Top.Mail.Ru

Абітурыент: дзякуючы мэтаваму накіраванню я атрымаю любімую прафесію і буду працаваць там, дзе хачу

Дзякуючы мэтаваму накіраванню на падрыхтоўку спецыяліста я атрымаю любімую прафесію і буду працаваць там, дзе хачу, — у роднай школе. Пра гэта паведаміў выпускнік педагагічнага класа сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Максім Жылевіч.



Малады чалавек з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, грамадствам і палітыкай. «Гэтыя сферы жыцця вельмі важныя для сучаснага чалавека. Гэтаму трэба вучыць маладое пакаленне», — лічыць Максім Жылевіч. 

Выпускнік будзе першым педагогам у сям’і. Паводле яго слоў, стаць настаўнікам вырашыў даўно, таму паступіў у педклас, атрымаў мэтавае накіраванне і ўжо падаў дакументы ў БДПУ. «Узяць мэтавае было нескладана, у мяне ўсё атрымалася літаральна за некалькі дзён. Аднойчы я падумаў над тым, дзе хачу працаваць у будучыні, і зразумеў, што гэта мая родная школа. Я падышоў да дырэктара сваёй установы адукацыі, расказаў яму пра сваё жаданне. У школе мне дапамаглі, расказалі, куды звяртацца, якія дакументы неабходныя. Мэтавы дагавор мы падпісвалі разам з бацькам. Вось і ўсё, цяпер я мэтавік», — падзяліўся радаснымі чаканнямі абітурыент.

Малады чалавек паспяхова прайшоў сумоўе, па выніках якога мэтавікі паступаюць ва ўніверсітэт. «Пяцігадовая адпрацоўка мяне не палохае, я ўжо вёў урокі ў малодшых класах падчас педпроб, якія былі ў школе, таму я ведаю, што такое праца настаўніка. Я атрымаю любімую прафесію, прыйду працаваць у родную школу, пяць гадоў праляцяць хутка і з карысцю», — упэўнены Максім Жылевіч.

Бацька абітурыента Леанід Жылевіч адзначыў, што сям’я дала сыну поўную свабоду ў выбары прафесіі. «Мы падтрымалі яго рашэнне, ён ішоў да гэтага вельмі даўно. Заканчваючы 9-ы клас, сын сказаў, што хоча быць педагогам. Ён шмат займаўся самастойна, наведваў усе заняткі па профільным факультатыве, прычым на базе не сваёй школы, не прапускаў іх ніколі, — з гонарам кажа бацька. — Мы бачылі, што гэта яго свядомы выбар. Ён захацеў так, значыць, няхай будзе так. Ён стане першым педагогам у нашай сям’і, пачынаючы з прабабуль. Я па прафесіі маляр, а яго мама — кантралёр прадукцыі медыцынскага прызначэння. І мы вельмі рады, што сын атрымае такую ганаровую прафесію — настаўнік».

Установы вышэйшай адукацыі Беларусі завяршаюць сёння прыём дакументаў ва ўладальнікаў мэтавых накіраванняў. З 4 па 10 ліпеня ў ВНУ пройдуць унутраныя ўступныя іспыты, і па 12 ліпеня адбудзецца залічэнне абітурыентаў-мэтавікоў на выбраныя імі факультэты.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю