайне і фальсіфікатары возьмуць верх над намі, то будучыні ў нашага народа не будзе. У нас, беларусаў, памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай — на генетычным узроўні. Таму важна перадаць гэты генетычны матэрыял народа-пераможцы нашаму маладому пакаленню. І гэта атрымліваецца: у нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб мы не прайгралі, а перамаглі ў гэтай вайне. Нягледзячы на тое, што па маштабах, магчымасцях мы супрацьстаім большай колькасці апанентаў, нам удаецца ўтрымліваць наступальныя пазіцыі ў гэтай бітве.
— 80 гадоў беларусы жывуць пад мірным небам, аднак дагэтуль выяўляюцца новыя факты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Чаму важна не спыняць гэту работу і што робіцца для таго, каб аб новых фактах даведалася шырокая грамадскасць?
М. Барысенка: — Трэба папулярызаваць у грамадстве вывучэнне падзей вайны, абапіраючыся на вядомых ваенных гісторыкаў, краязнаўцаў, вакол якіх, як правіла, фарміруецца значнае кола зацікаўленых людзей. Менавіта яны дзякуючы сваім ведам, сканцэнтраваным на адным гістарычным перыядзе, часта робяць адкрыцці, знаходзяць новыя гістарычныя факты. Такіх людзей, а гэта «дрожджы грамадства», трэба выяўляць і падтрымліваць, і тады вывучэннем гісторыі вайны будуць займацца не толькі спецыяльныя навуковыя ўстановы, але і людзі захопленыя, якія робяць гэта не за заробак, а па поклічы сэрца і ўнутранай неабходнасці. Такім чынам мы зможам уцягнуць у папулярызацыю і вывучэнне вайны ўсё грамадства, у якім з часам выпрацуецца калектыўны імунітэт і крытычнае стаўленне да любых відаў скажэння праўды пра вайну, якія нам актыўна навязваюць замежныя «добразычліўцы». Прыкладам таму можа служыць грамадскае аб'яднанне «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру», у шэрагах якога на сёння каля 150 чалавек. За 30-гадовую гісторыю клуба праз яго прайшлі больш за тысячу маладых людзей, якія атрымалі прышчэпку ад бяспамяцтва і загартоўку ў барацьбе за аб'ектыўную праўду аб вайне.
С. Шыкунец: — Расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа працягваецца звыш чатырох гадоў, але ўжо можна казаць аб тым, што маштабы трагедыі ад Вялікай Айчыннай вайны, ад дзеянняў карнікаў і іх памагатых на тэрыторыі нашай зямлі, нашмат большыя, чым лічылася раней. На цяперашні час устаноўлена 12 868 пацярпелых сельскіх населеных пунктаў — пасёлкаў і вёсак, спаленых датла або часткова, у тым ліку разам з жыхарамі. Сярод больш як 3,5 тысячы раней невядомых вёсак, устаноўленых падчас расследавання, — 104 новыя сястры Хатыні. І гэта лічба, як і агульная лічба пацярпелых вёсках, будзе толькі павялічвацца. Устаноўлена больш за сотню раней невядомых лагераў смерці, дзе зверскімі спосабамі знішчаліся мірныя грамадзяне і ваеннапалонныя, больш за 40 раней невядомых карных аперацый, праведзеных на тэрыторыі нашай краіны. Намі дапытана звыш 19,5 тысячы сведак і відавочцаў. Больш за палову з іх — гэта вязні лагераў смерці. З першага дня расследавання мы ў прамым сэнсе слова беглі, спяшаліся заспець іх жывымі. Нават дзеля памяці гэтых людзей, якія перажылі пекла, вызвалілі краіну, аднавілі эканоміку ў кароткія тэрміны, мы павінны абараніць нашу гісторыю. Калі ў народа памяць жыве, то ніхто не асмеліцца замахнуцца на незалежнасць гэтай дзяржавы. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
І. Марзалюк: — На заканадаўчым узроўні зроблены ўсе найважнейшыя захады. Сёння мы павінны займацца сістэмнай навуковай работай. У планах па абароне дысертацый і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, і гістарычных факультэтаў нашых універсітэтаў прыярытэтнымі тэмамі мусяць быць тыя, якія не атрымалі ўсебаковага асвятлення ў навуковай літаратуры. Для папулярызацыі той ці іншай з'явы найперш неабходны фундаментальныя даследаванні. Увасабленне іх у роліках, фільмах, мастацкай літаратуры павінна адбывацца пасля таго, як тая ці іншая тэма прапрацавана навукоўцамі праз прызму архіўных крыніц, каб нас ніхто не абвінавачваў у неаб'ектыўнасці падачы матэрыялу.
А. Каркатадзэ: — Аб тым, што важна не спыняць работу па захаванні гістарычнай памяці, вельмі канкрэтна сказаў наш Прэзідэнт у Валгаградзе. Пытанне гістарычнай памяці, найперш аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, — пытанне выжывання нашага народа. Гэта пытанне захавання нашай незалежнасці. Саюзнікі фашысцкай Германіі яшчэ адкрываюць рот, каб павучаць нас, як нам захоўваць гісторыю. Нам кажуць, што не трэба траўміраваць псіхіку моладзі гэтай тэмай. Але практыка паказала, што трэба. Дзецям трэба расказваць пра жорсткія моманты ў гісторыі нашай краіны, каб яны шанавалі мірны час і разумелі, што за сённяшняе жыццё іх прадзеды аддалі свае жыцці. Працаваць з моладдзю трэба пачынаючы ўжо з дзіцячага садка. У гэтым плане Дырэктыва № 12 вельмі дакладна, адкрыта і гучна абвяшчае аб тым, што ёсць ідэалогія беларускай дзяржавы, што яна заснавана на нашай гісторыі, павазе да яе і мы нікому не дадзім яе ачарніць, сказіць. Выхоўваць можна толькі праўдай.
— Памяць аб Вялікай Перамозе — аснова патрыятычнага выхавання будучых пакаленняў. Якія формы ў сучасных умовах найбольш эфектыўныя?
А. Каркатадзэ: — Класічныя формы выхавання не перастаюць быць актуальнымі. Гэта і праўдзівая, сумленная гутарка з дзецьмі. Як правільна кажа Прэзідэнт, патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. У рабоце па патрыятычным выхаванні важна ўзаемадзейнічаць з музеямі, тэатрамі, установамі адукацыі, што, уласна кажучы, і робіцца. У 1990-х гадах, пасля распаду Савецкага Саюза, наведвальнасць Брэсцкай крэпасці ўпала з мільёна да 58 тысяч. Мы паступова з гэтай «ямы» выкараскаліся, расказваючы людзям, што нельга гэту тэму забываць, здраджваць памяці нашых продкаў. Дзякуючы палітыцы беларускай дзяржавы, асабістай падтрымцы Прэзідэнта, мемарыяльны комплекс стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання. Летась мы ўжо прынялі больш за 600 тысяч чалавек з 29 краін свету, у тым ліку з Кітая, Паўднёвай Амерыкі, ЗША, Заходняй Еўропы, правялі экскурсіі амаль для 13 тысяч груп, што таксама сведчыць аб тым, што людзі перш за ўсё хочуць прыехаць не проста паглядзець музей. Яны імкнуцца знайсці адказы на пытанні, якія іх цікавяць.
С. Шыкунец: — Пракурорскія работнікі сумесна з іншымі спецыялістамі прыйшлі нават у дзіцячы садок. Гэта я пра выхаваўчую работу, забеспячэнне ідэалагічнай пераемнасці пакаленняў. Ген патрыятызму ёсць у кожнага з нас, яго трэба развіць. Таксама працуем з дарослым насельніцтвам, моладдзю. У прыватнасці, нядаўна адбылася агульнанацыянальная прэм'ера кінадылогіі «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі», падрыхтаваная Генпракуратурай сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Фільмы створаны выключна на падставе вынікаў расследавання, матэрыялаў крымінальнай справы, кінафотаархіўных даных, дзе ўсё паказана без купюр. Тут працуе прынцып — «ідзі і глядзі». Палітыка палітыкай, а гэтыя дзве карціны для кінапракату ініцыятыўна запрасілі прадстаўнікі не менш чым 30 краін.
Сярод іх — Літва, Польшча, Германія, Францыя, краіны Лацінскай Амерыкі. Гэта значыць, не толькі ў нашага грамадства, але і ў простага народу ўсяго свету ёсць запыт на праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.
Л. Касінскі: — Галоўнае — знайсці тыя формы, якія цікавыя сучаснай моладзі. Не проста выйсці перад імі і прачытаць лекцыю, а паспрабаваць уцягнуць у дыскусію, прымусіць саміх акунуцца ў пэўныя крыніцы. З дапамогай тых жа гаджэтаў, без якіх сёння практычна нельга абысціся. Мала хто з маладых людзей прачытае трохтомнік ці чатырохтомнік, у якім, несумненна, выкладзены выдатны матэрыял. Трэба паспрабаваць з гэтай літаратуры выціснуць менавіта тое, што варта закласці ў галовы нашай моладзі.
М. Барысенка: — Добры вынік дае ўцягнутасць маладых людзей у пошукавую дзейнасць. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца правядзенне ў такіх месцах экскурсій з падрабязным выкладаннем падзей, якія адбываліся ў гады вайны. Пэўную карысць прыносяць аўтапрабегі па гераічных мясцінах баявых подзвігаў старэйшага пакалення ў гады вайны. Папулярным сярод навучэнскай моладзі Магілёўшчыны стаў праект «Навучыся памятаць», арганізаваны пошукавым клубам «Віккру» і Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці. Дзеці з задавальненнем даследуюць у архівах, музеях і бібліятэках невядомыя падзеі і новыя імёны герояў, прыбіраюць брацкія пахаванні, удзельнічаюць у стварэнні школьных куткоў баявой славы. З 2022 года яны ўстанавілі імёны соцень воінаў Чырвонай Арміі, якія лічыліся зніклымі без вестак. Іх напрацоўкі перадаюцца ў раённыя аддзелы ідэалагічнай работы і па справах моладзі для наступнага ўнясення новых імёнаў у пашпарты пахаванняў і на брацкія магілы.
І. Марзалюк: — Цалкам згодны з нашым Прэзідэнтам, які на форуме ў Валгаградзе сказаў аб тым, што не трэба абмяжоўваць паказ дакументальных жудасных кадраў, хронік дзецям і моладзі. У абавязковым парадку кожнае дзіця, кожны беларускі падлетак, асабліва калі ідзе яго сталенне як асобы, мусіць на свае вочы праз прызму тых кінахронік, экспазіцый пабачыць, што такое абсалютнае адмаўленне чалавечай існасці, што такое фашызм. Не трэба баяцца паказваць фотаздымкі з мэбляй, зробленай з чалавечых костак і абцягнутай скурай, іншыя рэчы, якія друкаваліся ў тамах Нюрнбергскага працэсу. Трэба паказваць, пра гэта казаць, бо памяць чалавечая хуткацечная, і калі мы не будзем расказваць пра тое, як знішчалі нашу самабытнасць, імкнуліся ў прамым сэнсе сцерці з твару зямлі Беларусь разам з яе насельніцтвам, на змену гэтай жудаснай праўдзе прыходзяць хлуслівыя міфы пра «герояў», якія нібыта змагаліся за іншую праўду. Мы павінны абараняць сваё права на сваю гістарычную памяць, свае трактоўкі той вайны і подзвігу нашага народа. А подзвігі беларусы здзяйснялі каласальныя.