Top.Mail.Ru

Абед прэміум-класа для Шарыка і Муркі

Супрацоўнікі Інстытута мяса-малочнай прамысловасці распрацавалі айчынныя сухія мясныя прадукты і кармы прэміум-класа з іх выкарыстаннем для хатніх жывёл.


Сёння доля айчынных кармоў для хатніх жывёл на беларускім рынку — усяго каля 10 %. У асноўным гэта прадукцыя эканом-класа, у склад якой уваходзіць мясакосная мука. Кармоў прэміум-класа для хатніх гадаванцаў з выкарыстаннем айчынных сухіх мясных прадуктаў да нядаўняга часу ў Беларусі наогул не выраблялі.

Сухую мясную сыравіну і мясазмяшчальныя экструдзіраваныя кармы з яе выкарыстаннем даводзілася закупляць у Расіі, Кітаі і іншых краінах. Гэта абыходзілася дорага. І вось кіраўніцтва аднаго з лідараў галіны — Жабінкаўскага камбікормавага завода — звярнулася ў Інстытут мяса-малочнай прамысловасці з просьбай распрацаваць айчынныя сухія мясныя прадукты і кармы прэміум-класа для хатніх жывёл з уключэннем у рэцэптуры дадзенай сыравіны.

— Два гады мы працавалі над задачай па імпартазамяшчэнні, — расказвае загадчыца аддзела новых тэхналогій і перапрацоўкі водных біярэсурсаў РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці», кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Ірына КАЛТОВІЧ. — У выніку разам з Жабінкаўскім камбікормавым заводам запусцілі лінейку экструдзіраваных кармоў прэміум-класа для дарослых сабак буйных, сярэдніх і дробных парод і дарослых катоў. Таксама мы распрацавалі айчынную тэхналогію сухіх мясных прадуктаў, якая ўжо ўкараняецца ў вытворчасць.

У сухіх мясных прадуктах — больш за 70 % бялку, поліненасычаныя тлушчавыя кіслоты (больш за 11 %), шмат карысных мінеральных рэчываў (магній, натрый, цынк, жалеза, калій). Дзякуючы гэтаму кармы, якія змяшчаюць дадзеную сыравіну, забяспечваюць паўнавартаснае, збалансаванае харчаванне для хатніх гадаванцаў.

Шарыкі і Муркі неўзабаве змогуць ацаніць прадукт, створаны пры дапамозе айчынных вучоных. А гаспадары скажуць навукоўцам «дзякуй» за тое, што ўтрыманне хатніх жывёл абыходзіцца цяпер прыкметна танней.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю