Top.Mail.Ru

Абласное дабрачыннае навагодняе свята ў Віцебску сабрала амаль тысячу дзяцей

Год, які падыходзіць да завяршэння, быў плённым для ўстаноў адукацыі паўночнага рэгіёна. Завершана будаўніцтва двух дзіцячых садкоў у абласным цэнтры і Наваполацку, рамонт і рэканструкцыя шэрагу школ. Ён таксама адзначаны набыццём школьных аўтобусаў, мэблі, мультыбордаў і спартыўнага інвентару, абсталяваннем камп’ютарных класаў. Навучэнцы годна прадстаўлялі Віцебшчыну на прадметных алімпіядах, творчых конкурсах і фестывалях, спартыўных спаборніцтвах. 2025-ы стаў годам адкрыццяў, карысных і цікавых спраў. 


Іх творцы — каля 950 лепшых вучняў ва ўзросце 8-14 гадоў — сабраліся на абласной ёлцы ў канцэртнай зале «Віцебск» у рамках акцыі «Нашы дзеці». Госці — выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў, актывісты, дзеці з прыёмных і шматдзетных сем’яў. Іх вабілі шматлікія гульнявыя, забаўляльныя і выставачныя пляцоўкі, майстар-класы, фотазоны. 

Падзяліць свята з дзецьмі прыйшлі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч і старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Віншуючы юных удзельнікаў маштабнага мерапрыемства, ён падбадзёрыў іх, назваўшы найлепшымі з лепшых, гонарам і надзеяй Радзімы. 

— Тое, што кіраўнікі вобласці, такія занятыя людзі, знайшлі час, каб павіншаваць дзятву, гаворыць аб павазе да нас, надзеях на нас, — падзялілася думкамі вучаніца 7 класа СШ № 2 Новалукомля імя Ф. Ф. Азміцеля Марыя Цішонак. — Мы — будучыня сваёй краіны, і такая ўвага да нас матывуе. Я, напрыклад, з’яўляюся членам сцягавай групы піянерскай дружыны, з задавальненнем вывучаю беларускую і рускую мовы, люблю маляваць. Мае навагоднія жаданні звязаны з мірам, здароўем і шчасцем для ўсіх людзей. 

Яркімі момантамі святочнай праграмы сталі інтэрактыўны мюзікл «Калейдаскоп уяўлення» і ўручэнне салодкіх падарункаў ад Дзеда Мароза і Снягуркі. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, 

фота з адкрытых крыніц.

Чытайце таксама: Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Віцебску адкрыецца 21 снежня

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю